Алесь Бяляцкі: Нельга дапусціць «азербайджанізацыі» Беларусі


Існуе небяспека таго, што паляпшэнне стасункаў Менску з Бруселем можа адбыцца без структурных рэформаў у Беларусі і без удзелу грамадзянскай супольнасці, лічыць былы палітвязень, праваабаронца Алесь Бяляцкі, які ў пачатку ліпеня наведаў шэраг краін ЕЗ і сустрэўся з прадстаўнікамі еўраструктур.



Па словах Бяляцкага, нельга дапусціць «азербайджанізацыі сітуацыі ў Беларусі», калі кантакты з Еўропай наладжваюцца, а сітуацыя ў краіне застаецца дрэннай. Ён, у прыватнасці, адзначыў, то Азербайджан цяпер старшынюе ў Радзе Еўропы. «Краіна, у якой поўна палітвязняў, у якой парушаюцца правы чалавека, старшынюе ў еўрапейскай структуры, створанай непасрэднай для абароны правоў чалавека і наладжвання атмасферы бяспекі, супрацы, павышэння ўзроўню жыцця. Не можа тут быць падвойных стандартаў», – падкрэсліў Бяляцкі.

Былы палітвязень мяркуе, што афіцыйны Менск хацеў бы палепшыць адносіны з ЕЗ, у першую чаргу эканамічныя, без зменаў палітычнай сітуацыі ў краіне. «Гэтага нельга дапусціць. Дапамога ці нейкія кантакты ЕЗ з Беларуссю мусяць быць вельмі цесна звязаны з паляпшэннем грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне і вызваленнем палітвязняў», – упэўнены Бяляцкі.

Бяляцкі лічыць, што пацяпленне адносін паміж Беларуссю і ЕЗ у 2008 годзе пайшло краіне на карысць: «Калі ўспомніць той час, то актывізацыя гэтых кантактаў істотна палепшыла сітуацыю ў беларускім грамадстве. Узровень страху быў досыць нізкім, праводзілася вельмі шмат грамадскіх і палітычных акцыяў, грамадска-палітычнае жыццё было, скажам так, не на такім мізэрным узроўні, на якім яно знаходзіцца цяпер».

МЯ, belsat.eu, паводле Таццяна Каравянкова, БелаПАН

Стужка навінаў