Бацьку пяцярых дзяцей арыштавалі на 10 содняў за сцяг на вакне дому, якога не відаць з вуліцы


Сяргей Ганкевіч атрымаў 10 содняў за сцяг на вакне дому, які агароджаны плотам, вышэйшым за 2 метры. А на судзе ён увогуле заявіў, што сцяг вывесілі самі міліцыянты, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Днём 18 сакавіка Сяргей Ганкевіч даведаўся, што ў ягоным доме прайшоў ператрус, а жонку Вольгу Залатар затрымалі. У 14:30 Сяргей прыехаў з працы дадому, дзе да гэтага часу была адна 10-гадовая дачка.

У пратаколе ж пазначана, што Сяргей «у 13:50 у акне прыватнага дому на агульны агляд вывесіў незарэгістраваны БЧБ-сцяг, тым самым правёў пікетаванне». Аб пратаколе паводле арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў») мужчына даведаўся толькі ў РУУС, куды яго выклікалі каля 23:00 на допыт.

Справу Ганкевіча разглядзела суддзя Менскага раёну Кацярына Новікава. Суду Сяргей растлумачыў, што сцягоў дома ў іх не было, а тым больш яны не віселі на акне. Таму ён выказаў здагадку, што самі супрацоўнікі вывесілі сцяг, каб займець падставы для затрымання.

Hавiны
​​Арышт праваабаронцы Марфы Рабковай працягнулі на 3 месяцы
2021.03.20 18:42

У пратаколе пазначана, што пікетаваў Сяргей у доме 58, але жыве ён у доме 56. У матэрыялах справы ёсць фатаграфіі сцяга на акне, але Ганкевіч звярнуў увагу суда на тое, што фота зроблена з двара, а не з вуліцы. А рэч у тым, што вокны дому на першым паверсе з вуліцы не відаць, бо плот вакол будынку вышынёю 2,2 метра.

На судзе дапыталі і маці Вольгі Залатар Яніну, паводле якой Сяргей катэгарычна забараняў трымаць у доме БЧБ-сцяг і казаў, што ён апалітычны, бо яму трэба карміць пяцёра дзяцей.

Яніна Залатар гэтак жа сказала, што Вольга перастала выходзіць на сувязь яшчэ раніцаю. Яна мелася адвезці дачку а 10-й гадзіне на занятак па цымбалах, але выкладчыца паведаміла, што дзяўчынка ў школе не з’явілася. Пазней ёй стала вядома, што дома праводзілі ператрус каля дзесяці супрацоўнікаў ГУБАЗіКу.

Рапарт складаў сведка-міліцыянт Павел Юхіменка. На судзе ён сказаў, што пазначаны ў пратаколе дом 58 – гэта тэхнічная памылка. Вось дыялог з допыту сведкі-міліцыянта:

– Вы можаце ўказаць, што канкрэтна Сяргей размясціў сцяг на акне?

– Не.

– Што адбылося са сцягам, дзе ён?

– Супрацоўнікі ГУБАЗіКу забралі.

– Дазвол на фатаграфаванне ў доме давалі?

– Не.

– Сцяг з вуліцы відаць?

– Плот вышэйшы за мяне (2,2 метра), але я магу падскочыць, каб убачыць акно першага паверха.

Як вынік, суддзя Новікава не ўлічыла памылкі ў пратаколе і арыштавала Сяргея Ганкевіча на 10 содняў.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў