У Беларусі вяртаюць крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў


Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 21 снежня прыняла адразу ў двух чытаннях праект закону «Аб змяненні кодэксаў». Чарговыя змяненні ўносяцца ў Крымінальны кодэкс і Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях. Вяртаецца крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя зліквідаваных ці незарэгістраваных арганізацыяў.

Праект Закону прадугледжвае крымінальную адказнасць за арганізацыю дзейнасці ці ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду, у дачыненні якіх набыло моц рашэнне аб ліквідацыі ці прыпыненні дзейнасці. Крымінальная адказнасць будзе таксама за арганізацыю дзейнасці ці ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду, якія не прайшлі дзяржаўнай рэгістрацыі.

Артыкул 423-1 КК прадугледжвае адказнасць за невыкананне рашэння аб спыненні дзейнасці арганізацыяў, прызнаных экстрэмісцкімі.

Таксама праект Закону прадугледжвае адміністратыўную адказнасць за парушэнне ўстаноўленай законам «Аб масавых мерапрыемствах» забароны на збор, атрыманне, выкарыстанне грашовых сродкаў, іншай маёмасці, выкананне працаў, аказанне паслугаў з мэтай кампенсацыі выдаткаў, абумоўленых прыцягненнем асобы да адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў.

Далей законапраект павінен паступіць у Савет Рэспублікі, пасля яго падпіша Аляксандр Лукашэнка. Па афіцыйным апублікаванні закон набудзе моц.

Крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя зліквідаванай ці незарэгістраванай арганізацыі ў Беларусі ўжо існавала – яе прадугледжваў артыкул 193-1 КК. Тры гады таму, 19 снежня 2018 года, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прагаласавалі за выключэнне гэтага артыкулу з Крымінальнага кодэксу. Тады ж за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ўвялі адміністратыўную адказнасць.

За час існавання артыкулу 193.1 КК да крымінальнай адказнасці паводле яго ў Беларусі былі прыцягнутыя 17 чалавек, з іх пяцярых пакаралі пазбаўленнем волі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў