За чатыры паседжанні не зразумелі сутнасці абвінавачання. Што кажуць пра справу Бабарыкі прысутныя на судзе

Прайшло чацвёртае паседжанне Вярхоўнага суда па справе экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі. На лаве падсудных і сем топ-менеджараў банку. На працягу чатырох дзён выступаў пракурор, які агучваў абвінавачванне. Абаронцы Бабарыкі распавялі «Белсату», як працаваць ва ўмовах, калі абмяжоўваюцца правы адвакатаў, а працэсуальныя рашэнні ў дачыненні да падабароннага прымаюцца беспадстаўна.

Віктар Бабарыка, які пастанавіў узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, застаецца пад вартаю з 18 чэрвеня 2020 году. Экс-банкіра вінавацяць паводле ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры») і ч. 2 арт. 235 («Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам») Крымінальнага кодэксу. Яго могуць пазбавіць волі на 15 гадоў.

Справу супраць Віктара Бабарыкі і яшчэ сямі топ-менеджараў «Белгазпрамбанку» разглядае Вярхоўны суд у будынку суда Маскоўскага раёну. У справе адбылося чатыры паседжанні, падчас якіх пракурор зачытваў абвінавачанне. Паколькі ў справе 100 тамоў, зачытванне можа зацягнуцца.

Віктар Бабарыка ў судзе. Першы дзень суда па справе Віктара Бабарыка і супрацоўнікаў Белгазпрамбанку. Суд Маскоўскага раёну Менску. 17 лютага 2021 года. Фота: БЕЛТА

«Сёння ўзнік момант, на які варта звярнуць увагу. Суд нам адмовіў у хадайніцтве, якое заяўлялася ў першы дзень працэсу. Гэта было хадайніцтва каб выклікаць і дапытаць двух грамадзянаў Латвіі Сцяпанаўса і Растоўса, нібыта прадстаўнікоў латвійскіх кампаніяў, якія, паводле абвінавачвання, з’яўляюцца падкантрольнымі Віктару Бабарыку. Нібыта праз гэтыя кампаніі Віктар і іншыя абвінавачаныя атрымлівалі нейкія грошы.

Натуральна, калі ў абвінавачвання гэтыя прозвішчы агучваюцца, то трэба іх дапытаць, бо невядома, на якой падставе абвінавачванне мае нейкія высновы. Але суд не палічыў гэта неабходным. Але гэта сапраўды цікава, паколькі абвінавачванне падтрымлівае звесткі гэтых грамадзянаў Латвіі, вось толькі іх ніхто нідзе не дапытваў. Паглядзім, як будзе развівацца сітуацыя далей», – распавёў «Белсату» Дзмітрый Лаеўскі, абаронца Віктара Бабарыкі.

Адвакат Лаеўскі. Другі дзень працэсу па справе Віктара Бабарыка і супрацоўнікаў Белгазпрамбанка. Фота: Белсат

Адвакат адзначае, што працаваць у існых умовах, калі падабаронны палітычны вязень, даволі складана.

«Справы ўсе адрозніваюцца, я працаваў і з палітвязнямі раней, але агулам казаць нельга, бо абставіны, якія ўзнікаюць у абароны. Але я думаю, што варта паслухаць самога Віктара Дзмітрыевіча і ягоную пазіцыю вакол сітуацыі. Магу толькі сказаць, што вельмі цяжка працаваць, калі прафесійныя правы адваката немагчыма цалкам рэалізаваць, канечне, цяжка працаваць, калі працэсуальныя рашэнні ў дачыненні да кліента прымаюцца беспадстаўна», – кажа Дзмітрый Лаеўскі.

У залі месцаў шмат, але патрапіць могуць не ўсе

Працэс над Віктарам Бабыркам з’яўляецца адкрытым. Але насамрэч патрапіць у залю суда могуць далёка не ўсе ахвочыя. Недзяржаўную прэсу наагул не пускаюць у суд.

«Адвакат Віктара Дзмітрыевіча нават рабіў хадайніцтва ў справе нядопуску незалежнай прэсы на паседжанне. Але хадайніцтва адхілілі з нагоды таго, што не хапае месца ў залі. Але ў залі зарэзерваваныя першы тры рады для прэсы. І сёння трэці рад быў зусім пусты, я нават запытаўся, ці можна там сесці. Але сказалі, што нельга. Ва ўсіх, акрамя прадстаўнікоў прэсы і ахоўнікаў забіраюць тэлефоны. Сядзіш там і слухаеш, што манатонна і вельмі хутка з паперы зачытвае пракурор.

Сачыць за сэнсам надзвычай складана, а часам і немагчыма. Я думаю, што адваката гэта таксама немагчыма. Яны звярталіся з хадайніцтвам зрабіць фотакопіі матэрыялаў справы. Але ім адмовілі. Гэта, наколькі я разумею, не такая частая практыка, каб абаронцам у гэтым адмаўлялі. Таму як яны сочаць за гэтым, я магу толькі ўявіць. Такія вось дастаткова дробныя рэчы, але калі дэкларуецца высветліць праўду і раскласці ўсё па паліцах, зрабіць гэта публічна, то відавочна, што ў гэтым не асабліва зацікаўленыя», – распавёў «Белсату» Максім Баграцоў, прадстаўнік штабу Віктара Бабарыкі.

Віктар Бабарыка ў судзе. Крыніца: AFP / Виктор Бабарико — официальный канал / telegram

Максім Баграцоў распавядае, што абвінавачаныя знаходзяцца ў вялікай клетцы. Віктар Бабарыка сядзіць ззаду. У выніку прысутныя ў залі людзі амаль і не бачаць яго. Суддзя да ўсяго забараніў Віктару Бабарыку рабіць жэсты.

«Агулам суд выглядае у такім «сярэднявечна-савецкім» стылі. Але мы прыходзім дзеля таго, каб выказаць падтрыманне. Бо толькі потым я чытаю ў прэсе, праглядаю каментары адвакатаў і становіцца больш-менш зразумелай сутнасць, якая практычна незразумелая для тых, хто знаходзіцца ў залі. Прысутнасць у залі на самой справе ніяк не карэлюецца з разуменнем справы для звычайнага чалавека. Я думаю, што і для адвакатаў тое ж самае, але пра гэта лепей запытацца ў іх самых», – кажа Максім Баграцоў.

Замест таго, каб высветліць праўду, выглядае, што яе ўтойваюць

«Я не ведаю, ці яны робяць гэта адмыслова, ці так усіх судзяць. Але калі ўлічыць, што гэта Вярхоўны суд, што гэта вышэйшая судовая інстанцыя, то безумоўна, узнікае шмат розных здагадак вакол гэтай справы. Магчыма, што ўсё робіцца такім чынам, каб проста зрабіць карцінку для дзяржаўнай прэсы. Адвакаты звярнуліся з хадайніцтвам, каб праводзіць адзін дзень на тыдзень з сваім падабаронным. Гэта неабходна, паколькі ў справе 100 тамоў. Але хадайніцтва адхілілі. Так, у бакоў была магчымасць азнаёміцца з справай, але падчас разгляду справы будуць узнікаць моманты, якія неабходна абмеркаваць.

Абвінавачванне, наколькі я разумею, будуецца на дасудовых пагадненнях, паказаннях асобаў, якія ўсе ў гэты момант знаходзіліся за кратамі. І такім чынам выглядае гэтая справа. Калі б у мяне папрасілі стварыць графічную схему гэтай справы, хто што скраў, хто што стварыў і хто недаплаціў падаткі, то ў мяне нічога не атрымалася б нават пасля таго, як я некалькі дзён быў на судовых паседжаннях», – распавёў «Белсату» Максім Баграцоў, прадстаўнік штабу Віктара Бабарыкі.

Максім Баграцоў

Палітычная справа Бабарыкі

На момант арышту Віктар Бабарыка лічыўся галоўным апанентам Аляксандра Лукашэнкі на выбарах, ён паставіў рэкорд у колькасці подпісаў, сабраных альтэрнатыўнымі кандыдатамі на прэзідэнцтва за ўсю гісторыю Беларусі. Экс-банкіра прызналі палітычным вязнем.

«Была каманда знайсці хоць нешта, што можна было б штучна прыцягнуць. У выніку абвінавацілі ў нейкіх эканамічных злачынствах. Дакладна ж не ведаем, у чым палягае абвінавачванне, бо са словаў пракурора складана зрабіць выснову. Невядома, што ў адказ скажа адвакат і сам Бабарыка. Я так разумею, што ўсё абвінавачванне будзе грунтавацца на прызнанні топ-менеджараў банку, якія пайшлі на супрацу са следствам і гатовыя даць паказанні супраць Бабарыкі. Тут відавочна, што Бабарыка галоўны апанент Лукашэнкі, галоўны ягоны супернік і таму яго пасадзілі ў турму», – кажа «Белсату» Валер Карбалевіч, палітолаг, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія».

Лукашэнка сустракаўся з палітвязнямі

У медях гучыць інфармацыя, што кіраўніцтва Крамля патрабуе ад Лукашэнкі вызваліць Віктара Бабарыку. Галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў раней распавёў, што гэтая тэма дакладна гучала падчас сустрэчы восенню летась Лукашэнкі з Пуціным.

«Фактаў, якія б пацвярджалі тэзіс, што Віктар Бабарыка цікавы для Масквы і што кіраўніцтва Крамля вядзе перамовы пра яго вызваленне, у мяне няма. Пытанне пра тое, што нібыта Масква патрабуе яго вызваленне, гэта ўсё выдумку журналістаў, якія не абапіраюцца на фактычныя падставы. Якія могуць быць прэтэнзіі ў Маскве, што ў Менску судзяць галоўнага апанента Лукашэнкі, калі сам Пуцін пасадзіў свайго галоўнага апанента ў турму. Таму якія могуць быць тут пытанні аднаго аўтарытарнага кіраўніка да другога», – кажа Валер Карбалевіч.

ЯК РАЗВІВАЛАСЯ СПРАВА?

Віктара Бабарыку, які пастанавіў узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, затрымалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня летась. Экс-банкіра вінавацяць паводле ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры») і ч. 2 арт. 235 («Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам») Крымінальнага кодэксу.

На судовай лаве і сем былых падначаленых Бабарыкі. Іх усіх вінавацяць паводле ўжо згаданага арт. 430. Гэта Кірыл Бадзей, які летась стаў кіраўніком «Белгазпрамбанку» замест Бабарыкі, былыя намеснікі старшыні кіраўніцтва Сяргей Дабралёт, Дзмітрый Кузьміч, Сяргей Шабан і Аляксандр Ільясюк, а таксама былы першы намеснік кіраўніцтва Аляксей Задойка.

Яшчэ адзін падвіноўны – генеральны дырэктар «Актыўлізінгу» Віктар Кабяк – праходзіць паводле ч. 2 арт. 431 («Даванне хабару паўторна ці ў буйным памеры»). Паводле следства, ён даў хабар памерам не менш як € 2,5 млн.

Віктар Бабарыка «катэгарычна нязгодны з выстаўленым абвінавачаннем», а ягоныя абаронцы настойваюць «на поўнай невінаватасці». Усе іншыя фігуранты сваю віну прызнаюць.

Суд над Віктарам Бабарыкам працягнецца ў сераду 24 лютага з 11 гадзіны.

У залу суда прывялі ў кайданках. Суд над Віктарам Бабарыкам

Сяргей Ягораў belsat.eu

Hавiны