Дзевяць чалавек у двухмясцовай камеры. Як сядзіць на Акрэсціна Юлія Міхайлава, якую з сям’ёй затрымалі за БЧБ-парасоны


Актывістка Юлія Міхайлава атрымала 25 содняў арышту за флэш-моб: шпацыр з бел-чырвона-белымі парасонамі па менскім праспекце Пераможцаў. Ейная сястра Лілія Субач распавяла belsat.eu, у якіх умовах у ізалятары на Акрэсціна адбывае адміністратыўнае пакаранне Юлія.

Лілія Субач даведалася пра ўмовы ў ізалятары на Акрэсціна ад дзяўчыны, якая сядзела ў адной камеры з Юліяй і нядаўна выйшла на свабоду.

Дзевяць чалавек у двухмясцовай камеры

Юлія Міхайлава.
Фота: juliabelaruska / Facebook

30-гадовую Юлію затрымалі ў адзін дзень з братам, сястрой і маці, 7 красавіка. Спачатку яе кінулі ў чатырохмясцовую камеру, дзе сядзелі 23 чалавекі. Матрацаў і пасцельнай бялізны не выдавалі. 10 красавіка Юлію перавялі ў маленькую двухмясцовую камеру, куды ўвапхнулі 9 чалавек, зноў без матрацаў і бялізны.

«Па два чалавекі спяць на нарах – без матрацаў, проста на жалезнай сетцы. Астатнія пяць чалавек вымушаныя шчыльна класціся на падлогу і так спаць», – распавядае Лілія.

Паветра ў камеры не хапае, акно адчыніць немагчыма. Усё гэта кепска адбіваецца на здароўі арыштаваных: пяцёра з дзевяцярых хварэюць.

«Камера перапоўненая, кіслароду няма, на шпацыр не выводзяць – гэта ўсё моцна б’е па імунітэце», – дадае сястра Юліі.

Юлія Міхайлава.
Фота: juliabelaruska / Facebook

Для Юліі гэта ўжо шостае затрыманне. Але ў камеры ёсць тыя, хто сядзіць упершыню, і яны былі шакаваныя такімі ўмовамі. Як распавяла Ліліі сукамерніца ейнай сястры, да іх падсялілі дзяўчыну, якая першы раз трапіла на Акрэсціна. Яна спрабавала актыўна адстойваць свае правы, грукала ў дзверы, скардзілася. Каб яе «супакоіць», наглядчыкі адпомсцілі ўсёй камеры: тройчы за два дні вылівалі на падлогу вядро вады з вялікай канцэнтрацыяй хлёркі.

Паперу затрыманым не выдаюць, таму ні скаргі напісаць, ні абмяняцца кантактамі немагчыма. «Адна паперка засталася ад таблеткі парацэтамолу – дык яна цяпер для іх на вагу золата», – кажа Лілія.

«Іх наагул стараюцца ізаляваць ад любой інфармацыі. Лісты не даходзяць, кніг не даюць. Калі ім у камеру раптам трапіла ад непалітычных кніга, то ў іх адразу яе сканфіскавалі, падчас агляду».

ЦІП на Акрэсціна
Плот ізалятару на вуліцы Акрэсціна.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Перадачвў затрыманым у ЦІП не перадаюць зусім, хоць ад сваякоў іх прымаюць. Аднак харчы і рэчы выдаюць на рукі толькі пры вызваленні адміністратыўна арыштаванага або ў выпадку пераводу ў жодзінскую турму.

«Калі маці пераводзілі ў ЦІП з ІЧУ, у яе была з сабой невялікая перадача. Дык там для людзей нават проста бутэлька з вадою – вялікая каштоўнасць, бо ў ЦІП ёсць толькі смярдзючая вада з-пад крану».

8 красавіка Юлія разам з маці трапіла ў ІЧУ, яны сядзелі ў адной камеры. Там перадачы затрыманым перадавалі, але некаторыя рэчы адбіралі:

«Напрыклад, забіралі шампуні, каб дзяўчаты не маглі памыць галаву. Камусьці выдаюць слоікі, дзе шампуню было толькі на донцы, дзесьці наагул ваду налівалі замест шампуню».

Інтэрв’ю
Алесь Бяляцкі: Лінія на садысцкае стаўленне да затрыманых будзе працягвацца
2021.04.08 18:07

Рэпрэсіі супраць шматдзетнай сям’і

Пра затрыманне ўдзельніц жаночага флэш-мобу з бел-чырвона-белымі парасонамі менская міліцыя паведаміла ўвечары 7 красавіка. Адзначалася, што частка затрыманых – са шматдзетнай сям’і, а ў іх удома адбыўся агляд, знойдзеная пратэставая атрыбутыка. Гаворка ў прэс-рэлізе сілавікоў ішла якраз пра сям’ю Міхайлавых.

Флэш-моб з парасонамі.
Фота: police_minsk / Telegram

Як кажа Лілія, ейную сястру Юлію затрымалі на прыпынку маршруткі, побач з домам. Адначасова схапілі брата Пятра, які ехаў на вучобу. Пятру на наступны дзень далі 6 содняў арышту нібыта за непадпарадкаванне міліцыі. А Юлію Міхайлаву паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве») пакаралі 25-дзённым арыштам.

Прыкладна праз гадзіну пасля затрымання Юліі і Пятра ў іхным доме, дзе заставалася маці, зладзілі ператрус. Агулам прыехалі шэсць машынаў сілавікоў, крычалі: «Адчыняйце, адчыняйце дзверы, зараз будзем выломваць, у нас пастанова на ператрус».

Міліцыя выняла падчас ператрусу парасоны і бранзалеты.
Фота: police_minsk / Telegram

«Знайшлі тры парасоны, сукенку маёй дачкі (там былі белыя і чырвоныя палоскі), выразаныя з паперы літары «Ганарымся» і бранзалеты. Невялікі ўлоў для такой вялікай кампаніі», – канстатуе Лілія.

Міліцыя выняла падчас ператрусу парасоны і бранзалеты.
Фота: police_minsk / Telegram

Пасля завяршэння ператрусу 56-гадовую Таццяну Міхайлаву таксама затрымалі. Спачатку міліцыянты ёй сказалі, што трэба праехаць у пастарунак і падпісаць нейкія паперы наконт ператрусу. Але ўжо ў РУУСе на жанчыну склалі адміністратыўны пратакол, абвінаваціўшы ў непадпарадкаванні міліцыі.

«Міліцыянты ёй патлумачылі: гэта таму, што вы выгадавалі дрэнную дачку, не змаглі яе выхаваць, праз яе ўзнікаюць праблемы. Дарэчы, наш сусед момант затрымання запісаў на відэа – там бачна, што маці не ўпіралася і не хапала за абмундзіраванне міліцыянтаў, як сцвярджалася ў пратаколе. Але суддзя адмовіўся далучыць да справы гэтае відэа», – распавядае Лілія. У выніку жанчыне далі 5 содняў арышту.

У той жа вечар затрымалі і саму Лілію, калі пасля ператрусу яна вырашыла наведаць маці. Пра тое, што Таццяну Міхайлаву таксама забралі, яна не ведала.

«Грукалася, ніхто не адчыняў. І калі я сыходзіла, пад’ехала невялікая машына, і мяне затрымалі. Міліцыя яшчэ содні пасля ператрусу там дзяжурыла».

На Лілію склалі адміністратыўны пратакол за шпацыр з парасонамі, хоць яна ў гэтым флэш-мобе не ўдзельнічала. У яе дома правялі агляд, забралі ноўтбук і бел-чырвона-белую сімволіку. «Ноўтбук вярнулі, а сцяг і стужкі – не. Сказалі, утылізуюць», – распавяла яна.

На 28 красавіка ў Ліліі прызначаны суд паводле яе адміністратыўнага пратаколу.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў