«Юрыдычнае прыкрыццё, каб заставацца ва ўладзе». Чаму Беларусь і іншыя краіны мяняюць свае Канстытуцыі


У лютым у Беларусі мае адбыцца «рэферэндум» аб зменах у Канстытуцыю. Правіць асноўны закон краіны будуць не ўпершыню. Разбіраемся, як часта яго змяняюць у Беларусі ды свеце і чаму ўвогуле патрэбныя папраўкі.

Як часта мянялася беларуская Канстытуцыя?

Канстытуцыя ў Беларусі была прынятая 15 сакавіка 1994 года. Але за апошнія 28 гадоў яе ўжо некалькі разоў дапаўнялі і змянялі: у лістападзе 1996-га і кастрычніку 2004-га. Спачатку прэзідэнту «пакетам» далі большыя паўнамоцтвы, а пасля і дазволілі вечнае балатаванне. Цяпер вось рыхтуецца чарговы «рэферэндум», які не проста ўнясе асобныя праўкі, а даволі істотна перапіша Канстытуцыю.

Аналітыка
Як тры мінулыя рэферэндумы ўплывалі на рэальнае жыццё беларусаў
2022.02.04 16:00

Увогуле ж, калі лічыць Беларусь непасрэднай пераемніцай БССР, то за апошнія сто гадоў беларуская Канстытуцыя мянялася яшчэ часцей. Спачатку быў варыянт 1919 года, затым – 1927 і 1937 гадоў. Чарговая Канстытуцыя была прынятая ў 1978-м, але і яе змянілі ў 1991 годзе.

А як у свеце і суседзяў?

Насамрэч змяненне Канстытуцыі – не такая і рэдкая з’ява. Гэтак, у ЗША, дзе Канстытуцыю прынялі яшчэ ў 1787 годзе, да сёння было ўнесена 27 паправак. Апошняя з іх – у 1992 годзе. У адрозненні ад Беларусі пераважна яны пашыралі правы, у тым ліку выбарцаў, і абмяжоўвалі магчымасці ўладаў. Больш чым 200-гадовыя Канстытуцыі маюць таксама Нарвегія і Нідэрланды, і гэтыя дакументы, вядома, таксама зазналі змяненням за гэты час.

У Польшчы пасля падзення камуністычнага рэжыму дзейнічае ўжо другая Канстытуцыя. Першая – «малая» – была прынятая ў 1992 годзе, а цяперашняя – у 1997-м. У яе ў 2006 і 2009 гадах унеслі дзве праўкі, якія датычылі экстрадыцыі і абмежавання ў выбарчых правах асуджаных.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нацыянальны сход прыняў дзеючую Канстытуцыю Польскай Рэспублікі 2 красавіка 1997 года. Яна была зацверджана на ўсенародным рэферэндуме 25 мая 1997 года яна ўступіла ў сілу 17 кастрычніка 1997 года.
Фота: Jakub Ostalowski / Forum

Латвія пасля выхаду са складу СССР увогуле аднавіла Канстытуцыю 1922 года. З таго часу ў яе было ўнесена з тузін правак рознага кшталту – ад моўных да абмежавання правоў ураду і дэпутатаў. У суседняй Літве Канстытуцыю, якую прынялі ў 1992 годзе, толькі аднойчы дапоўнілі Канстытуцыйным актам пра ўваходжанне ў Еўразвяз.

Ва Украіне змены ў Канстытуцыю ўносіліся шэсць разоў з моманту яе прыняцця ў 1996 годзе. Апошні раз – у 2019 годзе. Пры гэтым самыя першыя змены ў асноўны закон краіны адносна абмежавання паўнамоцтваў прэзідэнта, прынятыя ў 2004 годзе, былі спачатку адмененыя ў 2010-м, а затым вернутыя ў 2014-м.

Найбольш паправак у Канстытуцыю ўносілі ў Расеі. Дакумент прынялі ў 1993 годзе, а мяняць пачалі ў 2008 годзе. Апошнія змены былі ўнесеныя ў 2020 годзе. Першы папраўкі падаўжалі тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта, чытай – Уладзіміра Пуціна, а ў выніку апошніх тэрміны абнуліліся.

Аналітыка
Што важнага ў новым праекце Канстытуцыі, які Лукашэнка вынесе на рэферэндум
2022.01.21 13:37

Пры гэтым у свеце ёсць краіны, прытым даволі развітыя, якія зусім абыходзяцца без такога дакументу, як Канстытуцыя – напрыклад, Вялікая Брытанія. Там фармаванне і паўнамоцтвы органаў дзяржавы, стасункі паміж імі ды з грамадзянамі вызначаюцца законамі, прэцэдэнтамі ды канстытуцыйнымі звычаямі.

Падобная сітуацыя таксама ў Ізраілі, Канадзе, Новая Зеландыі, Сан-Марына ды Швецыі.

«Многія юрысты лічылі кепскім тонам згадваць Канстытуцыю»

І хоць наяўнасць зменаў у Канстытуцыі – не такая і рэдкасць, важна глядзець на іх прычыны і задачы. Пра гэта ў каментары «Белсату» распавёў Міхаіл Кірылюк, юрыст, сябра Каардынацыйнай рады, адказны за пытанні юстыцыі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

«У Беларусі пачынаючы з 1996 года Канстытуцыя – гэта хутчэй інструмент для ўтрымання ўлады грамадзянінам Лукашэнкам. На нормы Канстытуцыі амаль ніколі не спасылаюцца суды. Да 2020 года многія юрысты лічылі кепскім тонам згадваць Канстытуцыю ў судовых дакументах (калі ты яе згадваеш, значыць, ты недастаткова кваліфікаваны, каб знайсці патрэбны адмысловы акт). Стаўленне да гэтага дакументу ў прафесійнай супольнасці і звычайнага грамадзяніна зусім іншае, не такое як, напрыклад, у ЗША», – адзначыў юрыст.

Паводле яго, і ў Беларусі, і ў ЗША Канстытуцыя – дэ-юрэ гэта асноўны закон краіны. Але ў ЗША, нават не зважаючы на праблемы ў заканадаўства і юрыдычнай практыцы, Канстытуцыя – «гэта некаторы паказнік стабільнасці асноваў права ў добрым сэнсе гэтага слова».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

«Дэ-факта, Канстытуцыя ЗША – гэта сапраўды асноўны закон краіны. Рамачныя нормы, якія рэгулююць вельмі буйнымі мазкамі асновы права і жыццёвага ўкладу штатаў. Таму папраўкі да іх прымаюцца рэдка, калі грамадская неабходнасць, якая патрабуе прыняць папраўку, становіцца мацней за неабходнасць пакінуць усё, як ёсць», – падкрэсліў Міхаіл Кірылюк.

У Беларусі ж, паводле юрыста, змены адбываюцца не тады, «калі наспела сур’ёзная неабходнасць вырашыць нейкую буйную спрэчку ў грамадстве (адносна права на зброю ці на свабоду слова), а калі грамадзяніну Лукашэнку трэба стварыць юрыдычнае прыкрыццё для таго, каб працягваць заставацца ва ўладзе».

З гэтай прычыны, мяркуе Міхаіл Кірылюк, «прапанаваныя Лукашэнкам змены ў Канстытуцыю не ліквідоўваюць расколу ў грамадстве, а ўзмацняюць».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў