Вызваленне Фурманава, антырэкорд па ковід і новыя прысуды. Галоўнае за 21 кастрычніка


Belsat.eu падводзіць вынікі чацвярга, 21 кастрычніка.

Палітвязень выйшаў на свабоду

Дзмітрый Фурманаў з бацькамі пасля вызвалення. На волю выйшаў першы з асуджаных па «справе Ціханоўскага». Віцьба, Беларусь. 21 кастрычніка 2021 года.
Фота: svaboda.org

Палітвязень Дзмітрыя Фурманава выпусцілі з калоніі «Віцьба» ў Віцебску.

Дзмітрый быў сябрам ініцыятыўнай групы для вылучэння на прэзідэнта Святланы Ціханоўскай, яго затрымалі ў Горадні падчас пікету для збору подпісаў 29 траўня мінулага года.

Фурманаву прысудзілі 2 гады турмы за «арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак». Аднак пасля пераразліку паводле новага заканадаўства ягоны тэрмін скараціўся, дзякуючы чаму Фурманаў выйшаў з-за кратаў раней.

Бацька Дзмітрыя Фураманава распавёў «Белсату», што «Дзіма пачувае сябе добра і практычна ўвесь час у калоніі прабыў у карцары, без лістоў і перадачаў».

Абнавіўся антырэкорд у колькасці захварэлых на ковід

Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі за содні зарэгістравалі 2097 новых выпадкаў інфікавання каронавірусам. Калі арыентавацца на афіцыйную статыстыку, то гэта рэкордны паказнік за ўвесь час эпідэміі ў Беларусі.

Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі зарэгістраваныя 580 029 выпадкаў інфікавання каронавірусам. З іх ачунялі 552 415 пацыентаў.

За содні зафіксаваныя 17 смерцяў пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй.

Агулам з пачатку пандэміі ад COVID-19 памерлі 4466 асобаў, сведчыць Міністэрства аховы здароўя.

Між тым, афіцыйная статыстыка Мінздароўя наконт каронавіруса выклікае вялікі недавер у экспертаў і грамадскасці.

Аб’ектыў
Рэальная статыстыка ковід: «У моргу целы ляжаць у мяхах на сталах і падлозе»
2021.10.21 22:35

У Бабруйску мясцовыя ўлады ўвяліадмысловыя абмежаванні, што датычаць людзей без прышчэпкі ад каронавіруса

Паводле рашэння Бабруйскага гарадскога выканкаму трапіць у начныя клубы, казіно, рэстараны, бары, більярдныя ды іншыя ўстановы такога кшталту з 23:00 да 8:00 можна будзе толькі пры наяўнасці сертыфікату вакцынацыі або даведкі пра адмоўны ПЛР-тэст (у электронным ці раздрукаваным выглядзе).

Восьмы адміністратыўны арышт для мужа і жонкі

Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева.
Фота: Sprind96.org

Палітзняволеных сужэнцаў Сяргея Крупеніча і Анастасію Крупеніч-Кандрацьеву восьмы раз запар пакаралі адміністратыўным арыштам.

Яны павінны былі выйсці на волю 22 і 23 кастрычніка пасля амаль 100 сутак на Акрэсціна. Алё ў Ленінскім РУУСе на мужа і жонку бесперапынна працягваюць складаць пратаколы за перасыланне адзін адному навінаў з тэлеграм-каналаў, якія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі».

21 кастрычніка адбыўся чарговы суд: суддзя Таццяна Шоцік арыштавала Сяргея і Анастасію на 13 содняў кожнага. Муж і жонка агулам правядуць на Акрэсціна 112 і 111 содняў адпаведна.

Інтэрв’ю
Муж і жонка 3 месяцы пад арыштам за прыватную перапіску. Мяркуюць, што насамрэч – за паездку ў Польшчу
2021.10.11 16:28

Новы вырак па «пінскай справе» і пераслед сябраў Каардынацыйнай рады

У Берасці яшчэ два чалавекі атрымалі турэмныя тэрміны ў межах «пінскай справы», распачатай за пратэсты 9-10 жніўня 2020 года.

Сцяпан Дрозд атрымаў 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Ілля Бохан – 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вырак прагучаў у судзе Ленінскага раёну Берасця 21 кастрычніка ад Андрэя Грушка, які ўжо трапіў пад санкцыі Еўразвязу за палітычныя прысуды. Агулам па гэтай справе асудзілі ўжо асудзілі 26 чалавек.

У Менску 21 кастрычніка затрымалі сябра Каардынацыйнай рады Мікалая Шыбеку. У культуролага і сябра Каардынацыйнай рады Аксаны Зарэцкай адбыўся ператрус, але яе пакінулі на свабодзе.

Hавiны
Суды ў «карагоднай справе» працягнуцца, новы працэс – 25 кастрычніка
2021.10.21 14:37

Еўразвяз гатовы абмеркаваць новыя санкцыі

Сёння было абвешчана, што ЕЗ плануе на саміце ў Бруселі 22 кастрычніка разгледзіць магчымасць увядзення новых санкцыяў супраць афіцыйнага Менску з мэтай спынення нелегальнай міграцыі ў Еўропу праз тэрыторыю Беларусі.

«Тэма міграцыі стала яшчэ больш актуальнай для Польшчы, Літвы і Нямеччыны з-за гібрыдных акцыяў, якія ладзяцца прэзідэнтам Лукашэнкам. Мы пагаворым пра тое, якія яшчэ віды санкцыяў, эканамічных санкцыяў, мы можам прыняць, каб ясна паказаць, што мы асуджаем гэты від гандлю людзьмі», – заявіла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.

Аб’ектыў
Еўразвяз абяцае даць «моцны адказ» рэжыму Лукашэнка за міграцыйны крызіс на мяжы
2021.10.21 22:37

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў