Дзе ў Беларусі забаронена купацца?


Надвор’е выдатнае, на выходных чакаецца каля 23-24 градусаў цяпла. У такія дні любімы для многіх з нас спосаб ахалодзіцца – акунуцца ў ваду. Важна, каб гэта было з карысцю для здароўя. Для менчукоў адкрытыя 26 пляжаў на сямі вадасховішчах.

Цнянка, Пціч, Вяча, Камсамольскае возера – месцы, у якіх, кажуць эпідэміёлагі, плаваць можна без асцярогаў. Акунуцца можна ў Драздах і Крыніцы. На выходных жыхары сталіцы масава паедуць на Менскае мора – яно ж Заслаўскае вадасховішча. Там таксама дазволена купацца.

{movie}Дзе ў Беларусі забаронена купацца? |right|17354{/movie}

Але бяспечна не паўсюль. Купацца забаранілі ў Чыжоўскім вадасховішчы – яно тэхнічнае. Бактэрыялагічныя паказнікі вады там не адпавядаюць нормам, і. нават проста акунуўшыся там, можна падхапіць скурныя і кішэчныя інфекцыі.

Небяспекі – не толькі ў хваробах. З іншае прычыны штраф за купанне можна атрымаць у раёне паўвыспы на Цнянцы. У цэнтры гігіены і эпідэміялогіі Менгарвыканкаму тлумачаць: там плаваць забаронена, бо надта глыбока, і рэдкі летні сезон на гэтым месцы абыходзіцца без смяротных ахвяраў.

Наогул жа па Беларусі забаронена купацца ў 10 вадаёмах. У некаторых з іх якасць вады пагаршаецца летам. Але і там, дзе купацца можна, нельга мыць садавіну і гародніну ды тым больш піць адтуль ваду. І апошняе – плаваць можна толькі ў тых вадаёмах, якія афіцыйна прызнаныя месцамі для адпачынку.

Але нават калі ў вадаёме купацца дазволена, галоўнае правіла бяспекі – ісці ў ваду толькі на цвярозую галаву. Паводле даследаванняў Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэту, каля 60 % тапельцаў у Менску знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

Марына Вашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў