Рэпрэсіі, мабільныя групы і пазбаўленне права голасу. Што трэба ведаць пра так званы рэферэндум


27 лютага ў Беларусі мусіць адбыцца так званы рэферэндум аб змене Канстытуцыі. Датэрміновае галасаванне распачнецца ўжо 22 лютага. Belsat.eu распавядае пра адметнасці гэтай кампаніі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Сэнс зменаў

Галоўныя змены ў асноўны закон краіны, якія хоча прыняць Лукашэнкі, датычаць Усебеларускага народнага сходу (УНС). УНС атрымлівае канстытуцыйны статус «найвышэйшага прадстаўнічага органу народаўладдзя» і вялізарныя паўнамоцтвы:

  • здымаць прэзідэнта з пасады ў выпадку сістэматычнага парушэння ім Канстытуцыі або ў выпадку дзяржаўнай здрады;
  • уводзіць ваеннае і надзвычайнае становішча;
  • выбіраць і здымаць старшыняў і суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў;
  • фармаваць Цэнтрвыбаркам і разглядаць пытанне аб легітымнасці выбараў;
  • даваць абавязковыя для выканання даручэнні дзяржаўным органам і службовым асобам;
  • прымаць рашэнне аб накіраванні вайскоўцаў для ўдзелу ў аперацыях па-за межамі Беларусі.

Такім чынам УНС пераўтвараецца ў орган, які прынамсі ў тэорыі здольны абмяжоўваць уладу прэзідэнта. Але ў рэальнасці ні дэ-юрэ, ні дэ-факта Лукашэнку ніякае абмежаванне паўнамоцтваў пасля прыняцця новай Канстытуцыі пагражаць не будзе, бо артыкул 144 дазволіць яму сумяшчаць пасады прэзідэнта і старшыні УНС. І, мяркуючы па заявах Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонай адміністрацыі, ён мае намер гэтым правам скарыстацца.

Адначасова новая Канстытуцыя ўводзіць абмежаванні на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў (не больш за 2), але пры гэтым абнуляе тэрміны Лукашэнкі – то бок ён атрымае права абрацца яшчэ двойчы і застацца на пасадзе прэзідэнта да 2035 года. Пасля сыходу з пасады экс-прэзідэнту гарантуецца недатыкальнасць, а таксама пажыццёвае месца ў складзе УНС і Савеце Рэспублікі.

Прыхільнікі Лукашэнкі
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ДД /Белсат

Канстытуцыя ўводзіць і яшчэ шэраг важных нормаў. Напрыклад, павышаецца мінімальны ўзрост, калі можна заняць пасаду прэзідэнта, з 35 да 40 гадоў, тэрмін сталага жыцця ў Беларусі перад выбарамі павялічваецца для кандыдата з 10 да 20 гадоў, а наяўнасць віду на жыхарства ў іншай краіне (нават у мінулым) наогул пазбаўляе грамадзяніна права балатавацца на прэзідэнцтва. Акрамя таго, з Канстытуцыі прыбіраецца норма пра тое, што Беларусь імкнецца стаць нейтральнай краінай і без’ядравай зонай.

Масавыя рэпрэсіі

Кампанія для правядзення «рэферэндуму» адбываецца ва ўмовах самых масавых у найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіяў. З лета 2020 года ва ўсёй краіне распачалі больш за 5500 крымінальных справаў, звязаных з палітыкай і пратэстамі. На 21 лютага 2022 года 1059 асобаў прызнаныя палітычнымі вязнямі.

У сувязі з «рэферэндумам» палітычны пераслед толькі ўзмацніўся – караецца любая праява іншадумства ў дачыненні гэтай кампаніі ўладаў. Напрыклад, на 68-гадовага жыхара Гомельскага раёну Мікалая Віцікава завялі справу аб «распальванні варожасці» за ліст у раённую газету, дзе ён крытыкаваў існы рэжым і агучваў свае прапановы ў Канстытуцыю.

У КДБ 20 лютага заявілі пра затрыманне ўдзельнікаў групаў, якія нібыта «планавалі зрыў рэферэндуму» – гэтыя людзі проста рассылалі лісты з заклікам лічыць галасы сумленна. За краты кінулі не менш за 10 чалавек, супраць іх распачатыя крымінальныя справы. Кіраўнік МУС Іван Кубракоў заявіў пра шматлікія затрыманні ўдзельнікаў «дэструктыўных каналаў». Супраць адных распачалі крымінальныя справы, супраць іншых – адміністратыўныя, а з некаторымі проста правялі прафілактычныя размовы.

Па ўсёй Беларусі перад «рэферэндумам» працягваюцца прэвентыўныя затрыманні.

Hавiны
Яшчэ адно затрыманне пад «рэферэндум»: у Калінкавічах кінулі за краты Аляксандра Елісеева
2022.02.20 10:37

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі (у тым ліку пазбаўленне рэгістрацыі грамадскіх арганізацыяў) унеслі змены ў падыход да назірання за галасаваннем. Сёлета фактычна ўпершыню праваабарончая супольнасць і апазіцыйныя партыі не сталі афіцыйна накіроўваць сваіх назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі, каб не падвяргаць людзей небяспецы.

Hавiны
Мужчына хацеў зарэгістравацца назіральнікам на «рэферэндум» – яго пасадзілі на 12 сутак
2022.02.20 09:18

Агулам ва ўчастковыя камісіі сёлета не трапіў ніводзін прадстаўнік апазіцыі, а сярод 17 тысяч назіральнікаў – толькі адзін.

Забарона на галасаванне за мяжой

Падчас «рэферэндуму-2022» рэжым Лукашэнкі пайшоў на беспрэцэдэнтны крок: беларусаў замежжа пазбавілі права галасаваць. Выбарчых участкаў за мяжой проста не будуць адкрываць. Відавочна, што гэта стала рэакцыяй на сітуацыю 2020 года: тады нават паводле афіцыйных звестак на многіх замежных участках Святлана Ціханоўская перамагала, прычым з разгромным лікам.

ЦВК і МЗС патлумачылі, што ў некаторых краінах участкаў не стварылі быццам бы з прычыны нязначнай колькасці беларусаў. У некаторых дыпламатычных установах нібыта не стае персаналу. Дзесьці галасавання не будзе ў сувязі з «эпідэмічнай абстаноўкай». А дзесьці нібыта няма ўпэўненасцю ў гарантаванні бяспекі амбасадаў і консульстваў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці з Беларуссю ля амбасады ў Маскве, Расея. 12 жніўня 2020 года.
Фота: Георгій Малец / Vot Tak TV / Белсат

Улады пераконваюць, што гэты крок не мае істотнага значэння ў кантэксце «рэферэндуму»: паводле іх, традыцыйна за мяжой галасуе не больш за 1 % выбарнікаў. Але насамрэч гаворка можа ісці пра сотні тысяч беларусаў, якіх фактычна пазбавілі права голасу.

Сілавое падтрыманне

Хаця апазіцыя не абвяшчала акцыяў пратэсту, улады рыхтуюцца да магчымых выступаў і любой публічнай праявы іншадумства падчас галасавання.

З 21 лютага міліцыя перайшла на ўзмоцнены варыянт службы, каля 11 тысяч міліцыянтаў будуць займацца толькі аховай выбарчых участкаў.

Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў заявіў, што там, дзе ёсць нейкія сумневы і пытанні, першы ў памяшканне будзе заходзіць міліцыянт, а потым ужо – прадстаўнік участковай камісіі. Будуць створаныя мабільныя групы, у якіх супрацоўнікі будуць «цалкам экіпаваныя і мець адмысловае ўзбраенне на выпадак узнікнення пазаштатных сітуацыяў».

Разам з міліцыяй на ўчастках для галасавання ахоўваць грамадскі парадак будуць так званыя народныя дружыны. А палкоўнік запасу Дзмітрый Паўлічэнка, які кіраваў «эскадронамі смерці» і мае дачыненне да забойстваў апанентаў рэжыму, фармуе «мабільныя групы» з былых спецназаўцаў «у мэтах аховы грамадскага парадку ў дні правядзення рэспубліканскага рэферэндуму». Гэтыя групы таксама мусяць невядома ад каго ахоўваць сем’і вайскоўцаў і чальцоў выбарчых камісіяў.

Тактыка апазіцыі

Офіс Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, НАУ, «ByPol», «Zubr», «Голас» і «Чэсныя людзі» ўвайшлі ў аператыўны штаб, створаны дэмакратычнымі сіламі на перыяд кампаніі. Апазіцыя лічыць «рэферэндум» нелегітымным, але пры гэтым заклікае беларусаў не байкатаваць галасавання, а прыходзіць на выбарчыя ўчасткі і псаваць бюлетэні – ставіць крыжыкі ў абодвух графах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кампанія дэмакратычных сілаў напярэдадні «Рэферэндуму».
Фота: honestpeople_by / Telegram

На думку Святланы Ціханоўскай, гэта адзіны бяспечны спосаб выказаць сваё стаўленне да рэжыму і паказаць, што прыхільнікаў пераменаў – большасць. Беларусаў замежжа, якіх пазбавілі права прагаласаваць, офіс Ціханоўскай заклікае ладзіць 27 лютага акцыі ля амбасадаў Беларусі.

Назіранне за выбарамі апазіцыя арганізуе ў фармаце кампаніі «Грамадзянскі кантроль», пра пачатак якой абвесцілі стваральнікі платформы «Zubr». Ідэя кампаніі палягае на тым, што адсачыць і зафіксаваць ціск, маніпуляцыі і фальсіфікацыі на выбарчых участках можа любы беларус, незалежна ад таго, акрэдытаваны ён як назіральнік, уваходзіць у камісію ці прыйшоў на галасаванне як выбарнік. Пра парушэнні на выбарчых участках можна будзе паведаміць у чат-бот платформы «Zubr» @zubr_in_bot.

Ініцыятыва апазіцыі наконт «рэферэндуму» напалохала ўлады. Яны распачалі прапагандысцкую кампанію супраць гэтых прапановаў, а за псаванне бюлетэняў нават пагражалі крымінальным пераследам (праўда, неафіцыйна). Каб беларусы баяліся псаваць і фатаграфаваць бюлетэні, кабінкі для галасавання на ўчастках будуць без шторак – фармальна ўлады тлумачаць гэта мерамі супраць каронавіруса.

Hавiны
Юрыст НАУ пра магчымасць адказнасці за «псаванне» бюлетэняў: «Ні юрыдычных, ні лагічных падставаў»
2022.02.02 22:02

Засакрэчаныя камісіі і фэйкавыя пагрозы

Артыкул 34 Выбарчага кодэксу Беларусі патрабуе публікаваць імёны ўсіх чальцоў выбарчых камісіяў, але Цэнтральная выбарчая камісія фактычна засакрэціла спісы ўчастковых камісіяў – нібыта ў мэтах бяспекі. Імёнаў, а часам нават нумароў тэлефонаў камісіі проста не публікуюць.

Пры гэтым у падкантрольных спецслужбам Telegram-каналах амаль кожны дзень з’яўляюцца відэа, дзе людзі, якія называюць сябе чальцамі выбарчых камісіяў, кажуць, што атрымліваюць нейкія пагрозы, але «яны не баяцца» і свой выбар ужо зрабілі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У МУС сцвярджаюць, што ад чальцоў камісіяў у міліцыю паступіла 100 скаргаў на паведамленні ў мэсэнджары, лісты, улёткі ў паштовую скрынку ці тэлефанаванні. Як можна рассылаць пагрозы чальцам камісіі, калі ніхто не ведае, хто ўваходзіць у склад камісіі, – пытанне адкрытае.

Разуменне пагрозаў у спецслужбаў таксама вельмі дзіўнае. На дзяржаўным тэлебачанні паказалі гэтыя лісты з пагрозамі – у іх настаўнікаў заклікалі сумленна лічыць галасы. «Настаўнікі! Лічыце галасы на рэферэндуме сумленна. Калі будзе інакш, то бойцеся! Мы да вас прыйдзем і спытаем», – гаворыцца там. Варта дадаць, што ў такім выпадку пагрозай чальцам камісіі можна лічыць і Крымінальны кодэкс Беларусі: за фальсіфікацыі падчас выбараў і рэферэндумаў прадугледжана адказнасць паводле арт. 192 (да 5 гадоў пазбаўлення волі).

Hавiны
КДБ паведаміў пра затрыманне ўдзельнікаў групаў, якія «планавалі зрыў рэферэндуму»
2022.02.20 15:25

Псеўдаабмеркаванні

Падчас кампаніі ўлада імітавала «ўсенароднае абмеркаванне» зменаў у Канстытуцыі. Дзяржаўныя медыі публікавалі здымкі сходаў на прадпрыемствах і ў ведамствах, а таксама водгукі чыноўнікаў, дэпутатаў і прадстаўнікоў праўладных арганізацыяў, якія хвалілі папраўкі.

Пры гэтым яны ў сваіх хвалебных водгуках абміналі галоўныя пункты новай Канстытуцыі, якія прадугледжваюць трансфармацыю мадэлі кіравання ў Беларусі. Спікеры замест гэтага казалі агульныя фразы пра «сацыяльную накіраванасць», «выхаванне патрыятызму і захаванне гістарычнай праўды». Або акцэнтавалі ўвагу на пустых фармулёўках з новай Канстытуцыі, якія насамрэч ніякага значэння не маюць і ўведзены толькі для таго, каб адцягнуць увагу (напрыклад, пра тое, што грамадзяне абавязаны клапаціцца пра сваё здароўе, ці пра тое, што шлюб – гэта саюз мужчыны і жанчыны).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Што датычыць «абмеркаванняў», то пастановачны характар мерапрыемстваў красамоўна ілюструе пранк, які меў месца ў адной з менскіх школаў. Беларус з фэйкавай пошты даслаў у адміністрацыю школы ліст з патрабаваннем цягам 4 гадзінаў арганізаваць «дыялогавую пляцоўку» і даслаць фотасправаздачу. Супрацоўнікі школы імгненна выканалі загад і даслалі здымкі гэтага «абмеркавання».

РР belsat.eu

Стужка навінаў