Вадзім Кабанчук: «Чым бліжэй дзяржава да краху, тым больш бязглуздымі робяцца розныя дзеянні і законы»


Прэс-сакратар МЗС Беларусі перасцерагае Польшчу ад нападу і пагражае жорстка дзейнічаць у адказ. Што стаіць за гэтымі пагрозамі Анатоля Глаза і чаго баіцца рэжым Лукашэнкі, у жывым эфіры «Белсат» нам распавёў намеснік камандзіра палка Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук.

Цалкам размову глядзіце ў нашым відэа:

«Відавочна, што за гэтымі словамі стаіць іх страх, іх страх перад тымі грамадзянамі Беларусі, якія гатовыя да рашучых дзеянняў, гэта ў першую чаргу, дзеянняў, скірованых на спыненне злачынства, якое доўжыцца ўжо вельмі працяглы час. Я нават не бяру 2020 год, дыктатура ў нас усталяваная значна раней. І, безумоўна, патрыёты Беларусі рыхтуюцца да дэакупацыі Беларусі. Бо Беларусь па сённяшні час – гэта краіна пад унутранай і вонкавай акупацыяй».

Па словах Кабанчука, уладам не дае спакою тое, што яны фактычна не пакінулі беларусам іншага выйсця, як толькі рашучымі дзеяннямі знесці дзейны рэжым.

«Сапраўдныя тэрарысты – гэта яны, гэта сілавікі, якія зладзілі тэрор беларусаў у стылі 37-га года з 20-га года і па сённяшні час. І рана ці позна гэтаму будзе пакладзены край. Яны гэта адчуваюць. На сённяшні час ва Украіне перамалваецца расейская армія – гэта першая перадумова для дэакупацыі Беларусі. Яны выдатна гэта разумеюць і таму нервуюцца».

Лукашэнка ў камандным пункце ВПС і войскаў СПА.
Фота: president.gov.by

Таксама са страхам рэжыму Лукашэнкі перад магчымым сілавым вызваленнем нашай краіны, паводле Вадзіма Кабанчука, звязаныя новыя крымінальныя справы супраць старшыні Беларускага дому ў Варшаве Алеся Зарэмбюка, спробы звязаць яго з палком Каліноўскага і вялізарныя прысуды актывістам у Беларусі.

«Чым бліжэй дзяржава да краху, тым больш бязглуздымі робяцца розныя дзеянні і законы. Гэта мы бачым сваімі вачамі. Калі яны ўжо бульдозерамі руйнуюць цэрквы, калі яны руйнуюць могілкі польскіх жаўнераў, да гэтага яны руйнавалі Курапаты. Відавочна, што яны ідуць да свайго краху».

Урочышча Курапаты. Менск, Беларусь. Кастрычнік, 2022.
Фота: Белсат

Намеснік камандзіра палка Кастуся Каліноўскага ўпэўнены, што гэты лукашэнкаўскі рэжым скончыць такім жа чынам, як і іншыя рэжымы да яго. У сваю чаргу полк гатовы на супрацу з усімі, хто дэкларуе вызваленне нашай краіны.

«Мы спадзяемся на тое, што мы як адзіны народ, беларусы, не будзем ваяваць адзін супраць аднаго – гэта самы, канешне, скрайні, самы горшы сцэнар для Беларусі. Мы спадзяемся на тое, што беларускія хлопцы і дзяўчаты, якія служаць у Збройных сілах Беларусі, зразумеюць нарэшце, што фактычна яны пакрываюць двух дыктатараў-вар’ятаў».

Вадзім Кабанчук – баец палка Кастуся Каліноўскага. Ён адказвае за тактычную падрыхтоўку байцоў і за адміністратыўныя справы палка. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Вадзім Кабанчук заклікае нашых грамадзянаў да найхутчэйшага абуджэння і ўсвядомлення, што вайна можа прыйсці і на тэрыторыю Беларусі. Бо Лукашэнка і Пуцін вядуць нас менавіта пад гэткі сцэнар. Але ці можа на дадзены момант весціся гаворка пра чарговае ўварванне з нашай тэрыторыі ва Украіну?

«Я не буду казаць, што ўварванне магчымае, але гэта перманентная пагроза. Таму што яны могуць сабраць групіроўку з дапамогай расейскіх войскаў і тое, што яны зрабілі ў 2022-ім годзе, гэта можа паўтарыцца. Гэта пастаянная праблема для Украіны, якую трэба будзе вырашаць супольна», – падкрэслівае намеснік камандзіра палка Кастуся Каліноўскага.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў