За тыдзень беларусы сабралі на аднаўленне касцёлу амаль 20 тысячаў рублёў


14 студзеня ў Магілёве вецер знішчыў частку даху гістарычнай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. Святары звярнуліся за дапамогай да беларусаў, каб аднавіць святыню. За тыдзень на рахунак касцёлу паступіла 19 тысячаў 928 рублёў, паведамляе сайт Catholic.by.

Моцны вецер знішчыў частку даху старажытнай святыні ХVIII стагоддзя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве, Беларусь. 15 студзеня 2022 года.
Фота: Белсат

У Магілёве будаўнікі амаль завяршылі часовы рамонт даху катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. Гістарычны будынак моцна пашкодзіў ураган 14 студзеня.

Біскупскі вікарый усходняга рэгіёна Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі паведаміў, што цягам тыдня грамадзяне адгукнуліся на зварот святароў дапамагчы аднавіць дах будынку і ахвяравалі 19 тысячаў 928 рублёў.

«На гэтым тыдні мы забяспечылі накрыцце касцёлу на зімовы перыяд, паставіўшы часовыя кроквы, а таксама накрылі разбураную частку даху дсп і руберойдам. Яшчэ раз дзякую парафіі ў Будславе за перададзеныя лісты дсп і экспертам-альпіністам, якія ўвесь тыдзень працавалі на вышыні», – кажа біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Але працы яшчэ не завершаныя, неабходны рамонт усяго даху, плошча якога 260 м2. Будаўнікі падлічылі, што для замены даху трэба 77 тысячаў 90 рублёў, а парафія мусіць сабраць 38 тысячаў 545 рублёў.

Рэквізіты для ахвяраванняў: р/с BY64BLBB30150700187012001001 ОАО «Белінвестбанк», БИК BLBBBY2X УНП 700187012

Атрымальнік плацяжу – Рымска-каталіцкі прыход Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў г.Магілёве. Прызначэнне плацяжу – добраахвотнае ахвяраванне.

Hавiны
Беларусы сабралі 6 тысячаў рублёў на рамонт даху касцёлу ў Магілёве
2022.01.17 16:30

ВЛ belsat.eu

 

Стужка навінаў