Палітолаг Карбалевіч: З аўтарытарнай дзяржавы Беларусь пераўтвараецца ў таталітарную


У Беларусі, дзе дзяржава за два гады знішчыла грамадскі сектар, распрацавалі і вынеслі на абмеркаванне  дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў закон «Аб асновах грамадзянскай супольнасці», а тыя ужо нават прынялі яго ў першым чытанні. Разбіраліся з палітолагам Валерам Карбалевічам, для чаго гэта ўсё робіцца.

20 снежня Палата праўстаўнікоў прыняла ў першым чытанні закон «Аб асновах грамадзянскай супольнасці». Паведамляецца, што законапраект быў унесены для разгляду Саветамі міністраў, але асабіста дакумент прадстаўлялі міністр юстыцыі Сяргей Хаменка і старшыня пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Генадзь Давыдзька.

Паводле прэсавай службы, законапраект вызначае паняцце грамадзянскай супольнасці і ўстанаўлівае асновы яго ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі «ў мэтах забеспячэння кансалідацыі намаганняў асобы, грамадства і дзяржавы па рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў».

Згодна з дакументам, грамадзянская супольнасць разглядаецца цяпер так – гэта «сукупнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю праз удзел у грамадскіх адносінах і інстытутах, не забароненых заканадаўствам».

Субʼектамі грамадзянскай супольнасці законапраект называе абʼяднанні грамадзян або юрыдычных асоб, «чыя статутная дзейнасць накіравана на вырашэнне асноўных задач узаемадзеяння дзяржаўных органаў (арганізацый) і грамадзянскай супольнасці».

Праектам закона ўстанаўліваецца, што дзяржорганы будуць узаемадзейнічаць з зарэгістраванымі ў Мінюсце субʼектамі грамадзянскай супольнасці, якія «маюць абласныя, Мінскую гарадскую арганізацыйныя структуры, а таксама зʼяўляюцца рэспубліканскімі грамадскімі абʼяднаннямі, колькасць членаў якіх складае не менш як 100 тыс. грамадзян; абʼядноўваюць не менш за палову зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь прафесійных саюзаў».

Палітолаг Валеры Карбалевіч пракаментаваў «Белсату» змест і наступствы прыняцця закона «Аб асновах грамадзянскай супольнасці».

Журналіст і палітолаг Валеры Карбалевіч.
Фота: liberalclubbelarus / Facebook

Паводле Карбалевіча, зараз у Беларусі склалася сітуацыя, якая дазваляе рэжыму «эвалюцыянаваць з аўтарытарнага ў таталітарны». Палітолаг адзначыў, што ў краіне «адбываецца павышэнне жорсткасці па ўсіх кірунках, з’яўляюцца новыя артыкулы крымінальнага кодэксу, якія павышаюць пакаранне за іншадумства». Апроч таго, на гэтым тле мяняецца заканадаўства ў галіне грамадзянскай супольнасці і неўзабаве будзе прыняты закон пра палітычныя партыі.

«За два гады была ліквідавана грамадзянская супольнасць. Цяпер пад гэты працэс падводзіцца юрыдычная база, стане зразумела, за што і якія арганізацыі будуць ліквідаваць, а якія не будуць. То бок, будуць рэгістравацца толькі тыя, якія будуць супрацоўнічаць з уладамі», – падкрэсліў Валеры Карбалевіч.

Паводле яго адзнакі, такі падыход, замацаваны юрыдычна, скіраваны супраць сутнасці грамадскай супольнасці: «Грамадзянская супольнасць – гэта дабравольныя аб’яднанні грамадзян, якія незалежныя ад улады і якія могуць нават апаніраваць уладзе. Таму калі забаронены незалежныя ад дзяржавы грамадзянскія аб’яднанні, то гэта значыць, што забаронена дзейнасць грамадзянскай супольнасці ўвогуле».

Паводле адзнакі палітолага, тыя арганізацыі, якія захоўваюцца, кшталту прафсаюзаў, «Белая Русь», БРСМ, «Саюз жанчын», «Саюз ветэранаў» – яны не грамадскія арганізацыі ў поўным сэнсе гэтага слова, а «створаныя дзяржавай для імітацыі дзейнасці грамадзянскай супольнасці. У міжнароднай практыцы такія арганізацыі называюцца Дзяржаўныя недзяржаўныя арганізацыі (ДНДА)».

«Гэта вельмі падобна на зварот да Савецкага саюзу, калі нават тэрміну такога не было «грамадзянская супольнасць». Грамадзянская супольнасць – гэта інстытут дэмакратыі заходняга тыпу. У Беларусі тэрмін пакінулі і выкарыстоўваюць, але яго сэнс кардынальна мяняецца і сітуацыя вяртаецца да савецкіх часоў», – падсумаваў Валеры Карбалевіч.

Аналітыка
Ліквідуюць – і што далей? Чаго чакаць няўрадавым арганізацыям і беларусам
2021.07.23 19:45

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў