Венскую канферэнцыю перанеслі ў онлайн, але не скасавалі. Што там будзе


Чуткі зняпраўдзіў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Франак Вячорка. Здымак з адмысловага рэпартажу «Белсату» пра жыццё Святланы Ціханоўскай. Вільня, Літва. Травень 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У аўстрыйскай Вене 22 лістапада мела прайсці міжнародная канферэнцыя ў «беларускім пытанні». Анонс рабіў канцлер Аўстрыі. Ды праз каронавірус канферэнцыю перанеслі ў онлайн-фармат. Пайшлі чуткі, што канферэнцыю наогул скасуюць. «Белсат» спытаў пра гэтыя чуткі ў Франака Вячоркі – старэйшага дарадцы Святланы Ціханоўскай.

«Канферэнцыя ні ў якім разе не адмяняецца, яна адбудзецца ў фармаце онлайн, – кажа Вячорка. – Святлана Ціханоўская прыбудзе ў Вену на запрашэнне канцлера, правядзе асобныя сустрэчы і з канцлерам, і з міністэрствам, паўдзельнічае ў галоўным блоку – канферэнцыі высокага ўзроўню, дзе плануецца ўдзел да дзесяці еўрапейскіх міністраў замежных справаў».

Разам з галоўным блокам запланаваныя і экспертныя – з удзелам і беларускіх, і замежных адмыслоўцаў розных галінаў. Паводле Вячоркі, мэта канферэнцыі – дамовіцца пра прынцыпы новай і ўдакладненай стратэгіі Еўразвязу адносна Беларусі. Палітычную падтрымку і салідарнасць адчуваюць, але патрэбная сістэмная праца, кажа дарадца Ціханоўскай. У выніку канферэнцыі чакаюць не толькі больш адзіную пазіцыю, але і больш гучную і артыкуляваную.

ВІДЭА
Рэжым будзе размаўляць пра будучыню Беларусі ў Аўстрыі?
2021.11.05 16:01

Бліжэйшыя тыдні будуць надзвычай важнымі, кажа Вячорка і пералічвае падзеі. Пытанне Беларусі абмяркоўваецца ў Еўракамісіі, там выпрацоўваецца новы падыход да таго, як спыніць «лукашэнкаўскі шантаж». Беларускае пытанне пастаўленае таксама ў NATO, бо крызіс перастаў быць унутрыбеларускім, а стаў міжнародным. У наступную сераду будзе вялікі пленарны сход Еўрапарламенту, на якім выступіць са зваротам Святлана Ціханоўская, што таксама неардынарна «і нават беспрэцэдэнтна». Фіналізуецца пяты санкцыйны пакет Еўразвязу – важна не дазволіць яго паслабіць. Запланаваныя кансультацыі і размовы офісу Ціханоўскай з міністрамі розных краінаў і прадстаўнікамі міжнародных арганізацыяў.

«Гэтая канферэнцыя, мы спадзяемся, стане пачаткам, закладзе нейкі падмурак да наступных такіх сустрэчаў, – дадае Вячорка. – Але галоўная задача, каб сустрэчы не праводзіліся дзеля сустрэчаў, каб кожная дамоўленасць выконвалася, каб гэта вяло да нашай мэты вырашэнне крызісу і новых выбараў».

Hавiны
Чаму ў Еўропе зноў бяда з каронавірусам? WHO чакае паўмільёна смерцяў бліжэйшымі месяцамі
2021.11.05 09:10

Аўстрыйцы ўводзяць надзвычай жорсткі локдаўн у сувязі з пандэміяй COVID-19, расказвае Вячорка. Праз гэта і давялося перанесці шмат падзеяў у онлайн. Уезд у краіну забаронены, практычна ўсе грамадскія ўстановы перастануць працаваць. Захады «драконаўскія»: трэба пастаянна рабіць тэсты, рэкамендуецца не выходзіць на вуліцу.

Насельніцтва Аўстрыі амаль такое ж, як у Беларусі: 8,9 млн чалавек. У Аўстрыі ў паведамляюць пра больш за 10 тысяч новых выпадкаў COVID-19 штодня і пра 40-50 смерцяў інфікаваных на дзень. У Беларусі – менш за 2 тысячы новых выпадкаў штодня і пра 14-16 смерцяў (у праўдзівасці гэтай статыстыкі ёсць шматлікія падставы сумнявацца). Пры тым у Аўстрыі прынамсі адну дозу вакцыны ад каронавірусу атрымалі 69 % насельніцтва і цалкам вакцынаваныя 64 %, а ў Беларусі адпаведна 35 % і 26 %. Практычна ніякіх каронавірусных абмежаванняў у Беларусі няма.

Hавiны
Праўда і міфы пра COVID-19. У 404 словах і шасці вялікіх разборах
2021.11.03 08:31

АА belsat.eu

Стужка навінаў