Сілавікі рассылаюць паведамленні з просьбай выйсці з чатаў, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі»


Беларусам у Telegram сталі прыходзіць паведамленні ад невядомага карыстальніка, у якіх людзей просяць выйсці з чатаў, прызнаных «экстрэмісцкімі». У канцы паведамлення стаіць подпіс «з павагай, ГУБАЗіК МУС Рэспублікі Беларусь». Пра гэта расказвае партал «Зеркало».

Адна жанчына падзялілася скрыншотам такога паведамлення. У ім яе папрасілі выйсці з раённага тэлеграм-чату, прызнанага судом «экстрэмісцкім». За ігнараванне просьбы прыгразілі адміністрацыйнай справай.

Паведамленне ў Telegram, якое ў ліпені 2023 года атрымала беларуска. Крыніца: zerkalo.io

«Было непрыемна, як быццам за табой хтосьці падглядвае ў замочную шчыліну. Я заблакавала адпраўніка, ён у чорным спісе зараз падпісаны як «выдалены акаўнт». Я не разумею, чаму людзі не могуць быць ў дваровых чатах, чаму іх прызнаюць экстрэмісцкімі», – дзеліцца жанчына, якой прыйшло паведамленне.

Таксама, паводле інфармацыі парталу, такія паведамленні прыходзілі яшчэ некалькім беларусам.

Нагадаем, з 2020 года «экстрэмісцкімі» матэрыяламі былі прызнаныя больш за 500 розных чатаў у Telegram.

Падобныя выпадкі былі ў 2021 годзе, калі карыстальнікі Telegram пачалі атрымліваць паведамленні ад невядомых кантактаў з патрабаваннем з’явіцца ў міліцыю, таму што іх дадзеныя ёсць у платформе «Голас», якая «зʼяўляецца агрэгатарам асабістай інфармацыі дэструктыўна настроеных грамадзян». У рэальнасці гэта была спам-рассылка з фэйкавай інфармацыяй. Тады «Голас» абверг чуткі аб уцечцы дадзеных карыстальнікаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў