Ва Украіне могуць выдаць ордар на арышт Лукашэнкі за «аздараўленне» дзяцей з акупаваных тэрыторыяў


Украінскія праваахоўныя органы могуць выпісаць ордар на арышт Аляксандра Лукашэнкі за датычнасць да дэпартацыі дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый. Пра гэта ў эфіры «Белсату» заявіў кіраўнік камітэту замежнай палітыкі Вярхоўнай Рады Аляксандр Мэрэжка, каментуючы расследаванне, што вядзе Генпракуратура Украіны.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Данбасу і Запарожжа прыехалі «на аздараўленне» ў Беларусь. 25 красавіка 2023 года.
Фота: Алексей Талай / vk.com

У Генеральнай пракуратуры Украіны раней паведамілі, што распачалі крымінальныя справы за прымусовую перавозку больш за 19 тысяч дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў, у тым ліку ў Беларусь. У Менску не хаваюць, што прымаюць няпоўнагадовых украінцаў, аднак сцвярджаюць: гэта не дэпартацыя, а аздараўленне.

Кіраўнік камітэту замежнай палітыкі Вярхоўнай Рады Аляксандр Мэрэжка ў эфіры «Белсату» адзначыў, што адмысловая канвенцыя, ухваленая яшчэ ў 1948 годзе Генасамблеяй ААН, прызнае генацыдам перадаванне дзяцей з адной сацыяльнай групы ў іншую. Таму Беларусь, на меркаванне дэпутата, – суўдзельніца Расеі ў гэтым злачынстве:

«Генацыд – злачынства і паводле міжнароднага права, і паводле нацыянальнага ўкраінскага права. Генпракуратура, якая пачала расследаванне, мусіць раскрыць гэтае злачынства, выразна паказаць склад злачынства, суб’ект, які здзейсніў гэтае злачынства. І, вядома, я не выключаю таго, што на нейкім этапе зʼявіцца і ордар на арышт Лукашэнкі».

Hавiны
Украіна расследуе датычнасць рэжыму Лукашэнкі да дэпартацыі дзяцей
2023.05.24 08:56

Раней Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна за дэпартацыю дзяцей з украінскіх тэрыторыяў. Такая ж доля можа чакаць і Лукашэнку, сказаў Мэрэжка:

«Выразна прасочваецца тое, што рэжым Лукашэнкі з’яўляецца суўдзельнікам у вельмі цяжкіх міжнародных злачынствах, што здзяйсняе дзяржава-агрэсар Расея. На жаль, дадалося яшчэ адно цяжкае злачынства: суўдзел у генацыдзе ўкраінскага народу».

Старшыня камітэту замежнай палітыкі Вярхоўнай Рады таксама выказаў упэўненасць, што некалі Лукашэнку ды іншым датычным да дэпартацыі маленькіх украінцаў давядзецца несці адказнасць.

«Гэта проста пытанне часу. Часам міжнародная сістэма правасуддзя дзейнічае даволі працягла, але вынік заўсёды вядомы. Ад гэтага нельга схавацца. І я ўпэўнены, што абавязкова настане момант, калі ўсе суўдзельнікі будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці», – падсумаваў Мэрэжка.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Украіны на чыгуначным вакзале ў Менску. 25 красавіка 2023 года.
Фота: Алексей Талай / vk.com

Тым часам у Еўрапарламенце палічылі справядлівым тое, што Украіна пачала расследаваць суўдзел Менску ў дэпартацыі дзяцей. Так карэспандэнту «Белсату» сказала латышская дэпутатка Сандра Калніетэ.

«Я шчыра перакананая, што Лукашэнка мусіць атрымаць такі ж самы ордар на арышт Міжнароднага трыбунала ў Гаазе, які ўжо атрымаў Пуцін. Але не толькі за гэта мусіць несці адказнасць дыктатар Беларусі. Лукашэнка павінен быць прыцягнуты до адказнасці і за тое, што даў расейскім узброеным сілам тэрыторыю Беларусі для ўдару па Украіне, за тое, што расейскіх салдатаў трэнуюць на вашай тэрыторыі. І Беларусь мусіць атрымаць такі ж статус, як і Расея: краіны, што падтрымлівае тэрарызм», – заявіла Калніетэ.

Hавiны
Польшча заклікае ЕЗ увесці санкцыі супраць уладаў Беларусі за ўдзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей
2023.05.17 12:21

Справаздачу пра тое, што 2150 украінскіх дзяцей былі адпраўленыя ў дзіцячыя лагеры і санаторыі на тэрыторыі Беларусі без дазволу дарослых, падрыхтавала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, якое ўзначальвае Павел Латушка. Ён сказаў «Белсату», што галоўная мэта – пакараць Лукашэнку, нават калі гэта здарыцца не заўтра.

«Так, хтосьці, можа, скажа: ну, калісьці яму там выдадуць ордар, калісьці яго затрымаюць. Але заўсёды ўсе дыктатары, у адносінах да якіх быў выдадзены ордар на арышт, канчалі альбо смерцю, альбо ў турме. Таму гэта той сцэнар, які цяжкі, можа, доўгі, працяглы, але мы будзем ісці гэтай дарогай», – падкрэсліў Латушка.

Каментар
Чым Лукашэнку пагражае расследаванне дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь
2023.05.24 19:55

belsat.eu

Стужка навінаў