Мітынгі, перформансы, напісанне лістоў. Як беларусы адзначылі Дзень палітвязня


Акцыі з нагоды Дня беларускіх палітвязняў 21 траўня прайшлі ў 19 краінах і 39 гарадах. 

Варшаўвская акцыя салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі
Удзельнікі акцыі памяці Вітольда Ашурка спяваюць перад пачаткам шэсця. Варшава, Польшча. 21 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У Варшаве некалькі сотняў беларусаў сабраліся на мітынг салідарнасці на Плошчы Канстытуцыі. Перад удзельнікам выступілі былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў, галоўны рэдактар «Gazeta Wyborcza» Адам Міхнік, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, сяброўка Вітольда Ашурка Вольга Быкоўская, а таксама польскія і беларускія палітыкі і праваабаронцы.

Варшаўвская акцыя салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі
Удзельнікі акцыі памяці Вітольда Ашурка ідуць шэсцем па Варшаве. 21 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Потым удзельнікі пайшлі шэсцем праз цэнтр Варшавы ў бок Старога гораду, дзе каля помніка Каперніка зладзілі ланцуг салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі. Скончыўся дзень у Музеі Вольнай Беларусі, дзе беларусы калектыўна пісалі лісты палітзняволеным.

Акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі
Наведнікі Музею Вольнай Беларусі пішуць лісты палітвязням. 21 траўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У Беластоку дзясяткі людзей выйшлі да консульства Беларусі з партрэтамі палітзняволеных. Некаторыя з удзельнікаў акцыі прычапілі жоўтыя біркі, у знак салідарнасці з тымі, каго рэжым Лукашэнкі прызнаў экстрэмістамі.

Акцыя салідарнасці з палітвязнямі ў Беластоку, 21 траўня 2023 году.
Фота: Алесь Ляўчук, Белсат

Дзясяткі людзей прынялі ўдзел у акцыях у Гданьску, Кракаве, Познані, Уроцлаве, Любліне, Шчэціне, Торуні, Катавіцах і Быдгашчы.

Акцыя да Дня палітвязняў у Кракаве, 21 траўня 2023 году. 
Фота: чытачы / Белсат
Акцыя салідарнасці ў Познані, 21 траўня 2023 году.
Фота: чытачы / Белсат

У Вільні каля муралу палітзняволенаму лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму адбылася акцыя «АСОБ(Н)А»: чытанне імёнаў палітзняволеных. На агучванне ўсіх 1525 імёнаў і прозвішчаў беларускіх палітвязняў спатрэбілася амаль гадзіна.

Акцыя «АСОБ(Н)А»: чытанне імёнаў палітзняволеных у Вільні, 21 траўня 2023 году.
Фота: чытачы / Белсат

У акцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ЗША, Ірландыі, Літвы, Нарвегіі, Чэхіі і Эстоніі, былыя палітзняволеныя і іх родныя, а таксама праваабаронцы.

Акцыя «АСОБ(Н)А»: чытанне імёнаў палітзняволеных у Вільні, 21 траўня 2023 году.
Фота: чытачы / Белсат

Затым прайшла акцыя на Кафедральнай плошчы, дзе зрабілі вялізны плакат з партрэтамі ўсіх палітвязняў, паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна».

Акрамя таго, на Кафедральнай плошчы з’явілася 150 сумак як напамін пра больш за 1500 беларускіх палітвязняў. На кожнай сумцы – імя палітзняволенага ці палітзняволенай. Сумкі ўвасабляюць сабой так званыя «кешары» палітвязняў. «Кешар» – гэта сумка з асабістымі рэчамі, з якой палітычных зняволеных этапуюць.

Акцыя да Дня палітвязняў на Кафедральнай плошчы ў Вільні, 21 траўня 2023 году.
Фота: Белсат
Акцыя да Дня палітвязняў на Кафедральнай плошчы ў Вільні, 21 траўня 2023 году.
Фота: Белсат
Акцыя салідарнасці на Кафедральнай плошчы ў Вільні, 21 траўня 2023 году.
Фота: чытачы / Белсат

Таксама беларусы ў Вільні зладзілі перформанс з сэрцамі ў лёдзе: як растае лёд, так растае жыццё палітзняволеных у няволі.

Беларусы Латвіі зладзілі акцыю на галоўнай плошчы ў Рызе каля помніка Свабоды. У акцыя разам з беларусамі ўдзельнічала Сандра Калніетэ, дэпутатка Латвіі ў Еўрапарламенце і «хросная» Ларысы Беражновай.

Акцыя да Дня палітвязняў у Рызе, 21 траўня 2023 году.
Фота: чытачы / Белсат

Акцыі прайшлі таксама ў Рыме, Стакгольме, Барсэлоне ды іншых гарадах Еўропы.

Акцыя да Дня палітвязняў у Рыме, 21 траўня 2023 году.
Фота: чытачы / Белсат

У швейцарскім Цюрыху ў акцыі салідарнасці прынялі ўдзел былыя палітзняволеныя Наталля Хершэ, Ганна Баран і Вольга Класкоўская.

У Лондане ў акцыі ўдзельнічала вядомая беларуская баскетбалістка Кацярына Сныцына, якая грае за мясцовы «Лондан Лаянс».

У Празе актывісты раздавалі прахожым бутэлькі вады з адмысловымі этыкеткамі, на якіх была надрукаваная просьба дапамагаць палітвязням, а таксама QR-коды са спасылкамі на інфармацыйныя платформы і фонды дапамогі.

Бутэлькі з вадой, на якіх была размешчана інфармацыя пра становішча палітвязняў, раздавалі таксама беларусы Таліна. Акцыя мела назву «Глыток свабоды для Беларусі».

Акцыя «Глыток свабоды для Беларусі», 21 траўня 2023 году.
Фота: чытачы / Белсат

На кіеўскай імпрэзе выступалі былыя палітзняволеныя: яны распавялі пра рэпрэсіі і умовы ўтрымання ў турмах. Напрыканцы ўдзельнікі імпрэзы пісалі лісты палітвязням.

Дзень беларускіх палітвязняў у Кіеве, 21 траўня 2023 году.
Фота: Белсат
Дзень беларускіх палітвязняў у Кіеве, 21 траўня 2023 году.
Фота: Белсат
Дзень беларускіх палітвязняў у Кіеве, 21 траўня 2023 году.
Фота: Белсат

Да Дня палітвязняў далучылася львоўская дыяспара і Чарнігаўскі дом правоў чалавека, а таксама беларусы Адэсы.

У Беларусі акцыі салідарнасці праходзілі ў падпольным фармаце.

Менчукі разам з беларусамі ўсяго свету адзначалі Дзень палітвязняў.
Фота: чытачы Белсату

Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская падзякавала ўсім, хто сёння далучыўся да дня салідарнасці з палітвязнямі.

«Я дзякую кожнаму і кожнай, хто выйшаў на акцыі, напісаў ліст, зрабіў данат, змяніў аватарку ў сацсетках ці апублікаваў пост пра нашых герояў. Вы – голас нашых палітзняволеных. І ўсіх беларусаў, якія зараз у Беларусі і мараць пра перамены», – зазначыла яна.

Нагадаем, два гады таму 21 траўня ў шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак. У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр «Вясна» вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітвязнямі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў