Вынікі пошуку для:

Ілюстратарка Надзея Макеева – пра ад’езд у ЗША, супрацу з «Forbes» і натхняльны беларускі пратэст

Партрэт Марыі Калеснікавай, Святланы Ціханоўскай і Ніны Багінскай. Фота: Instagram / Nadzeya Makeyeva

На рахунку ў беларускай мастачкі ды ілюстратаркі Надзеі Макеевай шмат графічных працаў для знакамітых брэндаў і музычных калектываў. Не засталася яна і ў баку ад беларускай рэвалюцыі. «Белсат» паразмаўляў з Надзеяй, каб даведацца, як прайсці шлях ад выпускніцы Акадэміі мастацтваў да аўтаркі для сусветна вядомых брэндаў і пры гэтым не забывацца пра радзіму.

На раздарожжы

Апошнія паўтара года Надзея Макеева жыве ў ЗША, у Сан-Францыска, куды пераехала перад самым пачаткам пандэміі. Супрацоўнічае з мясцовымі брэндамі. Да таго яна ўжо зарабіла сабе імя дзякуючы працы з рознымі камерцыйнымі кампаніямі, музычнымі гуртамі («Петля Пристрастия», «Кассиопея», «Detroit Hills», «Nizkiz», «Stone Cold Boys») і медыямі («Большой», Republic.ru, Tatler.ru). Ейныя выставы праходзілі як у Беларусі, гэтак і ў Літве, ЗША, Швецыі.

Але ўсё магло быць інакш. У 2011 годзе, калі Надзея заканчвала аддзяленне графікі, або кніжнай ілюстрацыі мастацкага факультэту Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў перад ёй стаяў выбар: прысвячаць сябе станковай графіцы ды гравюрам і выстаўляцца ў галерэях з надзеяй на продаж працаў або ісці працаваць у штат не зусім паводле спецыяльнасці.

«Я абрала другі варыянт, бо без сувязяў і без патомнага прозвішча сям’і мастакоў я б не знайшла рэгулярных пакупнікоў», – распавяла Надзея.

Надзея Макеева. Фота: Instagram / Nadzeya Makeyeva

Пачынала з малявання канцэптаў для кампʼютарных гульняў і рэкламных агенцтваў. Пазней стала сумяшчаць працу дызайнера ў агенцтве з працай ілюстратара.

«Да мяне перыядычна прыходзілі задачы на ілюстрацыі для сайтаў, дадаткаў, разнастайных сэрвісаў, вокладак. І я зразумела, што камерцыйная ілюстрацыя – гэта менавіта тое, чым я б хацела займацца. Акрамя гэтага, у мяне сталі зʼяўляцца сябры і знаёмыя сярод менеджараў і дызайнераў, а склад каманд агенцтваў часта змяняўся і пераходзіў з аднаго рэкламнага агенцтва ў іншыя. Такім чынам праз некаторы час у мяне зʼявіліся знаёмыя ў шмат якіх агенцтвах. І ад іх сталі паступаць першыя прапановы аб працы ўжо менавіта над ілюстрацыйнымі праектамі», – кажа Надзея.

Але сумяшчэнне дзвюх працаў, калі даводзілася працаваць яшчэ вечарамі і начамі, прывяло да моцнага выгарання.

Вокладка альбому гурта «Кассиопея». Фота: designtut.by

«Я ўсвядоміла, наколькі моцна я выгарала і што летам ні разу ўвечары не выйшла на шпацыр з сябрамі. Я вырашыла змяняць сітуацыю, хоць, вядома, было страшна. Я баялася слова «фрылансер» праз грамадскую думку, што фрылансер – гэта беспрацоўны», – адзначае ілюстратарка. І хоць было даволі складана, дзякуючы ўпартасці працэс пайшоў.

«Грамадства страціла цікавасць да мастацтва»

Тым не менш, кажа Надзея, быць мастаком у Беларусі дый агулам на постсавецкай прасторы складана, «бо людзі тут перасталі ўспрымаць і разумець мастацтва».

«Яно ўспрымалася як незразумелая забава, якою займаюцца тыя, каму няма куды падзець вольны час, грошы, сілы. Мастацтва не «прадмет першай неабходнасці». Я часта сутыкаюся са здзіўленнем, што за замоўлены малюнак трэба заплаціць ці колькі трэба заплаціць. Насамрэч усё проста: ацэньваецца працоўны час, затрачаны на канкрэтную задачу, як і ў любой іншай прафесіі», – падкрэслівае суразмоўца.

Вокладка часопісу «Большой». Фота гераіні матэрыялу

Таксама тэма мастацтва не ў зоне цікавасці дзяржавы, адсутнічае фокус на крэатыўнай эканоміцы, адзначае Надзея:

«У канцэпцыі развіцця Беларусі сучаснае мастацтва адсутнічае зусім, а здаровае грамадства не можа існаваць без яго. Як і эканоміка не можа быць паспяховай без крэатыўнай часткі, а сітуацыя з ёй у Беларусі крытычная».

Сярод тых, хто спрыяе ці спрыяў развіццю мастацтва ў Беларусі, яна называе перадусім прыватныя ініцыятывы: «Восеньскі салон», «Vuliсa Brazil», рэсурс 34mag.net, «Artonist», галерэя сучаснага мастацтва «Ў».

Тышортка з малюнкам Надзеі Макеевай. Фота: Instagram / Nadzeya Makeyeva

Дый сама суразмоўца яшчэ некалькі гадоў таму стварыла часопіс «Chrysalis Mag», каб папулярызаваць беларускае мастацтва і культуру ў цэлым. Асноўнай ідэяй рэсурсу было даць магчымасці мастакам паказаць свае працы шырокай аўдыторыі.

«Нас чытаюць ужо каля 20 тысяч беларусаў, а мы распавядаем пра нашых мастакоў і паказваем іхныя працы. Задача рэсурсу ў цэлым – зрабіць так, каб у Беларусі любілі нашае мастацтва, каб прэстыж нашых мастакоў быў высокі. У тым ліку мы хацелі даказаць аўдыторыі, што фармат культурніцкага медыя, але абмежаванага арт-тэмаю, нягледзячы на меркаванне скептыкаў, можа быць цікавым шырокай аўдыторыі», – адзначае Надзея.

Паштовыя маркі аўтарства Надзеі Макеевай. Фота: Instagram / Nadzeya Makeyeva

Сярод беларускіх графікаў, якія натхняюць гераіню размовы, бясспрэчнае першае месца ў рэйтынгу займае Валерый Славук, вядомы ілюстрацыямі на міфалагічныя сюжэты. Таксама ёй вельмі даспадобы працы Рамана Сустава, Юрыя Якавенкі, Андрэя Ярашэвіча, Кацярыны Бяляўскай, Аляксандра Некрашэвіча.

«Агулам, – прызнаецца Надзея, – імёнаў зашмат, назаву адно – следам хочацца назваць яшчэ дзясятак».

«У душы нешта дзіўна адгукалася – і я пачынала партрэт»

У канцы 2019 года суразмоўца з’ехала з Беларусі ў Сан-Францыска: зʼявілася такая магчымасць і захацелася атрымаць новы досвед. Які апынуўся жорсткім: адразу пасля пераезду ў ЗША быў уведзены локдаўн на паўгода, што даволі моцна ўскладніла выпрабаванне пераездам. Да ўсяго гэтага дадалося і хваляванне за тое, што адбываецца ў Беларусі.

Аляксандр Тарайкоўскі. Фота: Instagram / Nadzeya Makeyeva

«У існасці ўсе мы тут жывём тэлеграм-каналамі, прапускаючы праз сябе кожную навіну, кожную дробязь. Я магу адказваць толькі за сябе, вядома, але, часам я перастаю ўсведамляць, дзе я: тут ці там», – адзначае Надзея.

У адзін з такіх момантаў, адчуўшы, «што мазгі, літаральна, пачынаюць плавіцца, што патрэбны нейкі спосаб вываду эмоцыяў, рэфлексіі», ілюстратарка стала маляваць тое, пра што думала. Гэтак узнікла серыя партрэтаў герояў беларускай рэвалюцыі.

«І стала крыху лягчэй, вялікая частка энергіі сыходзіла ў гэтыя партрэты. Крытэраў ніякіх не было, у душы нешта дзіўна адгукалася – і я пачынала партрэт. Думаю, серыя не ўкладзецца ў нейкі прынцып, калі яго пачаць шукаць. Безумоўна, хацелася б намаляваць усіх, хто гэтага заслугоўвае – такіх сотні. Магчыма, больш. Але маляванне – працэс даволі складаны і доўгі, таму ўсё ідзе павольна. Разам з тым я шмат што аддала б, каб нагода для малявання герояў гэтай серыі была іншаю», – кажа Надзея.

Фота гераіні матэрыялу

Паводле мастачкі, уздым сусветнай вядомасці Беларусі спрычыніўся і да росту цікавасці да беларускага мастацтва за мяжою. Праўда, пра яго пакуль кажуць толькі ў разрэзе пратэставага арту.

Надзея не выключае, што і такія публікацыі адкрыюць дарогу ў міжнародны свет мастацтва не аднаму беларускаму маладому аўтару.

У пошту прыйшоў запыт ад «Forbes»

У Сан-Францыска Надзея зрабілася аўтаркаю новага гучнага праекту – гэтым разам для амерыканскага часопісу «Forbes». Пры гэтым праца знайшла яе сама: у пошту прыйшоў запыт ад выдання.

Матэрыял распавядае пра змаганне з ракам і падымае праблему, з якою сутыкнуліся цяжкахворыя людзі падчас локдаўну, калі большасць планавых аперацыяў і наведанняў дактароў аўтаматычна былі адмененыя.

Выява для часопісу «Forbes». Фота: Instagram / Nadzeya Makeyeva

«Шмат хто, у тым ліку хворыя на рак, не могуць чакаць або адкласці наведання дактароў, для іх гэта выявілася дадатковым выпрабаваннем, цяжкасцю. Менавіта дзякуючы дабрачыннаму таварыству дзеля змагання з ракам «Leukemia & Lymphoma Society (LLS)», пра якое распавядае матэрыял, ні на секунду не спынялася фінансаванне даследаванняў, падтрыманне хворых ды іхнае лекаванне», – адзначае Надзея.

Дый тэма для яе самой вельмі блізкая: ад раку загінулі абодва дзядулі, адзін з якіх быў ліквідатарам Чарнобыльскай катастрофы. Каля дзесяці гадоў таму ад раку загінула і блізкая сяброўка Надзеі, ёй не было і 20 гадоў.

У будучыні ілюстратарка плануе вярнуцца на радзіму. І ўжо мае шмат ідэяў і планаў, звязаных з Беларуссю: «Я ніколі не змагу ды не буду любіць і ведаць іншы культурніцкі кантэкст гэтак, як родны».

Адзін з твораў, прысвечаны падзеям у Беларусі. Фота: Instagram / Nadzeya Makeyeva

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны