Журналісты ў «тэрарыстычным» спісе і прысуды за каментары. Хроніка рэпрэсіяў за 20 кастрычніка


Штодня пасля выбараў 2020 году ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць грамадзянаў. «Белсат» сабраў асноўныя звесткі і факты палітычнага пераследу, пра якія стала вядома 20 кастрычніка.

Марына Золатава і Людміла Чэкіна. Крыніца: viasna96/Telegram

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» – там з’явіліся прозвішчы яшчэ шасці чалавек. Цяпер у ім 934 чалавекі, з іх – 189 беларусы. Сярод іх палітзняволеныя супрацоўніцы «Tut.by» Марына Золатава і Людміла Чэкіна. Акрамя іх, у спіс дадалі былога студэнта Канстанціна Рудніцкага, арганізатара турпаходаў Ігара Галушка, былога выкладчыка радыётэхнічнага каледжа Цімафея Шкуратовіча і «рэйкавага партызана» Віталя Мельніка, якому пры затрыманні прастрэлілі калені.

За размову з палітзняволеным блогерам Паўлам Спірыным у калоніі вязняў адпраўляюць у ШІЗА, ім «забаронена» размаўляць з ім. Павел у калоніі працуе мыйшчыкам посуду. Палітвязня асудзілі на 4,5 гады калоніі агульнага рэжыму за «распальванне сацыяльнай варожасці» за два відэа на Youtube.

У бабруйскай калоніі 20 кастрычніка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 50-гадовага палітзняволенага Аляксандра Зайкоўскага, асуджанага да двух гадоў калоніі за «гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі». Цяпер яго судзяць па ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Справу разглядае суддзя Васіль Галкоўскі. Гэта ўжо трынаццаты палітвязень за апошні год, якога судзяць паводле арт. 411 КК.

Hавiны
«Канструктыўнага дыялогу» не атрымалася. Чырвоны касцёл адмаўляецца выносіць рэчы
2022.10.20 14:56

У Берасцейскім абласным судзе па «справе Зельцара» асудзілі 34-гадовага палітзняволенага Яўгена Тазава паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») за негатыўны каментар пра сілавікоў у тэлеграм-канале. Яму прызначылі два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У Менску ў другой палове дня 19 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі затрымалі фатографа і журналіста Руслана Мазаніка. Папярэдне вядома, што яго даставілі ў РУУС Заводскага раёну Менску. Сваякам паведамілі, што журналіста затрымалі за нейкі рэпост у сацыяльных сетках. Руслана Мазаніка затрымлівалі і раней, у 2021 годзе, і прысудзілі 13 содняў арышту.

Таксама ўчора, увечары 19 кастрычніка, былі затрыманыя пчаляр Міхаіл Волчак і яго жонка Святлана, былая выкладчыца і кіраўніца страйкаму БДУ. Яе з мужам неаднаразова затрымлівалі пасля 2020 году. Вядома, што пасля ператрусу на вуліцы засталіся іх кот з сабакам.

У Мазыры за абразу Лукашэнкі затрымалі юнака 2001 года нараджэння. Верагодна, яго завуць Сяргей Гулін. На «пакаяным відэа» хлопец кажа, што пісаў абразы ў бок супрацоўнікаў міліцыі і Лукашэнкі, а таксама заклікаў перакрыць мост у Мазыры «для гісторыі».

ГУБАЗіК затрымаў жыхарку Магілёва Аксану Юр’яву. На «пакаяным відэа» жанчына кажа, што з пачатку вайны падтрымлівала Украіну і актыўна пісала каментары на гэтую тэму. У адным з іх яна нібыта абразіла Лукашэнку. Пасля затрымання сілавікі «захапілі» акаўнты жанчыны ў сацсетках.

Фігуранты справы «Атрады грамадзянскай самаабароны» (АГСБ).
Фота: БелТА«

Менскі абласны суд працягвае разгляд справы «Атрада грамадзянскай самаабароны Беларусі», якую ў Беларусі прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй. Па справе праходзяць адразу пяць чалавек – Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыл Ашурак. Сёння абвінавачванне зачыталі ўсім фігурантам справы. Усе, акрамя 32-гадовага жыхара Ліды Дзмітрыя Сасноўскага, прызналі віну цалкам або часткова. Згодна версіі абвінавачвання, Сасноўскі «распачаў наўмысныя дзеянні, накіраваныя на падрыхтоўку да акту тэрарызму ў дачыненні да прапагандыста Рыгора Азаронка». Далей суд перайшоў да допыту абвінавачаных.

Адміністрацыя наваполацкай калоніі цісне на палітвязня Аляксандра Целяшмана – яго доўгі тэрмін трымаюць у ШІЗА. У ПК-1 ён быў накіраваны ў студзені. За гэты час яго тройчы змяшчалі ў штрафны ізалятар. Апошні раз яго змясцілі туды 16 жніўня. Ён правёў там 40 содняў, а пасля выхаду адтуль хлопца перавялі ў іншы атрад, дзе зноў змясцілі ў штрафны ізалятар. На гэты раз – на 20 содняў. Аляксандра абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» у Берасці 9-10 жніўня 2020 года і прызначылі 4 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Hавiны
ЗША заклікалі рэжым неадкладна і беспярэчна вызваліць Дар’ю і Ігара Лосікаў
2022.10.20 10:46

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў