Беларусы ва Украіне запусцілі «Трыбунал», каб збіраць доказы злачынстваў рэжыму Лукашэнкі


Зарэгістраваны ва Украіне дабрачынны фонд «Вільна Білорусь» распачаў даследчы праект «Трыбунал», піша «Радыё Свабода». Мэта праекту – збор, фіксацыя і бяспечнае захоўванне інфармацыі аб злачынствах прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.

Менск, Беларусь. 13 верасня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

«Трыбунал» будзе збіраць звесткі як пра злачынствы, якія трапляюць пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду, такія як «генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы», так і пра тыя, якія падпадаюць пад Крымінальны кодэкс Беларусі.

Паводле стваральнікаў «Трыбуналу», яны ўжо валодаюць «дзясяткамі гігабайт інфармацыі» пра злачынствы розных маштабаў, пачынаючы ад прадстаўлення тэрыторыі Беларусі для ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну, што можна кваліфікаваць як «злачынства агрэсіі», заканчваючы «злачынствамі вандалізму, якія чыняць прадстаўнікі ўлады», калі, напрыклад, знішчаюць польскія пахаванні. Цяпер усе дадзеныя праходзяць верыфікацыю.

Hавiны
Вячорка: Дакументы супраць Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд перададуць у ліпені
2023.06.07 00:50

Вынікам працы стваральнікаў «Трыбуналу» будзе спіс асобаў, прадстаўнікоў рэжыму і іх памагатых, на кожнага будзе складзена дасье. Сабраныя звесткі будуць выкарыстоўвацца для інфармавання беларусаў і сусветнай грамадскасці, а ў будучыні яны могуць спатрэбіцца падчас расследаванняў, судовых разбіральніцтваў і пры правядзенні люстрацыі.

Каментар
Ва Украіне могуць выдаць ордар на арышт Лукашэнкі за «аздараўленне» дзяцей з акупаваных тэрыторыяў
2023.05.24 23:52

Фармаванне базы звестак будзе адбывацца з адкрытых крыніц, СМІ, сацсетак, а таксама сведчанняў відавочцаў злачынстваў. Для гэтага на сайце праекту запусцілі чат-бот.

Стваральнікі «Трыбуналу» упэўненыя, што чым больш інфармацыйных рэсурсаў і людзей будзе займацца зборам такіх звестак, тым лепш, бо «злачынстваў вялізная колькасць» і важна, каб ніводнае не засталося беспакараным.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў