У Беларусі памаранчавы ўзровень небяспекі праз туман


Туман у Менску.
Фота: АК / Белсат

Памаранчавы ўзровень небяспекі абвешчаны ў Беларусі 21 лютага праз туманы. Пра гэта паведамляе сайт Белгідрамету.

У нядзелю будзе воблачна. Ноччу ў асобных раёнах, днём па паўночным усходзе краіны пройдуць невялікія ападкі (снег, мокры снег, месцамі з дажджом). На большай частцы тэрыторыі чакаюцца туман, слабы галалёд, на асобных участках дарог – галалёдзіца. Вецер заходні, паўднёва-заходні ўмераны.

Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 9 градусаў на ўсходзе да 1 градуса вышэй за нуль на паўднёвым захадзе. Днём чакаецца ад мінус 1 да 4 градусаў са знакам плюс.

ДАІ просіць усіх удзельнікаў дарожнага руху ва ўмовах туману быць вельмі ўважлівымі і асцярожнымі. Рэкамендуецца рухацца з уключаным блізкім святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі. Пры траплянні ў паласу туману неабходна максімальна знізіць хуткасць і павялічыць дыстанцыю да транспартнага сродку, які рухаецца наперадзе.

У выпадку вымушанага спынення трэба паркаваць транспартныя сродкі як мага далей ад праезнай часткі, абавязкова ўключаць аварыйную сігналізацыю, стаяначныя агні, а пры выхадзе з транспартнага сродку кіроўцам варта апранаць камізэльку павышанай бачнасці.

Пешаходам ДАІ рэкамендуе праяўляць максімум увагі пры перасячэнні праезнай часткі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў