Яўгеній Прыгожын у Афрыцы? З'явіўся першы за доўгі час зварот заснавальніка ПВК Вагнэра


Telegram-каналы, звязаныя з наймітамі, увечары 21 жніўня апублікавалі відэазварот Яўгенія Прыгожына. Сцвярджаецца, што ён цяпер знаходзіцца ў Афрыцы, аднак пацвердзіць ці зняпраўдзіць гэта пакуль немагчыма.

Яўгеній Прыгожын. Скрыншот з відэа grey_zone / Telegram

У апублікаваным відэа Прыгожын стаіць на фоне спецыфічнага пейзажу, які падобны на афрыканскі. За спіною заснавальніка ПВК Вагнэра, на пэўнай адлегласці, можна пабачыць два пікапы з узброенымі людзьмі.

«Працуем. Тэмпература +50 °. Усё як мы любім. «Група Вагнэра» праводзіць разведвальна-пошукавую дзейнасць. Робіць Расею яшчэ больш вялікай на ўсіх кантынентах! А Афрыку яшчэ больш свабоднай. Справядлівасць і шчасце для афрыканскіх народаў. Кашмарым «ІГІЛ», «Аль-Каіду» і іншых бандосаў. Бярэм на працу сапраўдных асілкаў і працягваем выкананне задач, якія былі пастаўленыя і якім мы давалі абяцанне, што справімся», – кажа на відэа Прыгожын.

Telegram-каналы таксама публікуюць тэлефонны нумар і электронную пошту, праз якія можна звязацца з прадстаўнікамі ПВК наконт набору на службу. Нумар пачынаецца на 8-800 – гэта негеаграфічны код, так званы freephone.

Невядома, дзе і калі было запісанае відэа Прыгожына. Пацвердзіць ці зняпраўдзіць знаходжанне бізнесоўца ў Афрыцы цяпер немагчыма. Варта ўлічваць, што вагнэраўскія Telegram-каналы неаднаразова лавілі на фэйках.

Гэта першае відэа з заснавальнікам ПВК Вагнэра пасля 19 ліпеня, калі ён вітаў сваіх наймітаў на беларускай зямлі. Пасля ў сеціве з’явілася толькі некалькі здымкаў Прыгожына, імаверна, з Санкт-Пецярбургу.

Аналітыка
Міна запаволенага дзеяння. Як мяцеж Прыгожына паўплываў на Расею і вайну
2023.07.28 19:57

Нагадаем, 15 ліпеня стала вядома, што ў Беларусь прыбыла першая вялікая калона Групы Вагнэра. Цягам ліпеня колькасць наймітаў у краіне нарошчвалася, дасягнуўшы 6,5–7 тысячаў байцоў.

Аналітыка
«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў
2023.07.26 08:00

Разам з тым у жніўні пачалі распаўсюджвацца чуткі, што найміты пакідаюць краіну. З 5 жніўня ў чаце сваякоў наймітаў адно за іншым сталі з’яўляцца паведамленні, быццам вагнэраўцаў вывозяць з Беларусі – адпраўляюць дамоў у адпачынак, а потым тых, у каго ёсць замежны пашпарт, імаверна, выправяць у Афрыку.

Аднак пакуль не існуе ніякіх доказаў вываду наймітаў з Беларусі. Некаторыя эксперты выказвалі меркаванне, што гэта была дэзынфармацыя з боку вагнэраўцаў, каб знізіць пільнасць суседзяў Беларусі.

Агляд
ПВК Вагнэра ўжо месяц у Беларусі: што дакладна вядома і якія пытанні застаюцца без адказу
2023.08.15 08:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў