У Вільні ў 160-ую гадавіну забойства Кастуся Каліноўскага асвяцілі помнік удзельнікам паўстання 1863 года


Помнік «Ушанаванне Студзеньскага паўстання ў Вільні» на тэрыторыі Францішканскага кляштару ў літоўскай сталіцы асвяцілі 22 сакавіка. Менавіта ў гэты дзень у 1864 годзе Кастуся Каліноўскага пакаралі смерцю, піша Reform.by.

У Вільні асвяцілі помнік удзельнікам паўстання 1863 года. Вільня, Літва. 22 сакавіка 2024 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

Ініцыявалі стварэнне памятнага манументу манахі Францішканскага кляштару, якія атрымалі на гэтую мэту падтрыманне Польскага нацыянальнага фонду.

Гэта першы помнік Кастусю Каліноўскаму ў поўны рост у Вільні. Сюжэт паўтарае стары малюнак, на якім увасобленыя тры паўстанцы і манах з узнятым крыжам.

Фота: Ганна Русінава / Белсат
Фота: Ганна Русінава / Белсат

Тры паўстанцы – Кастусь Каліноўскі, Зыгмунт Серакоўскі і Цітус Далеўскі. Менавіта іхныя парэшткі былі знойдзеныя на гары Гедзіміна ў Вільні і перапахаваныя ў 2019 годзе. На пярэднім плане мемарыялу – Кастусь Каліноўскі на каленях, за ягонаю спінаю – Серакоўскі, яны абодва з паднятымі ў жэсце клятвы рукамі. Крыху далей стаіць Далеўскі, які збіраецца вось-вось далучыцца да паплечнікаў. Паводле сюжэту помніку, усе трое прымаюць прысягу на вернасць Богу і Айчыне перад статуяй Маці Божай Беззаганнай. Копію гэтай статуі таксама асвяцілі падчас цырымоніі.

На месцы, дзе ўсталяваны помнік, за паўгода да пачатку паўстання 1863 года прайшлі антырасейскія мітынгі віленскіх манахаў-францішканаў, якія потым падтрымалі паўстанне. Пасля здушэння паўстання кляштар адразу быў закрыты, у яго будынку расейскія ўлады зрабілі турму.

Фота: Ганна Русінава / Белсат
Фота: Ганна Русінава / Белсат

Усіх трох паўстанцаў – Каліноўскага, Серакоўскага і Далеўскага – пакаралі смерцю і пахавалі пад гарою Гедзіміна ў Вільні. Яны былі выяўленыя выпадкова ў часе раскопак і ў 2019 годзе ўрачыста перапахаваныя ў капліцы на старых віленскіх могілках Росы.

Анонс
Топ-10 міфаў пра Кастуся Каліноўскага, «ворага № 1 маскоўскай прапаганды ў Беларусі»
2024.03.22 13:00

Помнік паставілі на сродкі Польскага нацыянальнага фонду, створанага за часоў кіравання партыі «Закон і справядлівасць». У Літве Польскі нацыянальны фонд дапамагаў рэстаўраваць пафранцішканскі касцёл, які лічыцца польскім сэрцам Вільні. Гэтая акалічнасць абурыла літоўцаў у сацыяльных сетках, піша «Наша Ніва». Літоўцы пабачылі ў дзейнасці польскай арганізацыі ў Вільні непажаданае ўварванне. Таксама крытыкуецца нізкі мастацкі ўзровень выканання скульптураў.

Reform.by звярнуўся да экспертаў з пытаннем наконт дакладнасці ўвасобленых гістарычных дэталяў.

«Дзіўна, што герб на адзенні Каліноўскага – з каронаю. Чырвоныя якраз гэтую карону не ўспрымалі, бо патыхала манархізмам, і таму, напрыклад, на сваіх пячатках яны гэтай выявы пазбягалі. Аднак выдатна, што помнік будзе, бо гэта яшчэ адна нагода згадаць герояў паўстання. І дзень абраны з павагаю да постаці Каліноўскага», – зазначыў неназваны эксперт выдання.

25 сакавіка ў эфіры каналу і жывой трансляцыі на «Белсат News» а 22:25 менскага часу (а 20:25 варшаўскага) будзе паказаны новы фільм «Легенда Кастуся Каліноўскага». Ён апавядае міфы пра асобу Каліноўскага, а таксама адлюстроўвае погляды на постаць нацыянальнага героя журналісткі Вольгі Швед, аўтаркі фільму «Кастусь Каліноўскі» (глядзіце на тэлеканале «Белсат» 24 сакавіка а 14:40 менскага часу), гісторыкаў Алеся СмаленчукаТамары Байрашаўскайце (Tamara Bairašauskaitė) і Васіля Герасімчыка.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў