Міністэрства юстыцыі хоча зліквідаваць Беларускую асацыяцыю журналістаў


Пазоў аб ліквідацыі Мінюст ужо накіраваў у Вярхоўны Суд.

Нагода для ліквідацыі – «паўторныя парушэнні заканадаўства».

14 ліпеня ў офісе БАЖу прайшоў ператрус без прысутнасці супрацоўнікаў офісу. Папярэдні ператрус быў 16 лютага. 15 ліпеня Мінюст вынес Беларускай асацыяцыі журналістаў папярэджанне. 20 ліпеня стала вядома, што ўлады замарозілі аперацыі на рахунку БАЖ.

Hавiны
Мінюст вынес папярэджанне БАЖ
2021.07.15 18:20

«Мінюст запусціў працэс ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Нам ставяць у віну непрыняцце мераў у сувязі з папярэджаннем, якое вынеслі на мінулым тыдні. Мы фізічна не можам гэтага зрабіць, паколькі за дзень да атрымання папярэджання офіс арганізацыі быў узламаны, абшуканы і апячатаны. Мы праінфармавалі пра гэта Мінюст.

Усё відавочна. Улада хоча брутальна прыкончыць самую актыўную журналісцкую арганізацыю краіны, сябра Міжнароднай і Еўрапейскай асацыяцыі журналістаў», – пракаментаваў дзеянні Мінюсту намеснік старшыні БАЖу Барыс Гарэцкі.

Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» – добраахвотнае, недзяржаўнае, непартыйнае аб’яднанне грамадзянаў, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю альбо спрыяюць яе развіццю.

БАЖ працуе з восені 1995 года.

З 1997 г. БАЖ – асацыяваны сябра Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ).

З 2013 г. БАЖ – сталы сябра Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ).

З 1998 г. БАЖ вядзе маніторынг парушэнняў свабоды выказвання і правоў СМІ. У арганізацыі існуе сетка ўласных карэспандэнтаў па ўсёй Беларусі, якія аператыўна збіраюць і дасылаюць інфармацыю аб стане СМІ ў сваім рэгіёне.

На сённяшні дзень БАЖ налічвае больш за 1200 сябраў, якія працуюць у розных перыядычных выданнях, на радыё і тэлебачанні, у выдавецкіх кампаніях. Некаторыя сябры арганізацыі з’яўляюцца супрацоўнікамі дзяржаўных медыяў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў