Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу супраць... украінскага войска


Распачалі крымінальную справу паводле факту «ўжывання забароненых сродкаў і метадаў вядзення вайны» на тэрыторыі «Данецкай і Луганскай Народных Рэспублік». Абвінавачаным пагражае да 20 гадоў зняволення.

Пра гэта паведамляе кіраўнік ўпраўлення супрацы з медыямі Следчага камітэту Расеі Уладзімір Маркін на інтэрнэт-старонцы ведамства.

На думку расейскіх следчых, невядомыя вайскоўцы ўкраінскіх Узброеных сілаў і Нацыянальнай гвардыі, а таксама «Правага сектара» абстралялі Славянск, Краматорск, Данецк, Марыупаль ды іншыя населеныя пункты «Данецкай і Луганскай Народных Рэспублік» з мэтаю «забойства мірных грамадзянаў», ужываючы «зброю, артылерыю, авіяцыю, у тым ліку з сімволікаю Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, бранятанкавыя ўзбраенне і тэхніку». Пасля такой ацэнкі сітуацыі расейскі бок заявіў пра парушэнне Украінаю Жэнеўскай канвенцыі.

У сваім паведамленні спадар Маркін таксама асуджае ўкраінскіх вайскоўцаў за тое, што яны ўзялі ў палон журналістаў «Life News» Алега Сідзякіна і Марата Сайчанка. На ўкраінскіх сілавікоў ускладаецца віна за смерць італьянскага журналіста Андрэа Ракеллі (Andrea Rokkelli) і расейскага праваабаронцы Андрэя Міронава ды 35 нібыта параненых асобаў, якіх у Данецку вёз цяжкавік.

Справу распачалі паводле ч. 1 арт. 356 КК РФ (ужыванне забароненых сродкаў і метадаў вядзення вайны). Паводле яе могуць пакараць на 20 гадоў турмы.

Расея парушыла Жэнеўскую канвенцыю падчас анексіі Крыма і дзеянняў па распальванні канфліктаў у паўднёва-ўсходняй Украіне.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў