Найміты ХХІ стагоддзя: як ваююць прыватныя вайсковыя кампаніі


З 2014 года расейскія медыі шмат пісалі пра наймітаў, якія быццам бы ваююць супраць «ДНР» і «ЛНР». Потым аказалася, што доказаў працы наймітаў на ўкраінскай службе няма, аднак якраз з расейскага боку ва Украіне, у Сірыі, у Лівіі шырока выкарыстоўваюцца найміты з групы Вагнэра і іншых падобных арганізацыяў. І гэтага факту акурат ніхто не хавае. За апошнія 20–30 гадоў прыватныя вайсковыя кампаніі (ПВК) сталі важным элементам як у міжнароднай палітыцы, гэтак і на многіх войнах – ад Іраку і Афганістану да Афрыкі. Паспрабуем разабрацца ў міфах, што склаліся вакол ПВК, і адасобіць «ПВК здаровага чалавека» ад «ПВК курца».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт кампаніі «XE» («Academi») скідае харчы вайскоўцам ЗША ў Афганістане. Лістапад 2007 года.
Фота: Spc. Micah E. Clare / The U.S. Army / Flikr

Заняпад і росквіт

Людзі ваявалі за грошы яшчэ ў далёкай старажытнасці: і грэцкія полісы, і егіпецкія фараоны, і рымскія імператары, і сярэднявечныя каралі наймалі пры патрэбе тыя ці іншыя аддзелы стралкоў, конніцы ці цяжкой пяхоты.

Аднак у канцы XVIII стагоддзя сітуацыя пачала мяняцца. Еўрапейскае грамадства вырасла з саслоўных абмежаванняў, згодна з якімі менавіта шляхта як вайсковая эліта мусіць ваяваць. Ідэі нацыяналізму прывялі да таго, што вайсковая служба паступова рабілася абавязкам кожнага грамадзяніна ці падданага.

Вялікія прызыўныя арміі (рушэнні) вызначалі вынік любога буйнога канфлікту апошніх 200 з лішкам гадоў – ад Напалеонаўскіх войнаў да Другой сусветнай вайны. І цяпер хрыбетнік украінскага войска, што паспяхова абараняе радзіму, пераважна складаюць людзі, якія прайшлі праз прызыў і вайну на Данбасе, што пачалася ў 2014 годзе.

Чаму ж паўстаў феномен ПВК за апошнія дзесяцігоддзі?

У 1990-х гадах, пасля халоднай вайны, у краінах NATO і былога Варшаўскага блоку зʼявілася шмат звольненых са службы вайскоўцаў. Адначасова са зніжэннем міжнароднай напружанасці заходнім палітыкам было ўсё складаней апраўдваць перад выбарцамі страты сярод салдатаў нацыянальных узброеных сілаў. Да здароўя і жыцця «жаўнераў удачы», якія мэтава наймаюцца для выканання дзяржаўных ці камерцыйных задачаў, грамадства ставіцца значна прасцей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працаўнік кампаніі «G4S». Крыніца: G4S / Facebook

Акрамя таго, рэгулярныя заходнія арміі не маглі дзейнічаць на чужой тэрыторыі для абароны чыста камерцыйных інтарэсаў – для абароны жыцця працаўнікоў і маёмасці замежных кампаніяў ад крыміналу і тэрарызму трэба было выкарыстоўваць іншыя сілы.

Бум жа попыту на каляваенныя паслугі з’явіўся пасля 11 верасня 2001 года, калі ў адказ на масавую гібель сваіх грамадзянаў ЗША пачалі барацьбу з тэрорам у сусветным маштабе.

Некалькі гадоў таму агульны абʼем кантрактаў ПВК складаў больш за $ 100 млрд, а колькасць працаўнікоў легальных кампаніяў перавышае 50 000 асобаў.

Як дзейнічаюць легальныя ПВК

Рэч у тым, што «ПВК здаровага чалавека» практычна ніколі не замяняюць сабой армейскіх войскаў – мотастралковых, танкавых, артылерыйскіх і г. д. Гэта надта неэфектыўна.

Можна з упэўненасцю сказаць, што кіраўніцтва класічных ПВК і тыя, хто іх наймаюць, ніколі не разглядалі гэтых кампаніяў як інструменту вядзення вайны супраць хоць колькі значных дзяржаўных ці нават недзяржаўных узброеных сілаў. Кантрактнік ПВК, такой як «Academi» (былой «Blackwater»), «Triple Canopy», G4S, «DynCorp International», «Erinys International», можа трапіць на поле поўнамаштабнага бою толькі выпадкова – напрыклад, калі вайсковы аддзел, дзе ён быў інструктарам, стала ахвярай нечаканага ўдару праціўніка.

Для чаго ж кантрактнікі патрэбныя быццам бы куды больш магутным і цяжкаўзброеным дзяржаўным структурам?

Для дзяржаўных структураў, якія даюць вялікую долю кантрактаў ПВК, гэта сродак хутка пераадолець праблемы і спецыфічныя вузкія задачы, у якіх дзяржаўныя структуры не маюць дастатковай колькасці падрыхтаваных спецыялістаў. Гэтак, ПВК можа атрымаць кантракт на захаванне кібербяспекі ці прыватнай аховы для дыпламатаў, на набор перакладчыкаў для сувязі з войскамі хаўруснікаў.

Возьмем для прыкладу вельмі распаўсюджаны выпадак часу антытэрарыстычнай вайны ў Іраку пасля 2003 года. Маем нафтавы абʼект, што трэба ахоўваць ад магчымага нападу баевікоў. Аднак армія ЗША лічыць абсалютна бессэнсоўным звязваць дарагі ва ўсіх сэнсах слова і магутны механізаваны батальён рэгулярнай арміі пасіўнай аховай і патруляваннем.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Інструктар кампаніі «Triple Canopy» вучыць амерыканскіх жаўнераў абыходжанню з трафейнай зброяй у Іраку, 2011 год.
Фота: Sgt. John Couffer

Замест гэтага наймаецца ПВК, тая, у сваю чаргу, хутка наймае на вольным рынку вакансіяў людзей з досведам вайсковай ці паліцэйскай службы, якім дастаткова мець лёгкую пяхотную зброю і не трэба цяжкой бранятэхнікі ці артылерыі. У выніку армейскі батальён захоўваецца як адзіная мабільная баявая адзінка для актыўных дзеянняў супраць баевікоў, а абʼект, што патрабуе стацыянарнай абароны, атрымлівае адносна недарагую ахову. Калі на абʼект нападае сіла, з якой звычайныя ахоўнікі не могуць даць рады, яны выклікаюць падтрыманне арміі.

Такая схема цалкам пацвердзіла сваю эфектыўнасць у Іраку, дзе амерыканцы і іхныя хаўруснікі перамаглі ісламісцкае падполле, камбінуючы ахоўныя захады з выкарыстаннем ПВК і наступальныя дзеянні арміі і сілаў спецыяльнага прызначэння.

Гэткім жа чынам ПВК дае магчымасць вайскоўцам ці іншым дзяржструктурам хутка наняць, а потым хутка звольніць рознага роду інструктараў, рамонтнікаў рэдкай тэхнікі, аналітыкаў, знаўцаў у той ці іншай вузкай сферы.

Такія ПВК і іх працаўнікі маюць падрабязна прапісаныя кантракты, гарантыі і заробкі, якія запэўніваюцца ўсёй дзяржаўнай юрыдычнай сістэмай.

«ПВК курца»

Вядомыя з прэсы расейскія ПВК дзейнічаюць зусім іншым чынам. Па сутнасці, група Вагнэра і яе магчымыя клоны – гэта нелегальныя ўзброеныя фармаванні пры той ці іншай дзяржаўнай структуры. Фармальна яны не існуюць. Але тая ж група Вагнэра атрымлівае рыхтаванне і зброю на базах падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння Расеі і выконвае задачы ў інтарэсах Крамля.

Гэтую групу, куды набіралі людзей з досведам службы ў расейскай арміі і спецслужбах, кідалі туды, дзе расейскія баевікі на Данбасе не маглі справіцца з украінскай арміяй. Менавіта з дзеяннямі «вагнэраўцаў» звязваюць знішчэнне тых лідараў прарасейскіх баевікоў, якія аказаліся занадта папулярнымі і слабападкантрольнымі Маскве: Ішчанкі, Мазгавога, Дромава, Бяднова.

Рэпартаж пра паразу групы Вагнэра ў Сірыі пад горадам Хашам. Крыніца: Радіо Свобода Україна

«Куды мне вяртацца?.. Паўтарыць лёс Мазгавога, забітага невядомай украінскай дыверсійна-выведнай групай, хоць любы ідыёт у Луганскай рэспубліцы ведае, што да гэтага прыклала руку… выдатнае падраздзяленне ПВК Вагнэра?» – казаў на відэа Ігар Гіркін (Стралкоў), кіраўнік баевікоў на Данбасе ў 2014 годзе.

Калі вайна на Данбасе стала пазіцыйнай, а ў 2015 годзе пачалася адпраўка расейскіх войскаў у Сірыю, там зʼявіліся і «вагнэраўцы» – нелегальная частка расейскай арміі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы ПВК «Вагнэра» ў Сірыі.
Фота: СБУ

Мінабароны РФ хавае смерці сваіх афіцэраў і жаўнераў ва Украіне і Сірыі, што ўжо казаць пра абавязак паведамляць пра смерць нейкіх «прыватных асобаў», якія працавалі ў арганізацыі-мутанце, народжанай пад наглядам спецыялістаў у гібрыднай вайне.

Фінансаванне расейскіх ПВК – гэта звышкарупцыйная сфера, дзе людзям (ці семʼям у выпадку гібелі кармільца) амаль заўсёды плацяць наяўнымі, а адсачыць дзяржаўныя выдаткі на такія структуры проста немагчыма.

Расея сама стварыла тое, у чым рэгулярна вінаваціла Захад, – нелегальнае войска з некалькіх тысяч асобаў, часта сацыяльных маргіналаў, якія выкарыстоўваюцца як гарматнае мяса, каб кіраўніцтва краіны магло казаць, што «расейскіх вайскоўцаў там няма».

АБ belsat.eu

Стужка навінаў