Саюзнікі, ядравая зброя і досвед Казахстану. У чым сэнс зменаў Вайсковай дактрыны?


Тэкст новай Вайсковай дактрыны, якую збіраюцца прыняць улады Беларусі, яшчэ не апублікаваны, аднак многія важныя тэзісы ужо з’явіліся ў публічнай прасторы. Belsat.eu распавядае, што вядома пра гэты дакумент, і пра што сведчаць анансаваныя новаўвядзенні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Markus Schreiber / AP Photo / East News

Рашэнне аб распрацоўцы праекту новай Вайсковай дактрыны было прынятае ў лютым 2023 года. На мінулым тыдні абмеркаванне гэтага дакументу адбылося з удзелам Аляксандра Лукашэнкі на паседжанні Савету бяспекі. Прыняць Вайсковую дактрыну плануецца на Усебеларускім народным сходзе (УНС), дата якога яшчэ не вызначана. Не апублікаваны пакуль і тэкст праекту Вайсковай дактрыны – улады заяўляюць, што ў дакумент будуць уносіць карэктывы. Магчыма, яе увогуле апублікуюць толькі пасля ўхвалення на УНС.

Улады сцвярджаюць, што абнаўленне дактрыны не прадугледжвае кардынальнай рэвізіі палажэнняў вайсковай палітыкі Беларусі, аднак прызнаюць, што фактычна гэта будзе новы дакумент. Мяркуючы па публічных заявах сілавікоў, найбольш важныя змены будуць тычацца ядравай зброі, стасункаў з саюзнікамі і крыніцаў пагрозаў.

Абавязкі перад саюзнікам і досвед Казахстану

У новай Вайсковай дактрыне з’явіцца асобны раздзел, у якім плануецца прапісаць абавязкі Беларусі перад сваімі саюзнікамі. Будуць зацверджаныя агульныя прынцыпы і створана прававая аснова для рэагавання ў выпадку ваеннай агрэсіі.

«Напад на любую саюзную нам дзяржаву будзе лічыцца нападам на Рэспубліку Беларусь», – заявіў начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Генеральнага штабу Узброеных сілаў Арцём Буторын.

Пры гэтым у Мінабароны падкрэсліваюць, што гаворка вядзецца не толькі пра Расею, але і пра саюзнікаў па АДКБ. Адмыслова падзяляць іх у дакуменце нібыта не плануецца.

Што азначае гэтае новаўвядзенне? Пакуль няма тэксту дакументу, рабіць канчатковыя высновы заўчасна. Але з таго, што агучылі сілавікі, вынікае, што насамрэч для Беларусі нічога прынцыпова не зменіцца.

Бутурын у інтэрв’ю СТБ патлумачыў, што ў дактрыне будуць сабраныя разам «усе тыя палажэнні, якія на сённяшні дзень замацаваныя ў міжнародных дамовах, якія мы ратыфікавалі з нашымі саюзнікамі, і ў тым ліку ў межах міжнародных арганізацыяў». То бок фактычна ўлады абяцаюць перанесці ў Вайсковую дактрыну тыя абавязкі, якія Беларусь на сябе ўжо і так узяла.

Пагадненні, падпісаныя Беларуссю, сапраўды прадугледжваюць пэўныя абавязкі ў вайсковай сферы. У пункце 20 супольнай вайсковай дактрыны Саюзнай дзяржавы гаворыцца, што «дзяржавы-ўдзельніцы разглядаюць любыя дзеянні з выкарыстаннем ваеннай сілы, накіраваныя супраць любой з дзяржаваў-удзельніц, як замах на Саюзную дзяржаву ў цэлым і будуць рабіць адпаведныя захады ў адказ з выкарыстаннем усіх сілаў і сродкаў у іх распараджэнні».

Аналагічныя абавязкі замацаваныя ў дамове АДКБ: «у выпадку ўчынення агрэсіі на любую з дзяржаваў-удзельніц усе астатнія дзяржавы-ўдзельніцы на просьбу гэтай дзяржавы-ўдзельніцы неадкладна дадуць ёй неабходную дапамогу, уключаючы ваенную, а таксама падтрымаюць сродкамі, якія знаходзяцца ў іх распараджэнні».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія вайскоўцы прысутнічаюць на цырымоніі заканчэння місіі АДКБ у Алматы, куды яны былі накіраваныя для падтрымкі дзейнай улады ва ўмовах пратэстаў і беспарадкаў у краіне. Алматы, Казахстан. 13 студзеня 2022 года.
Фота: Alexandr Bogdanov / AFP / East News

Хрэнін звярнуў увагу, што пры падрыхтоўцы раздзелу пра саюзныя абавязкі ўлічваўся ў тым ліку «досвед Казахстану». Міністр яўна меў на ўвазе падзеі студзеня 2022 году, калі Беларусь і іншыя краіны АДКБ даслалі сваіх вайскоўцаў у Казахстан, каб дапамагчы Касым-Жамарту Такаеву здушыць пратэсты і беспарадкі ў краіне. Казахстанскі досвед як раз можна лічыць прыкладам адвольнай інтэрпрэтацыі саюзніцкіх абавязкаў і самога тэрміну «ваенная агрэсія», бо насамрэч ніякай агрэсіі супраць Казахстану ніхто не ўчыняў. Таму як «досвед Казахстану» будзе ўлічаны ў Вайсковай дактрыне – можна толькі здагадвацца.

У гэтым кантэксце звяртае на сябе ўвагу яшчэ адно выказванне Хрэніна. Паводле міністра, у дактрыне будзе акрэслены дакладны пасыл:

«Мы гатовыя абараняць сваю краіну ўсімі сіламі і сродкамі, у тым ліку з нашымі вайсковымі саюзнікамі па Саюзнай дзяржаве і АДКБ».

У звязку з апеляваннем да «досведу Казахстану» гэта гучыць як намёк на тое, што ў выпадку народных пратэстаў улады Беларусі гатовыя звяртацца па дапамогу да сваіх хаўруснікаў. Гэты момант, магчыма, таксама будзе нейкім чынам адлюстраваны ў дакуменце. Нічога дзіўнага тут не будзе: нагадаем, што Лукашэнка ў жніўні 2020 года звяртаўся да Расеі з просьбай аб аказанні сілавой падтрымкі ў межах АДКБ і Саюзнай дзяржавы.

Ядравая зброя: надоўга і пад грыфам «сакрэтна»

Адзін з найбольш цікавых складнікаў новай Вайсковай дактрыны – палажэнні, якія тычацца расейскай ядравай зброі.

Улады тлумачаць: у дакуменце будзе замацавана пазіцыя, у адпаведнасці з якой «з’яўленне на нашай тэрыторыі ядравай зброі зʼяўляецца вымушанай мерай», а сама ядравая зброя разглядаецца як сродак «стратэгічнага стрымлівання».

«Мы дакладна вызначылі і даводзім погляды Рэспублікі Беларусь на прымяненне размешчанай на нашай тэрыторыі тактычнай ядравай зброі», – заявіў Хрэнін.

Той факт, што размяшчэнне ТЯЗ у Беларусі збіраюцца прапісаць у Вайсковай дактрыне, даказвае, што гэтая мера разглядаецца не як часовая, а як бестэрміновая (дактрына – гэта апрыёры такі дакумент, які можа прымацца на дзесяцігоддзі). Пра бестэрміновасць размяшчэння адкрыта кажуць і ўлады Расеі. Напрыклад, у кастрычніку 2023 году прадстаўнік МЗС РФ Канстанцін Варанцоў падчас паседжання камітэту раззбраення Генеральнай асамблеі ААН заявіў, што вывад расейскай ядравай зброі з Беларусі немагчымы без «адмовы ЗША і NATO ад курсу на падрыў бяспекі Расеі».

Hавiны
У «міралюбнай» дактрыне Беларусі прапісалі ўжыванне ядравай зброі. ААН просяць разабрацца
2024.01.16 15:49

Разам з тым, падобна на тое, што нічога пра парадак выкарыстання ядравай зброі ў Вайсковай дактрыне не будзе.

«Што да парадку выкарыстання ядравай зброі, то гэта не прадмет Вайсковай дактрыны. Вайсковая дактрына замацоўвае агульныя адносіны да гэтага. А парадак выкарыстання – гэта прадмет ніжэйстаячых статутных дакументаў, дакументаў вайсковага планавання. Але яны носяць, як правіла, грыфаваны характар», – заявіў Буторын.

Хутчэй за ўсё, гэта азначае, што ў Вайсковай дактрыне не будзе адназначнага адказу на пытанне, хто будзе распараджацца ядравай зброяй, размешчанай у Беларусі. Нагадаем, Крэмль ад самага пачатку настойваў на тым, што кантроль застанецца выключна за Расеяй. Лукашэнка заяўляў у сваю чаргу, што кіраваць ядравай зброяй «будзем мы тут». Падобна на тое, што новая дактрына не пакладзе канец гэтаму рознагалоссю, прычым наўмысна – каб захаваць прастору для палітычнага манеўра.

Прывязка да Канцэпцыі нацбяспекі і ўнутраных выклікаў

Улады падкрэсліваюць, што абноўленая дактрына будзе насіць «выразна выражаны адрасны характар». «Мы дакладна называем крыніцы пагроз і ад якіх краінаў яны зыходзяць», – растлумачыў Хрэнін. Праўда, адначасова міністр падкрэслівае, што Беларусь нікога не разглядае ў якасці ворага і гатовая весці дыялог нават з NATO.

У сувязі з гэтым не да канца зразумела, што маецца на ўвазе пад «адрасным характарам» дакументу. Але падобна на тое, што ўлады такім чынам хочуць працягнуць у Вайсковую дактрыну неваенныя аспекты супрацьстаяння з Захадам. У прыватнасці, абвешчана, што ў новай дактрыне будзе адлюстраванае «наша супрацьдзеянне санкцыям».

Хрэнін абяцае ўзмацніць сувязі паміж новай рэдакцыяй Вайсковай дактрыны і праектам Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі (не выпадкова гэтыя дакументы абмяркоўваліся на нарадзе ў Лукашэнкі разам). Гэта вельмі важная дэталь. Па-першае, таму, што Канцэпцыя нацбяспекі (КНБ) была распрацаваная раней і аўтары новай Вайсковая дактрыны, імаверна, на гэтую канцэпцыю ў значнай ступені арыентаваліся. Па-другое, праект Канцэпцыі нацбяспекі (ён таксама мае быць канчаткова ўхвалены на УНС) быў апублікаваны яшчэ ў красавіку 2023 году, што дазваляе лепш зразумець, з чым Хрэнін плануе «узмацніць сувязь».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

На новую Канцэпцыю нацбяспекі («Белсат» раней падрабязна разбіраў гэты дакумент) аказалі вялізарны ўплыў унутраныя падзеі ў Беларусі апошніх гадоў. Калі ранейшая КНБ мела адносна ўніверсальны характар, то новая КНБ адлюстроўвае цяперашнія масавыя рэпрэсіі, моцную залежнасці ад РФ і суўдзел ў агрэсіі супраць Украіны.

Напрыклад, пагрозай нацыянальнай бяспекі будуць лічыцца дзеянні, «накіраваныя на дыскрэдытацыю або зрыў электаральных кампаніяў», а таксама «непаважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў, выкарыстанне экстрэмісцкай сімволікі і атрыбутыкі». У новай версіі КНБ гаворка вядзецца пра «праявы экстрэмізму ў любых яго формах» («экстрэмізм» – эўфемізм для пратэставай дзейнасці і іншадумства), ёсць згадкі пра стварэнне за мяжой «недзяржаўных узброеных фармаванняў» і фінансаванне падрыхтоўкі да выкарыстання ваеннай сілы супраць Беларусі (пункт яўна навеяны самім фактам існавання палка Кастуся Каліноўскага). Спіс крыніцаў пагрозаў уключае ў сябе выкарыстанне «інструментаў мяккай сілы» для ўплыву на Беларусь, «дыскрэдытацыю» і «злоўжыванне асобнымі дзяржавамі або групамі дзяржаваў мандатамі і механізмамі міжнародных арганізацыяў для аказання ціску на Рэспубліку Беларусь».

Таму не дзіўна, што міністр абароны абяцае ў новай Вайсковай дактрыне не толькі ўдасканаліць механізмы супрацьдзеяння вонкавым пагрозам, але і вызначыць парадак дзеянняў дзяржавы пры рэагаванні на ўнутраныя выклікі. Паводле Хрэніна, у абноўленай дактрыне нараўне з функцыямі ўзброенай абароны, якую ажыццяўляе сілавы кампанент вайсковай арганізацыі дзяржавы, «абазначана месца і роля ўсіх іншых дзяржаўных органаў».

«Тут і дыпламатычныя намаганні нашых міністэрстваў, ведамстваў і грамадскіх арганізацыяў, меры ў эканамічнай і інфармацыйнай сферах», – растлумачыў Хрэнін.

Па сутнасці, маецца на ўвазе мілітарызацыя ўсіх сфераў грамадска-палітычнага жыцця, пры якой «абарону дзяржавы і забеспячэнне яе ваеннай бяспекі ажыццяўляюць усе, пачынаючы ад прэзідэнта, заканчваючы кожным грамадзянінам краіны».

Аб’ектыў
Абноўленая Вайсковая дактрына: Лукашэнка рыхтуецца да ядравага шантажу?
2024.01.16 21:01

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў