У Савеце бяспекі Беларусі сказалі, які паказнік дзярждоўгу самы напружаны


Намеснік начальніка ўпраўлення Дзяржаўнага сакратарыяту Савету бяспекі Беларусі Анатоль Хлебаказаў у эфіры «Беларусь 1» распавёў пра сітуацыю з дзяржаўным доўгам краіны. Гэтая інфармацыя засакрэчаная ўладамі ўжо амаль два гады.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Чыноўнік адзначыў, што валавы вонкавы доўг (сукупны доўг дзяржавы, Нацбанку і суб’ектаў гаспадарання) складае 36,9 мільярда рублёў. Паводле яго, гэты паказнік знаходзіцца ў бяспечных параметрах і не выклікае трывогаў.

Тое самае ён сказаў і пра доўг сектару дзяржкіравання, але лічбаў у гэты раз не назваў.

«Тое, што трывогу выклікае, гэта індыкатар, які характарызуе ўзровень кароткатэрміновых плацяжоў адносна золатавалютных рэзерваў. Тут графік напружаны. Урад і Нацбанк вядуць пастаянную работу, каб аслабіць сённяшні прэсінг на 2024 год, кожны год работы праводзяцца, каб сёння мы плацілі не 3 мільярды, а 2 мільярды долараў вонкавага доўгу. Нешта атрымліваецца», – сказаў Анатоль Хлебаказаў.

Паводле яго, улады дасягаюць дамоўленасцяў, каб знізіць стаўкі і растэрмінаваць плацяжы па перыядзе часу. Таму, заявіў чыноўнік, паказнік «не крытычны, але напружаны».

У Беларусі ў 2022 годзе засакрэцілі інфармацыю пра дзярждоўг. Перад тым у Мінфіне прызнавалі, што ў краіне «нарастае пазыковая спіраль, фактычна Беларусь знаходзіцца на мяжы пазыковай пасткі». На 1 чэрвеня 2022 года дзярждоўг складаў 60,5 мільярда рублёў, або 33 % ад ВУП.

15 сакавіка 2024 года Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што дзярждоўг не перавышае 32 % ВУП. У агульных лічбах гэта мае быць 69,2 мільярды рублёў. Сёлета Беларусь мае пагасіць вонкавы доўг амаль на 3,9 мільярды долараў. Часам улады спрабуюць рабіць гэта ў рублях.

Hавiны
Беларусь вярнула рублямі даўгі на $ 846 млн. Гэта парушэнне дамоваў
2023.03.01 11:05

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў