У Бруселі распачаўся форум Каліноўскага: «За нашу і вашу свабоду»


Канферэнцыя Каліноўскага, што раней праводзілася ў Вільні, 21 чэрвеня ўпершыню праходзіць у Бруселі – сталіцы Бельгіі і Еўразвязу. На канферэнцыі сёння абмяркуюць рэжым Лукашэнкі ў кантэксце вайны ва Украіне, рэпрэсіі ў Беларусі і лёсы палітычных зняволеных, шляхі стрымлівання гвалту рэжыму Лукашэнкі, сітуацыю з незалежнымі медыямі і дзяржаўнай прапагандай у Беларусі.

Канферэнцыю адкрылі відэазваротам прэм’ер-міністра Польшчы Матэўша Маравецкага. Ён згадаў, што Украіна амаль чатыры месяцы змагаецца «за нашу і вашу свабоду», і што два гады таму ў Беларусі распачаўся працэс, які немагчыма спыніць: «Беларускі народ гатовы да зменаў». Паводле Маравецкага, поспех Украіны пакажа беларусам, што перамены магчымыя.

Форум Кастуся Каліноўскага ў Бруселі.
Фота: Белсат

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце заўважыла, што на канферэнцыі Каліноўскага цяжка знайсці, што сказаць новага: згадала расейскую агрэсію ў Чачэніі, буйныя кібератакі Расеі на Эстонію, вайну ў Грузіі і анексію Крыму… Але цяпер, заўважыла яна, «мы нарэшце пачалі называць вайну вайной, а агрэсара агрэсарам» – пасля 24 лютага і поўнамаштабнага нападу Расеі на Украіну. Яна згадала загалоўкі пра «захаванне твару Пуціна» і ідэю зняць частку санкцыяў з Лукашэнкі ў абмен на транзіт збожжа – «нібы не было забойстваў у 1999 годзе», «нібы не было тэракту ў менскім метро», «нібы былі забытыя пратэсты 2020 года, палітвязні, уцекачы».

Палягчэнне санкцыяў будзе весці толькі да далейшых і мацнейшых рэпрэсій у Беларусі, заявіла Шыманіце. Еўропа, казала яна, рызыкуе стаць нерэлевантнай, трапіць у забыццё, калі «не будзе вучыцца на сваіх памылках», «калі мы будзем толькі дэклараваць, а не патрабаваць».

Форум Кастуся Каліноўскага ў Бруселі.
Фота: Белсат

Святлана Ціханоўская ў вітальным відэазвароце згадала гісторыю паўстання Кастуся Каліноўскага, а таксама дэвізу «за нашу і вашу свабоду». Цяпер, сказала Ціханоўская, яна ганарыцца беларусамі, якія змагаюцца ў Беларусі і Украіне «за нашу і вашу свабоду». Лёсы Беларусі, Украіны і Еўропы павязаныя, перакананая яна, і без свабоднай Беларусі не будзе свабоднай Украіны, як і наадварот. Яна заклікала не забываць пра Беларусь і пра тое, што гэта не Расея, што беларусы не падтрымліваюць расейскай вайны.

У цяперашнім фінальным дакуменце адносна еўрапейскай перспектывы Украіны, Малдовы і Грузіі яна прасіла згадаць і Беларусь. Таксама яна заклікала падтрымаць беларусаў візамі, адукацыйнымі праграмамі і «ўсім, што не ёсць супрацай з рэжымам». 2022 год – «крытычны тэст для нашай еднасці» Беларусі і Еўропы, і толькі разам можна змагацца «за нашу і вашу свабоду», рэзюмавала Ціханоўская.

Форум Кастуся Каліноўскага ў Бруселі.
Фота: Белсат

Еўрапейскі камісар у пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Олівэр Вархэі ў відэазвароце запэўніў, што пытанне Беларусі – прыярытэтнае для Еўропы. Жорсткая спроба рэжыму здушыць галасы беларусаў не можа застацца забытай, сказаў ён і згадаў доўгі спіс санкцыяў і падтрыманне беларусаў пасля жніўня 2020 года, у тым ліку фінансавае падтрыманне пацярпелых ад рэпрэсіяў і адукацыйныя магчымасці для студэнтаў з Беларусі, падтрыманне незалежных медыяў, план інвестыцыяў у будучую дэмакратычную Беларусь.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў