Каляндарнае лета набліжаецца да завяршэння, але спякота не сыходзіць


Сёлетні жнівень разбурае стэрэатыпы. Апошні месяц лета трывае спёка. Дзякуючы шырокаму антыцыклону, які характарызуецца высокім ціскам, блакуецца прасоўванне атлантычных цыклонаў, якія нясуць у Еўропу прахалоду і дажджы, паведамляе Белгідрамет.

Дзяўчаты кураць кальян на беразе Менскага мора. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

У нядзелю і панядзелак 21–22 жніўня магчымы дождж, месцамі навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 12 да 19 градусаў цяпла, а днём паветра прагрэецца да 31 градуса.

На працягу тыдня антыцыклон будзе ўзмацняць свой уплыў. У Беларусь прыйдуць паветраныя масы з субтропікаў Азіі, і стане яшчэ гарачэй.

У аўторак, 23 жніўня, сіноптыкі прагназуюць дажджы і навальніцы на захадзе краіны. Уначы чакаецца ад 13 да 19 цяпла, а ўдзень паветра прагрэецца да 27–33 градусаў.

Пры канцы тыдня, 24–26 жніўня, будзе сонечна і без ападкаў. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад 13 да 20 са знакам плюс, удзень чакаецца спёка: слупкі тэрмометраў падымуцца да 29–34 градусаў цяпла, у асобных раёнах краіны магчымая спёка нават да +35 .

У выніку тэмпература вады ў рэках і вадаёмах складзе ад 16 да 25 градусаў.

Белгідрамет нагадвае правілы паводзінаў у спякоту:

  • удзень зачыняць вокны і адчыняць іх толькі на ноч. Па магчымасці, у гадзіны найбольшага павышэння тэмпературы заставацца ўдома;
  • штодня неабходна выпіваць па 1,5–2 літры вады, пазбягаць ужывання алкаголю, а таксама напояў, якія змяшчаюць кафеін і вялікую колькасць цукру;
  • насіць галаўныя ўборы і адзенне светлых тонаў, абмежаваць перабыванне на сонцы;
  • штодзённы рацыён харчавання варта змяніць на карысць летніх салатаў, мінеральнай вады, сокаў і халодных супоў;
  • кіроўцам не рэкамендуецца сядаць за стырно ў санцапёк, калі аўтамабіль не абсталяваны кандыцыянерам.
Фота
Рэкі перасыхаюць, лясы гараць, жывёлы і расліны паміраюць. Кліматычныя падзеі свету ў здымках
2022.08.20 18:25

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў