Сілавікам дастаўся амаль увесь архіў штабу Цапкалы, – кіраўнік штабу


Дабратвор не выключанае новай хвалі рэпрэсіяў супраць дзяржаўных службоўцаў: у руках сілавікоў тысячы іх подпісаў за Цапкалу. Сам Цапкала кажа, што ў падпісных лістах не пазначаецца месца працы.

Ілля Дабратвор.
Фота: mff.by

Ілля Дабратвор, кіраўнік штабу Валерыя Цапкалы, 21 траўня паведаміў, што быў вымушаны пакінуць Беларусь з пяццю дзецьмі, яго жонка з’ехала месяц таму. Таксама ён расказаў на Facebook, што ў рукі беларускім сілавікам трапіў «амаль увесь архіў штабу».

«Часткова былі страчаныя подпісы, якія не здаваліся ў ЦВК, – піша Дабратвор. – Каля 50 тысяч. Паводле нашых прыкідак, у лістах утрымлівалася прыкладна 3000 чалавек, якія знаходзяцца на дзяржаўнай службе».

На пытанне аб тым, як гэта адбылося, Дабратвор адказаў: арыштавалі намесніка кіраўніка штабу (18 траўня арыштавалі на 10 дзён Святаслава Бабрука і яго жонку).

Сам Валерый Цапкала кажа «Белсату», што не быў у курсе лёсу архіву штабу, але адзначае: подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў цалкам законныя, нават адбракаваныя. Сакрэтных дакументаў у архіве няма.

«Я не ўяўляю, што такога маглі знайсці, калі мінуў амаль год», – кажа Цапкала.

Цапкала ўдакладняе, што колькасць дзяржаўных службоўцаў у падпісных лістах дакладна невядомая, бо ў анкетах месца працы не пазначанае і не запытвалася. У лік тых «на дзяржаўнай службе», кажа Цапкала, Дабратвор мог аднесці і звычайных бюджэтнікаў, як то дворнікаў дзіцячых садкоў.

Раней неаднаразова паведамлялася пра звальненні з дзяржаўнай службы тых, хто ставіў подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Пазбаўлялі прывілеяў нават пенсіянераў КДБ.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў