Гарадзенскага святара – аўтара флэш-мобу супраць фальсіфікацыяў, перавялі на новае месца служэння


Дыякан і прэс-сакратар Гарадзенскай епархіі Дзмітрый Паўлюкевіч пераведзены на служэнне ў Каложскую царкву. Раней ён быў святаром у гарадзенскім храме Свяціцеля Мікалая Цудатворцы.

Дзмітрый Паўлюкевіч падчас службы ў Пакроўскім саборы ў Горадні.
Фота: Гарадзенская епархія

Дзмітрый Паўлюкевіч вядомы таксама як аўтар папулярнага місіянерскага блогу ў Інстаграме, дзе ён распавядаў аб рэлігіі і царкве ў зручным фармаце сацсетак, развейваў міфы аб праваслаўі і адказваў на папулярныя пытанні.

Перад выбарамі 2020 году Дзмітрый Паўлюкевіч запусціў флэш-моб супраць фальсіфікацыяў. Ён стварыў адмысловы плакат, які з дапамогай цытатаў з Бібліі тлумачыў, чаму праваслаўным трэба выступіць супраць фальсіфікацыяў, прыніжэння асобы і ціску на асобы. Да гэтага флэш-мобу актыўна далучыліся іншыя праваслаўныя святары.

Змены ў Гарадзенскай епархіі пачаліся ў чэрвені бягучага году з гучнага адхілення ад кіравання епархіяй архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, які адкрыта выказваўся супраць гвалту і беззаконня ў краіне. На яго месца паставілі епіскапа Антонія.

Дзмітрый Паўлюкевіч.
Фота: скрыншот відэароліка Дзмітрыя Паўлюкевіча/Youtube

Хутка пасля гэтага ад кіраўніцтва прыходамі адхілілі траіх праваслаўных святароў у Горадні, якія маюць вялікі аўтарытэт сярод праваслаўных вернікаў і вядомыя сваёй прынцыповай хрысціянскай пазіцыяй. Гэта настаяцель галоўнай праваслаўнай святыні гораду – Пакроўскага сабору – протаіерэй Георгій Рой, які шматкроць заклікаў спыніць рэпрэсіі і вулічны гвалт, Мікалай Гайдук – настаяцель Нікольскай царквы на Архірэйскім падворку, і Анатоль Ненартовіч – сакратар Гарадзенскай епархіі. У іх падтрымку пасля зняцця з пасадаў выступаў і Дзмітрый Паўлюкевіч, выказваючы павагу смеласці і годнасці святароў. Пасля цяперашняга пераводу ў Каложскую царку Паўлюкевіч яшчэ раз падзякаваў айцу Георгію Рою, які «навучыў яго быць смелым».

СП, belsat.eu

Стужка навінаў