Ярмошына: Выбарчае заканадаўства састарэла, але мяняць яго да рэферэндуму не будуць


Калі будзе рэферэндум і што на ім прапануюць, невядома. Але цяпер вядома, што ён пройдзе паводле старога заканадаўства.

Лідзія Ярмошына. Скрыншот з відэазвароту

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына заявіла на расейска-беларускай канферэнцыі «Процідзеянне знешнім пагрозам і выклікам», што беларускае выбарчае заканадаўства не збіраюцца мяняць да планаванага рэферэндуму аб змене Канстытуцыі Беларусі, перадае БелТА.

«Вядома, выбарчае заканадаўства Рэспублікі Беларусь падлягае мадэрнізацыі, яно састарэла, – заявіла Ярмошына. – Выбарчы кодэкс прымаўся ў 2000 годзе, а мы ўжо жывем у 2021-м. Гэта сведчыць аб тым, наколькі ён быў распрацаваны ўдала, наколькі ён з’яўляецца якасным, калі дзейнічае ўжо больш за 20 гадоў. Тым не менш, ёсць даручэнне кіраўніка дзяржавы аб тым, што сінхронна пасля змены Канстытуцыі будзе мяняцца выбарчае заканадаўства».

Hавiны
Выбары – гэта стрэс. Улады вырашылі адмяніць мясцовыя выбары ў 2022 годзе
2021.05.20 21:04

Калі менавіта будзе рэферэндум і як на ім прапануюць змяніць Канстытуцыю, па-ранейшаму невядома. Раней прадстаўнікі ўлады, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, заяўлялі, што хочуць спалучыць рэферэндум аб змене Канстытуцыі з мясцовымі выбарамі 2022 году, аднак цяпер тыя выбары вырашылі перанесці.

Сярод агучаных, але не прынятых афіцыйна прапановаў – нібы абмежаванне заканадаўчае функцыі Лукашэнкі. Канстытуцыйная камісія прапанавала забараніць яму выдаваць дэкрэты, пры гэтым пра прэзідэнцкія загады – аніякае згадкі. Дэпутатам ніжняе палаты парламенту прапаноўваюць падвысіць узрост вылучэння – ад 25 гадоў, забараніць адначасова працаваць ва ўрадзе, абавязаць складаць прысягу народу і перадаць права тлумачэння Канстытуцыі Канстытуцыйнаму суду.

Лукашэнка мяняў Канстытуцыю пасля двух рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў. Тады ён атрымаў магчымасць распускаць парламент, фармаваць выканаўчую галіну ўлады, прызначаць усіх вышэйшых суддзяў, а дэкрэты і загады Лукашэнкі сталіся вышэйшымі за законы паводле юрыдычнае моцы.

АА belsat.eu

Стужка навінаў