Што пачытаць і паглядзець у Дзень роднае мовы


Мы сабралі для вас спасылкі на карысныя крыніцы для вывучэння беларускае мовы. Калі вы толькі пачатковец – яны будуць вам дужа карысныя. Калі вы ўжо даўно ўмееце і практыкуеце, то дадавайце ўлюбёныя сайты і каналы, каб у свеце было больш беларускае мовы!

Графіка: Воля Кузміч

Што пачытаць

Найперш – беларуская літаратура. Тут бясспрэчная сувязь: чым больш чытаеце, тым больш словаў ведаеце і лепей размаўляеце. На https://knihi.com/ вы дакладна знойдзеце, што вам спадабаецца.

Калі разбягаюцца вочы, і вы не ведаеце, з чаго пачаць, то тут вам спіс з 203 кніг, якія раяць аматары літаратуры.

Калі столькі кніг зашмат, вазьміцеся за кароткі спіс літаратуры на вясну.

Абавязкова зазірніце на https://wir.by/be. Там знойдзеце не толькі цікавыя артыкулы, але і багата вясёлых тэстаў. Вы ўжо ў курсе, да каго падобныя з беларускіх літаратурных класікаў? А чыё прызнанне ў каханні вам бы спадабалася болей?

Што паглядзець

Пачнем з уласных праектаў, раім праграму «Мова нанова».

Вы ўсе ведаеце «Будзьму». А ці глядзіце іх канал? Калі не, то не губляйце часу.

Калі ў вас ёсць дзеткі ці калі вы самі любіце анімацыю і казкі, то звярніце ўвагу на чароўны праект https://gavarun.by/, які перакладае мультфільмы на беларускую. Там можна засёрфіцца і прыплыць у светлае дзяцінства з любога ўзросту.

Яшчэ адзін варты ўвагі праект – народны мультсерыял «Блізняты-важаняты»: цукерка для вачэй і вельмі мілы чын вучыць мову разам з малятамі.

А ў тэатр хочаце? Хадзем! Чароўныя Купалаўцы ствараюць улюбёныя пастаноўкі. На іх канале вас ужо чакаюць «Паўлінка», «Тутэйшыя», «Я гавару», «Гардэнія» ды іншыя.

Калі вы прапусцілі «Купалу», то пабаўце час за яго праглядам. Падаецца, іншай прэм’еры ў нас не будзе.

Репетиция спектакля «1,8 м», Иван Вырыпаев, театр
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рэпетыцыя спектакля «1.8 м» рэжысёра Івана Вырыпаева. Спектакль заснаваны на рэальных гісторыях палітычных вязняў з Беларусі.
Фота: ТК / Белсат

Мажліва, міма вас прайшло яшчэ некалькі істотных фільмаў: «Жыве Беларусь», «На чорных лядах» і серыял «Людзі на балоце» .

Дарэчы, на Voka.tv ёсць беларускамоўны кантэнт. Калі ён вам даступны, то майце на ўвазе, што і там можна зірнуць сёе-тое.

Вельмі прыемна назіраць за развіццём беларускага TikTok. Раіць блогераў не будзем, бо складана абраць нават 5–10 найлепшых. На свой густ абярыце праз #беларускіцікток.

Што паслухаць

Аўдыякнігі ёсць у Купалаўцаў. Калі вы дасцё рады з імі, то звярніце ўвагу на «Новыя аўдыякнігі» і неймаверна салодкі сайт «Кніжны воз».

Для падняцця духу і настрою «Ладдзю роспачы» варта паслухаць абавязкова.

Топ-100 беларускіх песень ад амаль сотні музычных крытыкаў на 2015 год.

Свяжак. Топ песень 2021 года.

Дзе палепшыць свае веды?

Калі вы гатовыя вучыць беларускую мову і горка шкадуеце, што «Мовы нанова» ў вашым горадзе (больш) няма, то хадзем на сайт курсаў, а тым, каму цікава разбіраць штодня нейкія тонкія моўныя моманты, раім зазірнуць сюды.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ВО / Белсат

Суполка, дзе можна задаць моўнае пытанне, і вам адкажа калектыўны розум ці сам Вінцук Вячорка.

А вось яшчэ адна – «Роднае Слова», іншая крыху, там больш арыентуюцца на акадэмічныя доказы. І даволі жывая суполка «Дапамога па беларускай мове».

Калі не ведаеце, як якое слова па-беларуску, шукайце на http://slounik.org/. Там жа можна проста ўзяць і чытаць слоўнікі. Вось тут збор словаў, якіх няма ў расейскай мове.

Калі вы не ўпэўненыя ў тым, ці слушна пішаце па-беларуску, правярайце ў слаўным «Добрапісе».

Калі бракуе моўнай практыкі, запісвайцеся на сустрэчы клубу «Вольная мова».

Цукерка для аматараў беларушчыны

Калі вам цікавей вывучаць мову і нешта яшчэ паралельна, горача раім вам звярнуць увагу на праект «Этнаўсё». Гэта чароўная скарбонка беларускай этнаграфіі. Хочаце народныя песні, шукаеце інфармацыю пра традыцыі свайго рэгіёну, цікавіцеся народнымі строямі, музычнымі інструментамі, калі вас цікавяць вяселле, галашэнні, ганчарства, гуканне вясны, дыялекты, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, казкі, міфалогія, паганства, ноты і яшчэ мора ўсяго – вам туды.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў