Літоўская чыгунка атрымала ад беларускіх кампаніяў тры заяўкі на транзіт калійных угнаенняў


Літоўская чыгунка атрымала запыт ад трох беларускіх кампаніяў на транспартаванне ўгнаенняў «Беларуськалія». Але гэтыя кантракты спачатку праверыць спецыяльная ўрадавая камісія, якая мусіць вырашыць, ці пагражаюць транзітныя здзелкі з беларускімі кампаніямі нацыянальным інтарэсам.

Як паведамляецца на сайце Літоўскай чыгункі, да іх звярнулася «Беларуская калійная кампанія» (спецыяльны экспарцёр прадукцыі «Беларуськалія»), кампаніі «Белінтэртранс» і «Белкалі-Мігаа». «Беларуская калійная кампанія» просіць заключыць дамову на перавозку ўгнаенняў з 24 студзеня, аргументуючы гэта неабходнасцю выканання сваіх абавязкаў па рэалізацыі ўгнаенняў праз Клайпедскі порт.

У Літоўскай чыгунцы тлумачаць, што ім патрэбныя прававыя падставы, каб адхіліць просьбы кампаніяў і такім чынам спыніць транзіт калійных угнаенняў праз Літву. Таму ЛЧ звярнулася ў спецыяльную камісія, якая павінна вырашыць, ці не пагражае нацыянальным інтарэсам заключэнне кантрактаў з гэтымі беларускімі кампаніямі.

На гэтым тыдні Літоўская чыгунка афіцыйна паведаміла «Беларуськалію» пра рашэнне ўрада Літвы прызнаць заключаную кампаніямі дамову несапраўднай з 1 лютага. Пры гэтым у чыгунцы не выключалі, што могуць паступіць заяўкі з іншых грузавых перавознікаў і фірмаў-пасярэднікаў на транзіт беларускага калію.

Hавiны
Міністр транспарту Літвы не ўпэўнены, што транзіт беларускіх угнаенняў спыніцца пасля 1 лютага
2022.01.19 08:55

Раней кіраўнік Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы Лаўрынас Кашчунас распавёў у інтэрвʼю «Белсату», што шанцы абысці забарону на транзіт беларускіх угнаенняў у Літве амаль нулявыя, бо любой кампаніі (у тым ліку прыватнай) прыйдзецца звяртацца спачатку за дазволам у парламенцкую камісію, а ў камісіі лічаць такі транзіт пагрозай нацыянальнай бяспецы.

Кашчунас пацвердзіў, што кіраўнік «Літоўскай чыгункі» страціў сваю пасаду менавіта таму, што кантракт з «Беларуськаліям» не трапіў на разгляд парламенцкай камісіі.

Hавiны
Прадстаўнік Сейму патлумачыў, чаму забарону на транзіт калію ў Літве будзе немагчыма абысці
2022.01.16 23:12

РР belsat.eu

Стужка навінаў