У Беластоку адбылася акцыя салідарнасці з палітвязнямі


Дзясяткі беларусаў 21 траўня прыйшлі да консульства Беларусі ў Беластоку. У руках яны трымалі партрэты людзей, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах.

Некаторыя з удзельнікаў акцыі прычапілі жоўтыя біркі, у знак салідарнасці з тымі, каго рэжым Лукашэнкі прызнаў экстрэмістамі.

Акцыя салідарнасці з палітвязнямі ў Беластоку, 21 траўня 2023 году.
Фота: Алесь Ляўчук, Белсат

Сярод удзельнікаў акцыі ў Беластоку былі ў тым ліку сябры і знаёмыя палітвязняў. Напрыклад, з партрэтам Рыгора Кастусёва на саколцы прыйшоў яго зяць Зміцер Антончык.

Зміцер Антончык на акцыі салідарнасці з палітвязнямі ў Беластоку, 21 траўня 2023 году.
Фота: Алесь Ляўчук, Белсат

«Для нас важна паказваць, што мы не забыліся. Я не маю ілюзіяў, што мы можам паўплываць на рэжым. Усім хочацца, каб выйшлі палітвязні, я не ведаю, што павінна адбыцца, каб яны вышлі, але мы мусім выходзіць», – адзначыў у размове з «Белсатам» Зміцер Антончык.

Нагадаем, што ў мінулым годзе ў старшыні Партыі БНФ выявілі анкалагічнае захворванне. Яго пакаралі 10 гадамі калоніі па так званай справе змоўшчыкаў.

Акцыя салідарнасці з палітвязнямі ў Беластоку, 21 траўня 2023 году.
Фота: Алесь Ляўчук, Белсат

«Апошнім часам спадар Рыгор знаходзіцца ў шпіталі, ліставанне цяпер вельмі дрэнна адбываецца, тэлефанаванняў ніякіх няма. У апошнім лісце ён піша, што больш – менш здароўе нармальнае, і што зараз ён знаходзіцца на абследаванні, у параўнанні з мінулым годам яму значна лепей», – адзначае Зміцер Антончык.

Сваякі Кастусёва прасілі, каб 66-га палітзняволенага не адпраўлялі далёка ад дому, але ўлады паступілі інакш.

«Мы разлічвалі, што спадара Рыгора адправяць у шклоўскую альбо магілёўскую калонію, але яны зрабілі так, што ён апынуўся ў самай дальняй калоніі – «Воўчых норах», што пад Івацэвічамі», – кажа Антончык.

Акцыя салідарнасці з палітвязнямі ў Беластоку, 21 траўня 2023 году.
Фота: Алесь Ляўчук, Белсат

Ігар Маслоўскі ўзначальваў Берасцейскую абласную арганізацыю БСДП «Грамада», але разам з аднапартыйцамі быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.

«Гэты дзень важны для кожнага беларуса, важны для тых палітвязняў, якія знаходзяцца ў Беларусі, важны для тых хто зʼехаў, бо кожны з іх альбо адседзеў альбо мог аказацца за кратамі. Важны таму што тысячы альбо нават мільёны беларусаў, якія застаюцца ў Беларусі, могуць апынуцца ў няволі. Мы не можам выходзіць у самой Беларусі, але абавязаны выходзіць за мяжой, прыцягваць увагу грамадства, урадаў розных краінаў да тых праблем, што ёсць у Беларусі, і каб гэта ніколі не паўтарылася», – кажа ў размове з «Белсатам» Ігар Маслоўскі.

Акцыя салідарнасці з палітвязнямі ў Беластоку, 21 траўня 2023 году.
Фота: Алесь Ляўчук, Белсат

Палітык адзначае, што хвалі рэпрэсіяў закранулі, напэўна, кожную беларускую сямʼю.

«У кожнага з беларусаў, напэўна, ёсць сябар, сваяк альбо знаёмы, які апынуўся за кратамі. У мяне гэта сябра нашай партыі, шматдзетная маці Юлія Лаптановіч, мы не ведаем, што з ёй адбываецца ў калоніі, бо інфармацыя амаль не даходзіць», – распавядае Маслоўскі.

На Юлію Лаптановіч, маці траіх дзяцей, завялі адразу шэсць крымінальных артыкулаў і асудзілі да пяці гадоў калоніі. У няволі Юлія ўжо паўтары гады, цяпер яна знаходзіцца ў гомельская жаночай калоніі. За кратамі таксама аказаўся і муж Юліі – Ігар.

Нагадаем, што акцыі салідарнасці праходзяць па ўсім свеце, у тых гарадах, дзе ёсць беларусы.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў