У Расеі няма чаго кінуць у градку. Урад зняў забарону на ўвоз некаторых тавараў


Улады РФ вывелі з-пад эмбарга шэраг імпартных тавараў, увоз якіх у Расею быў абмежаваны ў якасці адказу на санкцыі Захаду.

Як вынікае з пастановы, размешчанага на сайце расейскага ўраду, забарона не распаўсюджваецца на «біялагічна актыўныя дабаўкі; вітамінна-мінеральныя комплексы; смакаводарныя дабаўкі; канцэнтраты бялкоў (жывёльнага і расліннага паходжання) і іх сумесяў; харчовага валакна; харчовыя дабаўкі (у тым ліку комплексныя)».

З санкцыйнага спісу РФ выключылі малькоў атлантычнага ласося і фарэлі, безлактознае малако і малочную прадукцыю ды насенны матэрыял (бульба, цукровая кукуруза, цыбуля ды гарох).



Пра тое, што з-пад дзеяння санкцый будуць выведзеныя «адчувальныя» для асобных групаў грамадзян тавары, заявіў на мінулым тыдні віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч.

«Неабходныя папраўкі ў пералік забароненых прадуктаў – гаворка ідзе пра безлактознае малако, тавары для дыябетыкаў, алергікаў, часткі біядабавак, а таксама насенны матэрыял і малькі для гадавання аквакультуры. Гэта прыкладны пералік пазіцый, па якіх будуць унесены змены, хутчэй за ўсё, ужо ў найбліжэйшыя дні пасля згоды прэзідэнта і старшыні ўраду», – паведаміў Дварковіч 14 жніўня.

Паводле ягоных словаў, дазволіць імпарт насеннага матэрыялу папрасілі вытворцы бульбы. Насенны від гэтай культуры трапіў пад забарону толькі таму, што яго код у таварнай наменклатуры супадае з харчовым.

Але больш за ўсё санкцыі ўстрывожылі расейскіх вытворцаў ласося, якія папярэдзілі, што праграма імпартазамяшчэння на 2016 год апынулася пад пагрозай зрыву.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН, news.liga.net

Стужка навінаў