«Калі Украіна пераможа, то і Беларусь вызваліцца». Размова з каардынатарам дабрачыннага фонду дапамогі ўкраінцам


Фонд «Уратаваць Украіну» створаны ў Грузіі, каб забяспечыць гуманітарную дапамогу людзям, якія пацярпелі ад вайны, а таксама для падтрымкі атрадаў тэрытарыяльнай абароны ва Украіне. «Белсат» паразмаўляў пра ініцыятыву дапамогі Украіне з каардынатарам фонду – беларусам Максімам, які жыве ў Батумі.

Беларус Максім жыве ў Батумі і каардынуе дабрачынны фонд «Уратаваць Украіну».
Фота: Белсат

«Вельмі шмат людзей па ўсім свеце цяпер хочуць дапамагаць Украіне»

Максім, распавядзіце, калі ласка, калі, хто і навошта стварыў фонд.

– Фонд «Уратаваць Украіну» быў створаны зусім нядаўна, 4 сакавіка бягучага году з мэтай дапамогі мірным жыхарам і абаронцам Украіны. За адзін дзень мы зрабілі сайт, запусцілі яго. Цяпер працуем над далейшым развіццём фонду. Наша каманда – міжнародная. Зарэгістраваны фонд у Грузіі. Я – беларус. Ва Украіне ў нас мясцовыя валанцёры, якія і з’яўляюцца ініцыятарамі і заснавальнікамі фонду. Яны ж і мне прапанавалі далучыцца. Там, на месцы, яны маюць сувязь з атрадамі тэрабароны, з рознымі гарадамі, ведаюць, якія дзе ёсць патрэбы, і перадаюць мне. Наша задача ў бяспецы ў Грузіі закупіць неабходныя рэчы і даставіць іх ва Украіну. Супрацоўнічаем у гэтым таксама са Штабам дапамогі Украіне ў Батумі.

Артыкулы
«Мусім аб’яднацца, бо па адзіночцы з гэтым злом не справімся». Як працуе Штаб дапамогі Украіне ў Батумі
2022.03.09 11:11

– У чым сёння ёсць найбольшая патрэба? Што вы купляеце? І ці проста ўсё гэта даставіць ва Украіну?

– Для ўцекачоў і тых, хто жыве ў гарадах, ахопленых вайной, закупляем гуманітарную дапамогу, медыкаменты. Надоечы прыйшоў запыт арганізаваць лагістыку па дастаўцы ва Украіну 400 параў дзіцячага абутку. У Заходняй Украіне, у горадзе Ужгарадзе, робяць прытулак для ўцекачоў, вось туды і павязем. Для шпіталяў патрэбны бамбук для насілак, тканіна.

Збіраем грошы таксама на тэрабарону. У Польшчы для іх купілі машыну, дроны, рацыі.

Акрамя ўласна фонду, мы яшчэ і інфармацыйны хаб, куды сцякаюцца ўсе прапановы дапамогі і заяўкі аб тым, дзе яна патрэбная. Нам можна пералічваць сродкі з любой краіны. І мы цяпер бачым, што паўсюль вельмі шмат людзей, якія хочуць і гатовыя дапамагаць Украіне, і ўжо гэта робяць. За тыдзень мы сабралі каля 10 тысяч долараў. Але агульная сума большая, бо мы толькі нядаўна атрымалі рэквізіты, і SWIFT-пералікі яшчэ не паспелі дайсці. Штотыдзень мы рыхтуем і публікуем на сайце і ў сацсетках справаздачы, у якіх распавядаем, колькі сабрана, што зроблена, куды патрацілі грошы.

Для дастаўкі ў нас ёсць адмысловыя калідоры. Ёсць людзі, якія дапамагаюць і гатовыя гэта рабіць за грошы і нават без грошай.

«Я дапамагаю, бо ў мяне ўкраінскія карані»

Беларус Максім жыве ў Батумі і каардынуе дабрачынны фонд «Уратаваць Украіну».
Фота: Белсат

– Ці дапамагае фонд уцекачам з Украіны, якія прыязджаюць у Батумі?

– Пакуль што мы сканцэнтраваныя на дапамозе тым, хто цяпер ва Украіне. Тым больш я бачу, што тыя ўкраінцы, якія прылятаюць у Батумі, не маюць скрайняй патрэбы ў сродках. Дапамога больш патрэбная там, на месцы, дзе цяпер ідзе вайна і дзе гарады застаюцца без вады, ежы, лекаў.

– Вы кажаце, што далучыцца да фонду вам прапанавалі сябры з Украіны. А чаму вы пагадзіліся і сталі гэтым займацца?

– Бо перамога Украіны – гэта перамога Беларусі, і наша задача – перамагчы. Яшчэ таму, што ў мяне ўкраінскае прозвішча, у Кіеве жывуць мае сваякі, я сам там жыў некаторы час. Мне блізкая гэтая краіна. Мой бацька нарадзіўся ў Данецку, потым яны пераехалі ў Беларусь.

– Чым перамога Украіны дапаможа Беларусі?

– Па-першае, украінцы дапамогуць нам, а па-другое, цяпер шмат беларусаў змагаецца ў тэрабароне ва Украіне, атрымліваюць досвед. Я ўпэўнены, што калі Расея прайграе гэтую вайну, і яна, і Беларусь будуць вызваленыя ад дыктатуры.

Гісторыі
«Абараняючы цяпер Украіну, я абараняю і Беларусь». Чаму беларускія дактары застаюцца працаваць ва Украіне
2022.03.14 13:58

– Шмат хто не верыў, што ва Украіне распачнецца вайна. А што вы думалі пра гэта? Як перажылі навіну пра пачатак вайны?

– Я да апошняга моманту таксама не верыў, што Расея сапраўды пачне вайну в Украіне, бо я разумеў, што Расея ў выніку гэтага будзе зруйнаваная і распадзецца на асобныя рэгіёны. Гэтая вайна для Расеі будзе апошняй, і што калі чалавек – патрыёт сваёй краіны, ён на гэта ніколі не пойдзе. Аказалася, што людзі ў Крамлі – зусім не патрыёты сваёй радзімы.

Калі я пачуў, што Расея пачала бамбіць Украіну, я, тым не менш, адрэагаваў спакойна. Для мяне гэта стала дадатковым стымулам дзейнічаць. І таму калі да мяне звярнуліся, я пачаў працу.

«Калі беларусы будуць дапамагаць украінцам, нас перастануць лічыць злачынцамі, а вайна хутчэй скончыцца»

– Цяпер шмат распавядаюць, што стаўленне да расейцаў, але таксама і да беларусаў стала кепскім. Ці вы адчулі нешта такое ў Батумі?

– Так, я таксама шмат чуў, але асабіста не сутыкнуўся. Расейцам складаней, чым беларусам. Але я не згодны з такім стаўленнем, бо расейцы, якія сюды едуць, выступаюць супраць Пуціна. Яны разумныя адэкватныя людзі. Хоць я і згодны, што ўсе мы часткова нясем адказнасць за свае дзяржавы, бо дапусцілі гэта ўсё, але не да такой ступені, каб біць ці дыскрымінаваць людзей.

Фота
За 5 дзён – больш за 3,5 тыс. тонаў гуманітарнай дапамогі. Як Украіну падтрымлівае Еўропа
2022.03.11 10:23

– Распавядзіце крыху пра сябе. Чым займаліся ў Беларусі, калі і чаму з’ехалі ў Батумі?

Беларус Максім жыве ў Батумі і каардынуе дабрачынны фонд «Уратаваць Украіну».
Фота: Белсат

– Мне 33 гады. У Беларусі я жыў у Менску. Пасля заканчэння школы 4 дні правучыўся ва Універсітэце культуры, потым кінуў яго і з’ехаў у Расею. Мне вельмі рана стала зразумела, што далей будзе ў Беларусі. Яшчэ да ад’езду, у 2006 годзе, калі мне не было 18 гадоў, я быў на Плошчы пасля прэзідэнцкіх выбараў. У тым жа годзе я пайшоў на «Чарнобыльскі шлях», і там мяне затрымалі. Патрымалі гадзіну, потым прыехалі бацькі і забралі мяне. У 2010 годзе я прыязджаў на выбары, зноў быў на Плошчы. Пашчасціла, што не затрымалі. У Расеі тады ўсё было інакш, аднак з 2014 года там таксама сталі перакрываць кісларод.

Калі ў Беларусі пачаліся пратэсты ў 2020 годзе, я быў за мяжой і імкнуўся працаваць праз суполкі беларусаў замежжа, дапамагаць НАУ і офісу Ціханоўскай прасоўваць эканамічны ціск на беларускія ўлады.

У Батумі мы жывем разам з жонкай ужо 4 гады. Пераезд быў ініцыятывай жонкі. Яна хацела гадаваць дзяцей ля мора. У нас чацвёра дзяцей. Старэйшай – 10 гадоў, сынам – 6 і 4 гады, малодшай дачцэ – 2 месяцы.

Пасля перамогі і вызвалення Беларусі хачу вярнуцца на радзіму. І адначасова мець магчымасць адкрыта ездзіць і ва Украіну, і ў Расею, бо лічу, што ўсе мы моцна звязаныя і не павінны варагаваць.

Украіна ў любым выпадку пераможа, я не сумняюся. Пытанне, колькі часу на гэта пойдзе і калі расейскі народ наважыцца спыніць Пуціна, бо я перакананы, што толькі сам расейскі народ зможа гэта зрабіць, а не санкцыі ці нейкі яшчэ міжнародны ціск.

– Што цяпер патрэбна фонду? Як людзі могуць дапамагчы ці паўдзельнічаць у дзейнасці фонду?

– Асноўная патрэба – грошы. Калі беларусы будуць пералічваць сродкі, то будзе зразумела, на чыім яны баку. Мы так усе выйграем. Беларусаў перастануць лічыць злачынцамі, і вайна хутчэй скончыцца.

Праз спасылку на сайце фонду – усе рэквізіты для пераліку сродкаў.

Аналітыка
«За рэпарацыйныя грошы ад Расеі потым усё адновім». Як Украіна абараняе ад вайны культурную спадчыну
2022.03.15 13:00

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў