«Гаворкі пра татальнае, назаўсёды, замарожванне цэнаў не ішло». Што будзе з коштамі ў беларускіх крамах


Аляксандр Лукашэнка на сённяшняй нарадзе ў Менску заявіў, што ягонае патрабаванне замарозіць кошты было часовым, перадае «БелТА». Ён таксама сказаў, што ніхто «не ставіў эканоміку на паўзу», і за час замарозкі цэнаў «ніхто не абрынуўся».

Прадукты харчавання ў Беларусі. 26 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду «у пытаннях фармавання Усебеларускага народнага сходу і зменаў выбарчага заканадаўства», але закрануў і іншыя тэмы. Ён заявіў, што ягоная пастанова пра замарозку цэнаў была часовай: да таго моманту, пакуль урад не прыдумае механізм кантролю за коштамі.

«Ніякай гаворкі пра татальнае, назаўсёды, замарожванне цэнаў не ішло. Гутарка ішла да 20 кастрычніка ці да тае пары, пакуль не набудзе моц пастанова ўраду. Гэта не азначае, што цэны спыненыя, і заўтра яны расці не будуць. Вось калі мы тупа іх замарозім, то сапраўды пры першым набліжэнні яны вырастуць», – сказаў Лукашэнка.

Ён упэўнены ў слушнасці ягонай пастановы пра мараторый на рост цэнаў.

«Мая пастанова – да сёння не чапаць цэны, не дакранацца нават рукою – была спелай і абгрунтаванай. Скажыце, ці хтосьці абрынуўся да сёння? Ніхто не абрынуўся. Я бачу жудасны ціск на вас перш за ўсё, але і на мяне ўжо пачалі выходзіць: ах, на паўзу эканоміку паставілі. Якая эканоміка на паўзу пастаўленая? Я вас потым пастаўлю на паўзу», – прыгразіў кіраўнік рэжыму.

Ён таксама распавёў пра нейкіх бюргераў, якія «падбухторваюць гандляроў супраць улады».

«Ужо гэтыя бюргеры з-за межы звоняць, даюць каманду: вы тут глядзіце, гэта ж там прэзідэнт не такія пастановы прыняў. Яны ўжо пачынаюць звычайных прадаўцоў падбухторваць супраць улады. Органы ўлады адмысловыя каманды атрымалі», – сказаў Лукашэнка.

Hавiны
Сталі вядомыя падрабязнасці ўрадавай пастановы аб рэгуляванні цэнаў
2022.10.20 09:51

На нарадзе 6 кастрычніка ён загадаў замарозіць цэны і даручыў да 20 кастрычніка распрацаваць прапановы аб мерах па іх далейшаму рэгуляванню. Напярэдадні ўвечары ўрад паведаміў, што адпаведная пастанова прынятая, сёння сталі вядомыя ейныя падрабязнасці. Напрыклад, на ўвесь кошык спажывецкіх тавараў уведзеныя максімальныя гандлёвыя надбаўкі, а вытворцы абавязаныя ўзгадняць з чыноўнікамі павелічэнне цэнаў. Абмежаванні тычацца як айчынных, гэтак і імпартных тавараў.

Днямі Камітэт дзяржкантролю абвесціў, што за час дзеяння мараторыя на рост цэнаў былі заведзеныя 34 крымінальныя справы, затрыманыя каля 20 асобаў.

Агляд
Ці адчулі беларусы палёгку ад увядзення мараторыю на рост цэнаў?
2022.10.18 17:42

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў