Судзяць двух дзеўчын. Пацярпелых – пяцёра амапаўцаў, якія схавалі свае твары і імёны


У Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволеных сясцёр Вікторыі і Анастасіі Міронцавых. Трэцяя іх сястра пакінула краіну.

У залю, паведмаляе TUT.BY, змаглі патрапіць адзінкі. Вінаваты нібыта COVID-19.

Вікторыя і Анастасія Міронцавы.
Фота: TUT.BY

Сёстры Міронцавы выглядаюць бадзёра і не губляюць пачуцця гумару.

Вікторыі – 26 гадоў, па адукацыі – мастак-настаўніца, да затрымання працавала бармэнам у рэстаране.

Анастасіі – 24 гады. Яна студэнтка шостага курсу Акадэміі мастацтваў. На пытанне суда, ці ёсць у яе хтосьці на ўтрыманні, з усмешкай заяўляе: «Коцікі».

Выкрыквалі лозунгі, пляскалі ў далоні

Першай зачыталі абвінавачванне Анастасіі. Паводле яго, вечарам 10 жніўня Анастасія знаходзілася ў групе грамадзянаў, якія выкрыквалі лозунгі і гучна пляскалі ў далоні. Прадстаўнікі ўлады запатрабавалі іх спыніць гэтыя дзеянні і вызваліць праезную частку, пешаходную і зялёную зоны. Аднак людзі не сталі гэтага рабіць.

Усё гэта, паводле версіі следства, прывяло да працяглага парушэння грамадскага спакою, блакавання грамадскага і іншага транспарту, перашкаджала нармальнай працы прадпрыемства «Менсктранс», а таксама выкананню службовых абавязкаў прадстаўнікоў улады.

Анастасіі выстаўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК РБ («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады»).

Hавiны
5 галоўных пытанняў пра палітычных вязняў
2021.03.21 16:23

Акрамя таго, дзяўчыну абвінавачваюць паводле арт. 364 КК РБ («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

У той жа вечар, па версіі следства, яна ўжыла гвалт да некалькіх супрацоўнікам міліцыі. Так, напрыклад, яна здзейсніла «не менш аднаго захопу ў дачыненні да правай рукі (супрацоўніка Цімафеева) у вобласці локцевага сустава». З-за ўтрымання і неаднаразовых удараў рукамі Цімафееў упаў.

– Прызнаю 364-ы [артыкул], 342-і не прызнаю, – пракаментавала абвінавачванне Анастасія.

Абвінавачванне Вікторыі прад’яўлена па трох артыкулах КК.

Першае – па ч. 1 арт. 342 КК. Паводле версіі следства, 14 ліпеня яна «прыняла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады».

Вікторыя Міронцава.
Фота: TUT.BY

Дзяўчына з іншымі людзьмі выкрыквала лозунгі, яны гучна пляскалі ў далоні. На просьбу супрацоўнікаў спыніць масавае мерапрыемства грамадзяне не рэагавалі.

– У мэтах перашкоджвання выкананню супрацоўнікамі МУС іх службовых абавязкаў [Вікторыя] аказвала псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне на супрацоўнікаў АМАПа, – зачытаў дзяржабвінаваўца, а таксама, адзначыў ён, пры затрыманні дзяўчына знаходзілася ў счэпцы локцямі.

У гэты ж вечар, працягнуў дзяржабвінаваўца, яна аказала супраціў супрацоўніку ўнутраных спраў. Па словах пракурора, Вікторыя не падпарадкавалася законнаму патрабаванню прадстаўніка ўлады прайсці для складання пратаколу. Яна ўпіралася нагамі ў зямлю, а таксама здзяйсняла дзеянні, у тым ліку, для вызвалення ад захопу супрацоўнікам АМАПу. У сувязі з гэтым ёй прадʼяўленае абвінавачванне па ч.1 арт. 363 КК («Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак»).

Трэці артыкул тычыцца падзеяў 10 жніўня. Увечары дзяўчына знаходзілася «на праезнай частцы аўтамабільнай дарогі» праспекта Пераможцаў.

Hавiны
У краіне – два новыя палітвязні. Яны пацярпелі за свабоду выказвання меркавання
2021.03.22 22:06

– Дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена з групаю асобаў, прыняла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, – зачытаў дзяржабвінаваўца. Гэта прывяло да парушэння працы транспарту і прадпрыемства «Менсктранс». – З мэтай перашкодзіць выкананню супрацоўнікамі УУС службовых абавязкаў аказала фізічнае і псіхалагічнае ўздзеянне на супрацоўнікаў АМАПу пры затрыманні імі правапарушальнікаў. Публічна выкрыквала правакацыйныя лозунгі. Сваімі наўмыснымі дзеяннямі яна здзейсніла злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 342 КК.

Акрамя таго, працягнуў дзяржабвінаваўца, у той вечар Вікторыя ўжыла гвалт да некалькіх супрацоўнікаў УУС. Ёй прадʼяўленае абвінавачванне па артыкуле 364 КК РБ.

– [Яна ўжыла гвалт] у дачыненні да Кузняцова, які выявіўся ў ажыццяўленні не менш аднаго захопу яго правай рукі ў вобласці локцевага сустава, парушыўшы цялесную недатыкальнасць, прычыніўшы названаму супрацоўніку АМАПу фізічны боль, а таксама забяспечыўшы неўстаноўленай асобе магчымасць пазбегнуць затрымання, – агучыў адно з дзеянняў Вікторыі пракурор.

– Я прызнаю толькі тое, што 14 ліпеня я далучылася да акцыі пратэсту, – сказала Вікторыя, адзначыўшы, што абвінавачванне прызнае часткова.

«Думаю, дзяўчаты аступіліся»

Пацярпелых на працэсе пяцёра. Усе – супрацоўнікі міліцыі, іх дадзеныя змененыя. Першым выступіў Віталь Зелянкевіч. Вікторыю і Насту ён убачыў, калі яны з напарнікам заводзілі затрыманага ў аўтатранспарт.

Пацярпелыя ад сясцёр Міронцавых.
Фота: TUT.BY

– Ззаду пабеглі дзяўчаты і пачалі цягнуць за адну руку ў бок, не атрымалася нічога, потым за другую – таксама не атрымалася, – кажа Віталь, удакладняючы, што, нягледзячы на дзеянні сясцёр, затрыманага ўсё ж такі даставілі ў спецтранспарт.

– Як вы пацярпелі ад названых асоб?

– Фізічную боль я адчуваў, але за дапамогай не звяртаўся, – адказаў пацярпелы.

Крыху пазней дадаў: цялесных пашкоджанняў сёстры яму не прычынілі, і ён далей працягнуў службу. А фізічны боль заключалася ў тым, што ён адчуваў: яго цягнуць спачатку ў адзін бок, потым – у іншы.

Па словах Віталя, ён не бачыў, ці знаходзіліся дзяўчыны на праезнай частцы. Па яго меркаванні, праезная частка была перакрытая супрацоўнікамі ДАІ.

– Ці можам мы быць упэўнены, што абедзве гэтыя дзяўчынкі ўжывалі да вас гвалт? – перапытаў адвакат Вікторыі.

– Не, – сказаў сілавік

Іскавыя патрабаванні да абвінавачаных пацярпелы вырашыў не выстаўляць.

– Думаю, дзяўчаты аступіліся, – сказаў ён і папрасіў змякчыць ім пакаранне.

Судовае пасяджэнне працягнецца 23 сакавіка ў 10.00.

Анастасію і Вікторыю Міронцавых затрымалі ў сярэдзіне кастрычніку. Іх справа звязаная з падзеямі 10 жніўня – дзяўчыны трапілі на відэа з пратэстаў, што стала падставай для затрымання.

Беларускай праваабаронцамі сёстры Міронцавы прызнаныя палітзняволенымі, паведамляе «Вясна».

AB, belsat.eu

Стужка навінаў