Ад Дэлі да Менску. Найбольш яскравыя маніфестацыі 21-га стагоддзя


16 жніўня 2020 года сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы Менску ды іншых гарадоў краіны, дэманструючы прагу мірных пераменаў, імкненне вярнуць законнасць і сцвярджаючы свой выбар Святланы Ціханоўскай як прэзідэнткі Беларусі. Гэтая маніфестацыя стала найбольш масавай за ўсю гісторыю Беларусі. Прыгадаем падобныя падзеі ў іншых краінах за апошнія 20 гадоў.

Украіна. За справядлівыя выбары

Прэзідэнцкія выбары ва Украіне ў 2004 годзе адбываліся на фоне маштабных фальсіфікацыяў, карупцыі, падману, подкупу і запужвання выбарцаў. Незалежныя апытанні аддавалі перамогу нацыянал-дэмакратычнаму кандыдату Віктару Юшчанку, але афіцыйныя вынікі другога туру абвесцілі перамогу прарасейскага Віктара Януковіча.

У адказ падчас і пасля другога туру выбараў украінцы арганізавалі масавыя мірныя пратэсты, страйкі і акты грамадскага непадпарадкавання. Цэнтрам змагання за сумленны падлік галасоў стаў Кіеў, дзе на вуліцы выйшлі да 500 тысяч пратэстоўцаў. У мароз, пад снегам пратэсты працягваліся ўдзень і ноччу.

Першы дзень Аранжавай рэвалюцыі. Побач з украінскімі лунаюць беларускія і грузінскія сцягі. Крыніца: ZoomViewer

У выніку палітычнага ціску Вышэйшы суд Украіны прызначыў новае галасаванне для другога туру выбараў. Віктар Юшчанка набраў 52 % галасоў і стаў прэзідэнтам краіны. Колерам ягонай кампаніі быў аранжавы, у сувязі з чым падзеі атрымалі назву Аранжавай рэвалюцыі.

Артыкулы
«Беларусь адкінутая на 20 гадоў назад». Як мы змяніліся за паслявыбарчы год і чаго чакаць далей?
2021.08.09 10:00

Ліван. За незалежнасць і законнасць

У лютым 2005 года ліванскі экс-прэм’ер Рафік Харыры быў забіты ў выніку выбуху магутнай бомбы. У той час Ліван ужо 30 гадоў заставаўся пад фактычным ваенным кантролем Сірыі і яе ўнутрыліванскіх хаўруснікаў – найперш шыіцкай тэрарыстычнай арганізацыі «Хізбула». Пад кантролем сірыйцаў і прасірыйскіх сілаў заставалася значная частка ліванскіх дзяржаўных структураў.

Харыры быў у канфлікце з сірыйскім кіраўніцтвам, таму шмат хто палічыў, што менавіта Дамаск вінаваты ў забойстве. Раней адбываліся спробы забойства і іншых антысірыйскіх палітыкаў. Гэта выклікала працяглыя масавыя акцыі пратэсту ў Ліване супраць прысутнасці ў краіне войскаў Сірыі, а таксама супраць прасірыйскіх сілаў ва ўрадзе. Сотні тысяч пратэстоўцаў выходзілі на вуліцы ў краіне з насельніцтвам каля 6 мільёнаў чалавек.

Аматарскае відэа пра Кедравую рэвалюцыю. Крыніца: Steven Saikaly

Адбылася яшчэ серыя палітычных забойстваў лідараў антысірыйскай апазіцыі. Ахвярамі выбухаў былі найперш жыхары хрысціянскіх квартаў ліванскіх гарадоў.

Масавыя пратэсты разам з міжнародным ціскам (у 2004 годзе Рада бяспекі ААН прыняла рэзалюцыю пра вывад сірыйскіх войскаў і раззбраенне «Хізбулы») прывялі да змены ўраду Лівану, а пазней і да вызвалення Лівану ад сірыйскай ваеннай прысутнасці.

Лозунгам пратэстаў сталі словы «Свабода, Суверэнітэт, Незалежнасць», сімвалам – нацыянальны сцяг з выяваю ліванскага кедра. Гэтыя падзеі сталі называць Кедравай рэвалюцыяй.

Артыкулы
Змененыя жніўнем: год беларусаў у фотаздымках
2021.08.11 19:36

Ліберыя. За мір у краіне

2003 год. У афрыканскай Ліберыі 4 гады ідзе чарговая грамадзянская вайна. Людзі падзеленыя паводле прыналежнасці да таго ці іншага племені, да той ці іншай рэлігіі, баевікі ваявалі супраць іншых – прычым адных з іх падтрымліваў цэнтральны ўрад краіны. Абодва бакі выкарыстоўвалі гвалтоўна ўключаных у ваенныя фармаванні дзяцей, якія часта былі залежныя ад какаіну ды іншых наркотыкаў.

Ліберыйскія баевікі рознага веку падчас грамадзянскай вайны. Крыніца: James G. Antal, R. John Vanden Berghe

Тады група ліберыйскіх жанчын, мусульманак і хрысціянак, арганізавала рух «Масавае дзеянне ліберыйскіх жанчын за мір». Яны выйшлі на мірныя пратэсты, у тым ліку пагражаючы праклёнамі ды адмаўляючы мужчынам у сексе, пакуль тыя ваююць. Жанчыны прымусілі прэзідэнта краіны сустрэцца з імі, а ўсе бакі вайны – сесці і падпісаць мірныя дамовы. Яны нават блакавалі дзверы і вокны ў тых памяшканнях, дзе адбываліся паседжанні прадстаўнікоў варагоўцаў.

Вайна закончылася, а ў 2005 годзе ў Ліберыі на пасаду прэзідэнта абралі жанчыну – Элен Джонсан-Сэрліф. Яна была пераабраная на гэтую пасаду ў 2011 годзе і атрымала Нобэлеўскую прэмію міру.

Туніс. За дэмакратыю

У 2010 годзе тунісцы перажывалі цяжкі эканамічны крызіс, пакутавалі ад беспрацоўя, росту коштаў на харчы, квітнела карупцыя, была дрэнная інфраструктура і не хапала жытла. Дыктатарскі рэжым Зайна аль-Абідына бін Алі, які захапіў уладу праз дзяржаўны пераварот у 1987 годзе, абмяжоўваў усе грамадзянскія свабоды насельніцтва.

17 снежня 2010 года паліцыя збіла 26-гадовага Мухамэда Буазізі ды забрала ягонае майно – тачку з гароднінай. Хлопец, ад якога залежала выжыванне вялікай сямʼі, пайшоў па інстанцыях, але не змог дамагчыся вяртання ўласных тавараў. І з адчаю спаліў сябе перад будынкам гарадскіх уладаў.

Пратэстоўцы ў Тунісе падчас змагання супраць дыктатуры. Крыніца: M. Rais

Гэты выпадак выклікаў масавыя пратэсты, на якія паліцыя адказала гвалтам. Аднак у адказ на гвалт выбухнулі яшчэ больш масавыя пратэсты і страйкі ва ўсёй краіне. Змаганне працягвалася месяц, і ў выніку дыктатар збег з краіны. Палітычныя карныя органы і ўрадавая партыя былі распушчаныя, палітвязняў вызвалілі ды склікалі Устаноўчы сход. Краіна пачала складаны пераход да дэмакратыі.

Індыя. За жыццё і годнасць дачок і сёстраў

Як мінімум з 2012 года пытанне сексуальнага гвалту і дамаганняў стала ў Індыі рубам. Тады калектыўнае згвалтаванне і забойства маладой жанчыны ў Дэлі выклікала масавыя пратэсты, што прымусілі палітыкаў памяняць законы пра сексуальны гвалт. Пратэсты былі выкліканыя найперш тым, што людзі не адчувалі, што ўлады і паліцыя дастаткова жорстка ставяцца да такіх злачынстваў. Акрамя таго, частка грамадства вінаваціць ахвяраў, а не злачынцаў.

Маніфестацыі прывялі да таго, што вінаватыя ў згвалтаваннях у 2012 годзе былі не зняволеныя, а павешаныя, аднак гучныя злачынствы такога роду адбываюцца зноў і зноў. Паводле афіцыйных звестак за 2019 год, у Індыі кожны дзень адбываецца 88 згвалтаванняў. Праходзяць і маштабныя маніфестацыі супраць сексуальнага гвалту.

Артыкулы
Культавыя месцы Менску, якія ўлады знішчылі за апошні год. Што там цяпер?
2021.08.11 10:00

Асабліва часта пры гэтым гучыць тэма далітаў. Гэта людзі, якія раней належалі да самага ніжэйшага слою індыйскага грамадства – так званай «касты недатыкальных». Фармальна касты ў індыйскім грамадстве ліквідаваныя, аднак шмат якія прыхільнікі індуізму дагэтуль прытрымліваюцца каставых звычаяў. У прыватнасці, гэта азначае частыя выпадкі гвалту і прыніжэння ў дачыненні далітаў. Даліты таксама часта пераходзяць у рэлігію, што адмаўляе каставасць, – хрысціянства, і гэта дадаткова выклікае агрэсію да іх з боку індуістаў.

Гэтак, у гэтым годзе ў Дэлі адбылося забойства і спроба спаліць цела 9-гадовай даліцкай дзяўчынкі толькі за тое, што тая прыйшла папрасіць вады, якой карысталіся індуісты, што належалі да больш высокіх кастаў. Аналагічныя выпадкі здарыліся і летась.

РЛ, belsat.eu

Стужка навінаў