На Ціханоўскую, Латушку, Кавалькову і іншых распачалі завочнае «спецыяльнае вядзенне». Што гэта?


Следчы камітэт Беларусі паведаміў 21 кастрычніка аб пачатку «спецыяльнага вядзення» супраць лідараў дэмакратычнага руху, якія цяпер за мяжою. Ад іх патрабуюць прыехаць у Менск і прыйсці ў Следчы камітэт.

Марыя Мароз, Павел Латушка, Святлана Ціханоўская, Вольга Кавалькова, Сяргей Дылеўскі.
Фота: Специальное производство / Telegram

«Спецыяльнае вядзенне» распачалі супраць нацыянальнай лідаркі і кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Святланы Ціханоўскай, лідара Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прадстаўніка Кабінету і сябра Прэзідыуму Каардынацыйнай рады Паўла Латушкі, даверанай асобы Ціханоўскай і сябра Прэзідыуму КР Вольгі Кавальковай, сябра Прэзідыуму КР і колішняга прадстаўніка страйкаму Менскага трактарнага заводу Сяргея Дылеўскага, кіраўніцы фонду «Краіна для жыцця» і колішняй кіраўніцы выбарчага штабу Ціханоўскай Марыі Мароз.

Усім пералічаным закідаюць цэлую калекцыю крымінальных артыкулаў: ад «Распальвання варожасці» да «Змовы з мэтай захопу ўлады». Ад усіх патрабуюць з’явіцца ў СК на адрас: Менск, вул. Фрунзе, 19.

«Спецыяльнае вядзенне», як тлумачыць СК, гэта вытворчасць у крымінальнай справе адносна абвінавачанага, які застаецца за межамі Беларусі і «ўхіляецца ад яўкі» да следчых. Такое вядзенне, а таксама завочныя суды, стала можна ладзіць пасля зменаў у законы, якія 21 ліпеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Артыкулы
Завочныя суды над беларусамі. Чаго чакаць і што рабіць, калі пазбаўляюць грамадзянства і маёмасці
2022.10.06 14:52

Першымі «ўганаравалі» такім вядзеннем людзей, якіх звязалі з Telegram-каналам «Чорная кніга Беларусі»: гэта Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Вольга Высоцкая, Валерыя Занямонская і Дзмітрый Навоша. Потым у спіс дадалі Аляксандру Герасіменю, Аляксандра Апейкіна і Дзмітрыя Салаўёва – першых двух за Фонд спартовай салідарнасці, трэцяга – імаверна, за кампанію «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Анансавалі, што збіраюцца таксама судзіць удзельнікаў і кіраўнікоў праваабарончага цэнтру «Вясна», Каардынацыйнай рады, тэлеграм-каналу «Nexta» і Валерыя Цапкалу.

І што рабіць тым, супраць каго такое распачалі?

Павел Латушка кажа «Белсату», што гэта «attention seeking»: пошук увагі да сябе з боку рэжыму Лукашэнкі.

«Калі не падвышаць градусу вар’яцтва, цябе проста перастануць успрымаць, – разважае Латушка. – І вось рэжым падвышае да чарговай адыёзнасці».

Ён нагадвае, што і раней казаў: да завочнага вядзення справы гатовы. Але хацеў бы, каб гэта ажыццяўлялася адкрыта – напрыклад, праз відэасувязь у Zoom, «калі нелегітымная ўлада не баіцца».

Павел Латушко, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Павел Латушка на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Ці сведчыць штосьці пра тое, што «спецыяльнае вядзенне» пачалі супраць менавіта такога набору людзей і менавіта цяпер? Латушка кажа: проста набылі моц змены заканадаўства («Калі гэта можна лічыць заканадаўствам», – адзначае ён), а крымінальныя справы супраць яго завялі ўжо даўно, гэтыя справы назапашваліся, цяпер ужо восем крымінальных артыкулаў.

На ягоную цяперашнюю дзейнасць гэта ніяк не паўплывае, абяцае Латушка:

«Я буду працягваць барацьбу з гэтым жудасным рэжымам, які дзее сёння ў Беларусі, які знішчае беларускую дзяржаву, беларускі народ. Гэта толькі яшчэ больш моцна мяне матывуе. Я ўпэўнены, што мы дасягнем гэтага выніку: што гэтая жудасць скончыцца не толькі датычна мяне асабіста, а адносна ўсіх беларусаў».

Вольга Кавалькова. Варшава, Польшча. 24 красавіка 2021 года.
Фота: Яна Пракапчук / Белсат

Вольга Кавалькова таксама кажа «Белсату», што згодная на судовае паседжанне праз Zoom ці на размову са следчымі праз відэасувязь. Яна згадвае, што такая практыка ўжо была – яна асабіста бачыла, што такія суды працуюць, калі была ў ізалятары на Акрэсціна.

«Я лічу, што гэта абсалютна незаконныя дзеянні, – кажа Кавалькова пра крымінальныя справы і «спецыяльнае вядзенне» супраць яе. – Ужо за два гады мы падрыхтаваныя, што такое можа адбыцца. Калі шчыра, я і не ведаю, як гэта каментаваць».

Што збіраецца рабіць сам Следчы камітэт у межах «спецыяльнага вядзення», не паведамлялася.

Святлана Ціханоўская ў Telegram пракаментавала рашэнне СК: «Што я магу сказаць пра гэта? Я толькі хачу падтрымаць усіх людзей, якія апынуліся ў гэтых спісах. Дзякуй вам усім за вашую працу. Дзякуй за тое, што мы разам. Дзякуй за тое, што вас не зламаць. Кожны, каго пераследаваў ці пераследуе рэжым, – памятайце: вы сапраўдныя героі Беларусі.

Я ведаю, што ў гэтага вялізны кошт. Але аднойчы ўсе гэтыя прыдуманыя крымінальныя справы будуць адмененыя. А гонар і сумленне – гэта тое, што застаецца назаўжды».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў