«Нашая дапамога, хутчэй, сімвалічная». Вячорка пра вулічную актыўнасць і падтрыманне беларусаў эміграцыяй


Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў інтэрв’ю радыястанцыі «Эхо Москвы» пракаментаваў учорашнюю заяву былой кандыдаткі на прэзідэнта након страчаных вуліц.

«Думаю, правільна казаць, што мы страцілі вялікія маршы, якія ў жніўні, верасні і кастрычніку адбываліся штонядзелю і збіралі ад 100 да 300 тысячаў чалавек. Ну паглядзіце, 200 дзён штодзень ладзяць шэсці суседзяў. Учора было 7 акцыяў: у Рагачове, Навагрудку, Менск. 7 чалавек, дарэчы, затрыманыя. Таму не зусім правільна казаць, што мы страцілі вуліцу як такую, бо менавіта яна аснова пратэсту. Але карцінку на гэтай вуліцы на зімовы час мы страцілі.

Думаю, што гэта вельмі крытычна, бо маршы гралі ролю псіхатэрапіі для людзей. Яны (людзі. – Belsat.eu) выходзілі не толькі, каб пратэставаць, а каб зарадзіцца энергіяй адзін ад аднаго, паказаць і ўбачыць, як іх багата. Яны сустракалі там знаёмых. І цяпер гэта ўсё ператварылася ў шэрасць, нязведанасць», – лічыць Франак Вячорка.

Вячорка лічыць, што Беларусь зазнала найбольш вялікую хвалю рэпрэсіяў у краінах Усходняй Еўропы за апошнія 50 гадоў. Улада трымае ў страху насельніцтва ўсёй краіны. У гэтай сітуацыі найбольш важнае, што можа прапанаваць асяроддзе Святланы Ціханоўскай, – маральнае падтрыманне.

«Іншае падтрыманне – напрыклад, будаваць падпольны рух, ствараць нейкія групы, атрады – немагчыма. Лукашэнка ізаляваў, абгарадзіў краіну інфармацыйнай, віртуальнай і палітычнай сцяной. Нашая дапамога, хутчэй, сімвалічная, і міжнародная ў тым ліку. І гэта тое, што мы робім».

Раней Святлана Ціханоўская вызнала, што пратэставы рух страціў вулічную актыўнасць.

«Павінна вызнаць, што ў гэты момант мы страцілі вуліцы, у нас няма магчымасці змагацца з гвалтам рэжыму супраць пратэстоўцаў – у яго ёсць зброя, у яго ёсць сіла, так што на гэты момант здаецца, што мы прайгралі».

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў