Вярхоўная Рада Украіны абмяркуе эмбарга на імпарт беларускіх тавараў


Праект закону аб забароне імпарту тавараў, краінай паходжання якіх ёсць Беларусь, паступіў у Вярхоўную Раду Украіны 19 лістапада. Аўтар законапраекту называў Лукашэнку забойцам.

украина рада
Вярхоўная рада Украіны.
Фота: Белсат

Сам тэкст законапраекту не публікавалі – вядомая толькі назва і імя ініцыятара. Няма гарантыі, што менавіта па гэтым праекце будзе галасаванне, але зараз ён пойдзе на разгляд у камітэтах Вярхоўнай Рады. Праект ініцыяваў дэпутат ад партыі ўлады «Слуга народу» Аляксандр Дануца.

Гэты дэпутат раней выступаў у падтрымку беларускага народу, быў адным з ініцыятараў заявы «Пра Акт свабоды Беларусі». 15 верасня 2020 года на паседжанні Вярхоўнай рады ён казаў:

«Сёння ў прэзідэнта Беларусі, якім ён сябе лічыць, у крыві на руках, – казаў Дануца падчас беларускіх пратэстаў-2020. – Сёння прэзідэнт Беларусі Лукашэнка – забойца. Сёння Прэзідэнт Беларусі пасадзіў актывістаў і простых людзей у беларускія турмы. Прэзідэнт Беларусі Лукашэнка сёння б’е жанчын на маршах герояў. Сёння ні адзін украінец, ні адзін адэкватны чалавек, які выступае супраць гвалту, не можа стаяць убаку».

Аб’ектыў
Глыбей у ізаляцыю: Украіна збудуе кардон, а Эстонія дапаможа палякам
2021.11.19 22:21

Паводле Нацыяльнага статыстычнага камітэту Беларусі, за студзень-верасень экспарт тавараў ва Украіну склаў $ 3,57 млрд, імпарт з Украіны ў Беларусь – усяго $ 1 млрд.

Як адзначае Reform.by, Украіна – адзін з найбуйнейшых пакупнікоў беларускіх нафтапрадуктаў, змяшаных мінеральных угнаенняў, застаецца важным рынкам для МАЗу і МТЗ. У апошнія гады Украіна ўводзіла розныя антыдэмпінгавыя мыты, але мыты супраць беларускіх аўтобусаў і грузавікоў скасавалі пасля аспрэчвання беларускім бокам.

«Еўрарадыё» дадае, што ў мінулым годзе ва Украіну пайшло 37,5 % фізічнага экспарту нафтапрадуктаў або 45,2 % у вартасным выражэнні. За 8 месяцаў бягучага году пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў ва Украіну выраслі на 87,7 %, і пастаўкі ідуць з падсанкцыйнага «Нафтану».

АА belsat.eu

Стужка навінаў