Рай для шопаголікаў – у Еўропе пачаліся распродажы


Пакуль кемлівыя і эканомныя беларусы скупляюць квіткі на цягнік да Вільні, каб прывезці адтуль новыя боцікі або шафу з крамы “IKEA”, не губляюць свайго часу, а асабліва мілых сэрцу грошай, і еўрапейцы. У гэтыя дні ў шмат якіх краінах Еўропы распачаліся вялікія летнія распродажы.

{movie}Рай для шопаголікаў — у Еўропе пачаліся распрадажы |right|17250{/movie}

Улюбёны горад сапраўдных шопаголікаў – Парыж. Сюды лыжы востраць улетку пераважна аматары адзення от куцюр і, вядома ж, парфумы. Кошты на “Chanel”, “Dior”, “Azzaro”, “Calvin Klein” – часам ніжэйшыя, чым у duty free, і адназначна ніжэйшыя, чымся ў менскіх крамах. Распродажы ў Парыжы ідуць ужо тыдзень і будуць доўжыцца ўвесь ліпень. У Італіі распродажы распачынаюцца якраз сёння і зацягнуцца ажно да верасня. Знаўцы “шопінго італьяно” раяць Мілан, Рым, Фларэнцыю. У Бельгіі “solden” пачаліся ўчора і працягнуцца да канца месяца. Зніжкі 30, 50 і 70 % – у асноўным на абутак, адзенне, мэблю, бытавую тэхніку.

Лонданскія распродажы
доўжацца каля месяца і пачынаюцца са зніжак 50 %. Да канца перыяду зніжкі дасягаюць ажно 70–80 %, але выбар ужо меншы. Сюды едуць пераважна па якаснае і моднае адзенне. З сярэдзіны лета да пачатку восені традыцыйна распрадаюцца летнія калекцыі ў Вугоршчыне. У Польшчы, Даніі, Галандыі, Славаччыне і Славеніі “сэйлы” пройдуць да канца жніўня. Пазней за ўсіх да распродажу далучаецца Румынія – тут сезон зніжак пройдзе з 1 жніўня да 31 кастрычніка.

Знаходзяцца, вядома, дасціпнікі, якія з’едліва жартуюць, што распродажы выкарыстоўваюцца знаходлівымі камерсантамі, каб пазбавіцца заляжалых тавараў і старых калекцыяў. Але аматараў купіць усё танна, калі судзіць па гэтых натоўпах на Ру дэ Нёў, штогоду не менш, а ўсё больш. І якая, урэшце, ім розніца – сёлетняя гэта калекцыя ці леташняя. Галоўнае, каб тавар быў якасны і кошт прымальны.

Алесь Сіліч, “Белсат”, Брусэль

Стужка навінаў