Людзей не хапае настолькі, што тым хто ёсць, давядзецца працаваць больш – указ Лукашэнкі


Улады Беларусі прынялі новы закон, які дазволяць прыцягваць працаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў да працы ў выходныя і пасля змены. Фармальна яны самі павінны на гэта пагадзіцца, але апытаныя «Белсатам» эксперты мяркуюць, што ніякім правам выбару там і не пахне. Але для чаго агулам прымаецца такі дакумент, якія ў яго мэты і прычыны?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віталь Гіль / 1prof.by

У прамысловых арганізацыях цяпер можна будзе павялічваць ліміт звышурочных работ і работ у выхадныя дні. Адпаведны ўказ №105 21 сакавіка падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Удакладняецца, што дакумент прыняты для таго, каб максімальна задзейнічаць працоўныя рэсурсы «для аператыўнага вырашэння важнейшых стратэгічных задач у вытворчасці».

Настасся Лузгіна, экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC, мяркуе, што асноўнай прычынай прыняцця гэтага ўказу з’яўляецца дэфіцыт кадраў, які ў тым ліку ўплывае і на рост ВУП.

«Мы назіраем, што скарачаецца колькасць людзей, занятых у эканоміцы. Новых у нас людзей няма, іх становіцца, наадварот, менш. І адна з мераў, якія прыдумала дзяржава, – гэта ўзяць і павялічыць колькасць звышурочных дзён. Гэта, мне падаецца, асноўны пасыл, які ідзе разам з тым, што ў нас суперсмелыя планы на рост ВУП», – адзначыла эканамістка ў каментары «Белсату».

Яна падкрэсліла, што на забеспячэнне занятасці скіраваныя і іншыя дзеянні ўладаў у гэтай галіне. Сярод іх – «стварэнне некамфортных умоваў, дадатковых выдаткаў» для людзей, якія нідзе не працуюць.

Ці атрымаюць работнікі дадатковыя сродкі за звышурочную працу, будзе залежыць ад канкрэтнага прадпрыемства, мяркуе Лузгіна. Сам жа ўказ, паводле яе, стварае для іх большае поля для манеўранасці прамысловых прадпрыемстваў.

«Напрыклад, у іх ідзе добрая загрузка, але людзей зараз наняць няма магчымасці, таму можна прыцягнуць тыя рэсурсы, якія ёсць. З аднаго боку гэта дадатковыя затраты, а з другога – не трэба наймаць новых. Давайце мы трошкі напружым нашых працаўнікоў, каб яны яшчэ выходныя папрацавалі. Пры гэтым не трэба афармляць ці звальняць потым нейкіх новых людзей, шукаць іх недзе», – сказала эканамістка.

Расейская абаронка хоча больш паставак?

Лузгіна не выключыла, што новы ўказ таксама можа быць прыняты з прычыны працы беларускіх прадпрыемстваў на вайсковыя патрэбы суседняй Расеі, якой патрэбная дадатковая прадукцыя для працягнення вайны. Аднак, дадала яна, у любым разе не ўся беларуская прамысловасць працуе на вайсковую прамысловасць РФ, а дакладная доля тых, хто на яе ўсё ж працуе, невядомая. Указ жа датычыць усёй прамысловасці.

На думку эканамісткі, праца на расейскую вайсковую прамысловасць можа быць адной з прычынаў прыняцця ўказу, але першасная мэта – усё ж рост ВУП.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

«Я думаю, што асноўны пасыл – гэта тое, што проста людзей у нас мала. А там, як ужо працуюць прадпрыемствы, на што яны працуюць? На Расею альбо на ўнутраныя нейкія замовы – гэта ўжо другі момант», – мяркуе Лузгіна.

Прафсаюзы не абароняць

Паводле ўказу, даць больш звышурочнай працы наймальнік зможа толькі ў тым выпадку, калі на гэта пагодзяцца прафзвяз і самі працаўнікі. Дарэчы, калі ў арганізацыі няма прафзвязу, то і дзеянне ўказа на яе не распаўсюджваецца. Калі ўсе згодныя, рашэнне наймальніка замацоўваецца ў лакальным прававым акце. Аднак Лузгіна сумняваецца ў тым, што беларускія прафсаюзы здолеюць абараніць працаўнікоў:

«У некаторых прадпрыемствах можа стварыцца такая сітуацыя, што людзей проста будуць ставіць перад фактам».

Наадварот, на думку эканамісткі, указ стварае дадатковую магчымасць для ціску на працаўнікоў.

Падобнай думкі прытрымліваецца і Дзяніс Садоўскі, прадстаўнік незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі ды адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Паводле яго, падпісаны ўказ робіць працаўнікоў у Беларусі яшчэ больш бяспраўнымі, хоць і раней было практычна немагчыма адстойваць свае правы, асабліва пасля 2020 года, «калі стала не да законаў».

Садоўскі падкрэсліў у размове з «Белсатам», што ў краіне ўсе незалежныя прафсаюзы былі знішчаныя.

«А дзяржаўны прафсаюз – гэта фікцыя. Ніякага дачынення да адстойвання правоў працоўных ён не мае. Ён выконвае функцыю кантролю і нават часцяком аказвае ціск на працоўных», – заявіў ён.

На яго думку, з дапамогай шантажу і пагрозаў звальненняў працоўных будуць прымушаць даваць згоду на звышурочную працу ці працу ў выходныя.

«Таму на паперы гэта гучыць, што такая мера павінна быць узгодненая з працаўніком і прафсаюзам, а на практыцы працадаўца зможа патрабаваць ад работнікаў працаваць звыш нормы. Гэта замацоўваецца цяпер заканадаўча», – падкрэсліў Садоўскі.

Нагадаем, што з 1 студзеня 2024 года набыў моц абноўлены Працоўны кодэкс (ПК). Змяненні закранулі больш як 80 артыкулаў. А з 3 студзеня ў Беларусі існуе і новая Канцэпцыя дзяржаўнай кадравай палітыкі.

Аналітыка
Дакумент пісалі не эканамісты, а КДБ. Як у Беларусі будуць па-новаму працаваць з кадрамі
2024.01.23 06:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў