У МЗС Беларусі выказаліся наконт нападу на беларускую амбасаду і консула ў Лондане


МЗС Беларусі апублікавала заяву з нагоды інцыдэнту, які адбыўся ўвечары 19 снежня каля беларускай амбасады ў Лондане.

Паведамляецца, што спачатку атакавалі будынак амбасады, а пасля і аднаго з консулаў.

Акцыя каля амбасады Беларусі ў Лондане.
Фота: charter97

Паводле інфармацыі ведамства, спачатку «групай асобаў быў сапсаваны фасад будынку замежнай установы, а затым фізічна атакаваныя беларускія дыпламаты, якія прыбылі на месца. Аднаму з іх былі нанесеныя сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні, спатрэбілася тэрміновая медычная дапамога. Ва ўстанове аховы здароўя дыягнаставалі пералом носа, страсенне мазгоў лёгкай ступені і траўматычны пералом зуба».

У МЗС заявілі, што частка тых, хто нападаў, была затрыманая, і што яны, як мяркуецца, уваходзяць у супольнасць беларусаў у Лондане «Надзея».

«Белсату» ў арганізацыі «Надзея» адказалі, што яны «не маюць ніякага дачынення да ўчорашняга агіднага здарэння».

«Мы − чат-суполка суайчыннікаў, якія пражываюць у Вялікай Брытаніі. Мы асвятляем акцыі, але не з’яўляемся арганізатарам кожнай. Мы не ведаем, хто зладзіў правакацыю – гэтым будзе займацца паліцыя і шукаць вінаватых людзей па камерах. Мы ўжо папярэдзілі Foreign, Commonwealth and Development Office (МЗС Вялікай Брытаніі. – Заўв. belsat.eu) аб здарэнні», – патлумачылі ў «Надзеі».

E МЗС Беларусі выклікалі консула Вялікай Брытаніі.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў