Прывязка да РФ і традыцыйныя каштоўнасці. Што трэба ведаць пра новую Канцэпцыю нацбяспекі


На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны праект новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі (КНБ) Беларусі, якая была ўхваленая Аляксандрам Лукашэнкам у пачатку сакавіка. Канчаткова КНБ мусіць зацвердзіць Усебеларускі народны сход. Мінулая канцэпцыя прымалася ў 2010 годзе, потым у дакумент уносіліся папраўкі ў 2011-м і 2014-м. Belsat.eu паглядзеў, як змяніліся погляды ўладаў на бяспеку за апошнія 13 гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

Еўразійская інтэграцыя і скасаванне шматвектарнасці

Стратэгічныя нацыянальныя інтарэсы ў 2010-м і 2023-м сфармуляваны аднолькава: гэта незалежнасць, суверэнітэт, тэрытарыяльная цэласнасць і «непахіснасць канстытуцыйнага ладу». А вось сярод асноўных нацыянальных інтарэсаў у палітычнай сферы з’явіўся новы пункт: забеспячэнне электаральнага суверэнітэту. Пад гэтым разумеецца «права дзяржавы самастойна і незалежна арганізоўваць і праводзіць выбары» і не дапускаць «умяшання ў выбарчы працэс». Імаверна, гэта будзе азначаць яшчэ больш жорсткі кантроль спецслужбаў за электаральным працэсам і дэманстратыўнае ігнараванне міжнародных стандартаў выбараў.

Акрамя «электаральнага суверэнітэту» у КНБ унеслі паняцце «біялагічнай бяспекі» – гэтая навацыя ўключаная ў дакумент з улікам пандэміі каронавіруса і фэйкаў пра амерыканскія біялабараторыі ва Украіне.

Яшчэ больш цікава, што прыбралі з КНБ. У прыватнасці, «забеспячэнне абароны правоў суайчыннікаў» і «эфектыўнае супрацьдзеянне карупцыі» цяпер не ўваходзіць у пералік нацыянальных інтарэсаў. Таксама страціла актуальнасць «пазіцыяванне Рэспублікі Беларусь за мяжой у якасці дэмакратычнай прававой дзяржавы, адказнага і прадказальнага партнёра, донара міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі». Змена вельмі характэрная: у 2010-м годзе для Лукашэнкі яшчэ меў значэнне імідж краіны на міжнароднай арэне, а ў 2023-м уладам, імаверна, ужо не важна, што пра іх думаюць у свеце.

У 2010-м у нацыянальных інтарэсах Беларусі была «шматбаковая і шматвектарная дыпламатыя». Цяпер – «паглыбленне еўразійскай інтэграцыі». То бок усходні вектар развіцця будзе замацаваны ў якасці безальтэрнатыўнага. Больш за тое, у раздзеле 6 пагрозай нацыянальнай бяспекі называецца «аслабленне дынамікі інтэграцыйных працэсаў» на еўразійскай прасторы. Сцвярджэнне, што Беларусь «не адносіцца ні да аднаго з сусветных цэнтраў сілы» таксама прыбралі.

У інфармацыйнай сферы ў праекце 2023 года кідаецца ў вочы ўхіл у бок узмацнення прапаганды і барацьбы з незалежнымі крыніцамі інфармацыі. У канцэпцыю збіраюцца ўключыць «захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці і памяці пра гераічнае мінулае», а таксама «абарону грамадства ад дэструктыўнага інфармацыйнага ўздзеяння» і «далейшае развіццё бяспечнага інфармацыйнага асяроддзя». Усё гэта ў КНБ наўпрост звязалі з пагрозай змены ўлады.

«Вядзецца актыўная барацьба за масавую свядомасць для рэалізацыі тэхналогіяў каляровых рэвалюцыяў», – гаворыцца ў дакуменце.

Цікава, як за 13 гадоў змяніліся ацэнкі стану нацыянальнай бяспекі і характарыстыкі палітычнай мадэлі. У 2010-м у дакуменце гаварылася, што палітычная мадэль у Беларусі заснаваная на прынцыпах дэмакратыі, а цяпер гэтае слова прыбралі і замянілі яго на «народаўладдзе». У 2010-м улады дэкларавалі барацьбу з крыміналам. У 2023-м для нацыянальных інтарэсаў гэта ўжо неактуальна: цяпер улады змагаюцца «з праявамі дэструктыўнай актыўнасці» (устойлівы эўфемізм для пратэстаў і іншадумства).

Пагрозы выраслі ў разы: ад экстрэмізму да неанацызму

Як змяніліся пагрозы для нацыянальная бяспекі? Першыя пункты засталіся без зменаў: замах на незалежнасць, суверэнітэт і канстытуцыйны лад, а таксама «навязванне Беларусі палітычнага курсу, які не адпавядае нацыянальным інтарэсам» і «ўмяшанне звонку ва ўнутрапалітычныя працэсы». Але далей можна знайсці шмат адрозненняў.

Цяпер пагрозай нацыянальнай бяспекі будуць лічыцца дзеянні, «накіраваныя на дыскрэдытацыю або зрыў электаральных кампаніяў», а таксама «непаважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў, выкарыстанне экстрэмісцкай сімволікі і атрыбутыкі». Дарэчы, замах на дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь лічыцца адначасова і ўнутранай, і вонкавай пагрозай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

У новай версіі КНБ гаворка вядзецца пра «праявы экстрэмізму ў любых яго формах» («экстрэмізм» – таксама эўфемізм для пратэставай дзейнасці і іншадумства), а таксама «ўзнікненне масавых і іншых беспарадкаў». Пра «экстрэмізм» і «беспарадкі», вядома, была згадка і ў 2010-м, але цяперашнія фармулёўкі пакідаюць больш шырокую прастору для інтэрпрэтацыі.

Аднак змены звязаныя не толькі з пашырэннем палітычна матываваных рэпрэсіўных практыкаў. Напрыклад, у дэмаграфічнай сферы крыніцай выклікаў для нацыянальнай бяспекі цяпер будзе лічыцца «павелічэнне ўзросту ўступлення ў першы шлюб», чаго раней не было.

Унутраныя выклікі ў вайсковай сферы 13 гадоў таму былі сфармуляваныя вельмі сціпла: гаворка ішла толькі пра зніжэнне патрыятызму і магчымасцяў Узброеных сілаў. Цяпер да гэтага дадалася «тэрарыстычная дзейнасць», накіраваная на правакаванне ўнутранага ўзброенага канфлікту, а таксама распаўсюд у грамадстве «ідэяў грамадзянскага супрацьстаяння, якія вядуць да ўзброенага мяцяжу».

Спіс вонкавых пагрозаў з 2010 года значна пашырыўся. Раней ён уключаў у сябе толькі выкарыстанне ваеннай сілы іншымі дзяржавамі, распаўсюд зброі масавага знішчэнне і пашырэнне вайскова-палітычных саюзаў. Цяпер пагрозамі будуць лічыцца «ўзброеныя правакацыі», стварэнне за мяжой «недзяржаўных узброеных фармаванняў» і фінансаванне падрыхтоўкі да выкарыстання ваеннай сілы супраць Беларусі (пункт яўна навеяны самім фактам існавання палка Кастуся Каліноўскага).

Таксама ў дакуменце гаворка ідзе пра «прытрымліванне асобных дзяржаваў у неанацысцкім ідэалагічным фарватары». З улікам таго, што рэжым Лукашэнкі пастаянна беспадстаўна абвінавачвае сваіх праціўнікаў у «неанацызме», такая размытая фармулёўка («ідэалагічны фарватар») дасць магчымасць абвясціць пагрозай любую суседнюю краіну.

Акрамя таго, крыніцай пагрозы для Беларусі лічыцца разбурэнне міжнароднай архітэктуры бяспекі, пашырэнне сферы ўплыву вайскова-палітычных саюзаў і вядзенне проксі-войнаў. Аднак у гэтым пункце ёсць важнае ўдакладненне: гэта датычыць толькі тых вайскова-палітычных саюзаў, у якія не ўваходзіць Беларусь. То бок калі міжнародную архітэктуру бяспекі разбурае Расея, то гэта зусім не пагроза.

Спіс крыніцаў пагрозаў уключае ў сябе выкарыстанне «інструментаў мяккай сілы» для ўплыву на Беларусь, «дыскрэдытацыю» і «злоўжыванне асобнымі дзяржавамі або групамі дзяржаваў мандатамі і механізмамі міжнародных арганізацыяў для аказання ціску на Рэспубліку Беларусь». Гэта азначае, што, напрыклад, крытыка Беларусі на ўзроўні ААН ці АБСЕ, заклік выконваць свае абавязкі ў сферы правоў чалавека могуць быць прыроўненыя да пагрозы нацыянальнай бяспекі.

Новыя кірункі нейтралізацыі пагрозаў

Паводле новай версіі КНБ, улады засяродзяць свае намаганні на «ўзмацненні ролі дзяржавы як гаранта бяспекі», удасканаленні сістэмы «контртэрарыстычнай і антыэкстрэмісцкай дзейнасці», недапушчэнні «беспарадкаў і іншых супрацьзаконных дзеянняў з боку арганізаваных групаў і асобных людзей». Змагацца з гэтым плануецца ў тым ліку пры дапамозе «прэвентыўна-папераджальных захадаў».

Акрамя таго, важную роль нададуць эфектыўнаму ідэалагічнаму і ідэйна-патрытычнаму выхаванню. Дзяржава зоймецца «абаронай традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў беларускага народу», абаронай грамадства «ад вонкавай, нетрадыцыйнай ідэйнай і каштоўнаснай экспансіі, дэструктыўнага культурна-псіхалагічнага ўздзеяння».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

У вайсковай сферы прыярытэты дзейнасці выразна змяніліся. У КНБ-2010 рабілася стаўка на ўмацаванне сістэмы агульнаеўрапейскай бяспекі, узаемнага даверу, а таксама пра адмову ад развязання спрэчных пытанняў шляхам выкарыстання вайсковай сілы. Дэклараваўся намер дасягнуць новых дамоўленасцяў аб раззбраенні, а таксама на раўнапраўнай аснове супрацоўнічаць з NATO і ЕЗ (пункт 55). У новай версіі КНБ нічога з гэтых міратворчых тэзісаў не засталося. Цяпер адзіны шлях для Менску – гэта скаардынаваныя захады для запэўнівання бяспекі Саюзнай дзяржавы і развіццё рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і РФ (пункт 60).

Прастора для рэпрэсіяў і ізаляцыі

Улады кажуць, што цяперашні праект абнаўляе Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі практычна на 70 %. Паводле дзяржаўнага сакратара Аляксандра Вальфовіча, такое маштабнае абнаўленне выкліканае не толькі патрабаваннямі Лукашэнкі, «але і тымі зменамі ў сусветнай ваенна-палітычнай абстаноўцы, якія склаліся за гэты прамежак часу».

Падзеі апошніх гадоў сапраўды аказалі вялізарны ўплыў на гэты дакумент. КНБ-2010 мела адносна ўніверсальны характар – большасць пунктаў гучала палітычна нейтральна і ў прынцыпе была актуальна для шмат якіх краінаў свету. КНБ-2023 адлюстроўвае цяперашнія масавыя рэпрэсіі, моцную залежнасці ад РФ і суўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны.

Шматвектарнасць і прыхільнасць да ўніверсальных каштоўнасцяў у новай канцэпцыі амаль цалкам знікла. Замест гэтага з’явілася безальтэрнатыўная прывязка да Расеі і акцэнт на «асаблівым шляху» Беларусі. «Традыцыйныя каштоўнасці» цяпер робяцца часткай «палітычнай бяспекі» дзяржавы. Некаторыя пункты КНБ-2023 фактычна ствараюць падмурак для «жалезнай заслоны» і поўнай ізаляцыі ад усяго свету, у тым ліку на культурным узроўні.

У новай канцэпцыі падкрэсліваецца прыярытэт барацьбы з «экстрэмізмам» і «дэструктыўнай дзейнасцю», абароны дзяржаўных сімвалаў і папярэджання беспарадкаў. З улікам досведу апошніх 2,5 года гэта азначае, што цяперашнія рэпрэсіўныя практыкі ніхто не збіраецца згортваць. Наадварот, яны будуць замацаваныя ў стратэгічна важным для дзяржавы дакуменце.

Акрамя таго, значна пашырана тэрміналогія, пры дапамозе якой улада можа апраўдваць свае дзеянні нацбяспекай. Раней у канцэпцыі існавалі толькі паняцці «пагроза нацыянальнай бяспекі» і «крыніца пагрозы». Цяпер у КНБ дадаюць паняцце «выклік» і «рызыка». Дадатак зусім не малаважны. Бо пагроза – гэта тое, што рэальна існуе. Выклік – тое, што фармуецца. А рызыка – небяспека нанясення шкоды нацыянальным інтарэсам, якая толькі зараджаецца. Паняцце «крыніца пагрозы» цяпер сфармаванае больш расплывіста: «фактар або сукупнасць фактараў, а таксама субʼектаў, якія іх прадукуюць, здольных пры пэўных умовах прывесці да ўзнікнення пагрозы» (у 2010-м гаворка ішла толькі пра фактары, без суб’ектаў).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

Усё гэта стварае амаль неабмежаваную прастору для спекуляцыяў на тэме нацыянальнай бяспекі ў мэтах апраўдання рэпрэсіяў і дадатковых абмежаванняў. Атрымліваецца, што калі чалавек выступае супраць рэжыму Лукашэнкі, то яго можна прызнаць «крыніцай пагрозы», бо «пры пэўных умовах» ён, напрыклад, можа выйсці на Плошчу, каб зладзіць «каляровую рэвалюцыю». А значыць, дзяржава мусіць ужо цяпер займацца ягонай «нейтралізацыяй».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў