Мінабароны Беларусі патлумачыла вываз танкаў у Расею


Міністэрства абароны Беларусі пракаментавала інфармацыю аб эшалонах з беларускай ваеннай тэхнікай, якая вывозіцца ў Расею. Па версіі ведамства, гэта звязана з мадэрнізацыяй і перааснашчэннем Узброеных сілаў. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення развіцця сістэм узбраення Узброеных сіл палкоўнік Сяргей Сахарук.

Адзін з танкаў каля вакзалу ў Воршы, які накіроўваецца ў Расею. Скрыншот відэа: Hajun_by/ Telegram

Паводле слоў Сяргея Сахарука, абнаўленне тэхнікі адбываецца па трох напрамках:

  • мадэрнізацыя старых савецкіх узораў на прадпрыемствах Беларусі і Расеі;
  • закупка новых беларускіх сучасных узораў;
  • пастаўка новай тэхнікі з прадпрыемстваў Расеі.

Паводле яго слоў, Узброеныя сілы Беларусі ўжо атрымалі новыя мадэрнізаваныя танкі Т-72Б3, бронетранспарцёры БТР-82А і БТР-70МБ, лёгкабраніраваныя аўтамабілі «Дракон» і «Кайман» і іншую ваенную тэхніку. Таксама вялікая ўвага надаецца абсталяванню беспілотнікамі.

«Па меры пастаўкі ў злучэнні і воінскія часці сучасных узораў узбраення састарэлыя ўзоры ваеннай тэхнікі адбіраюцца з войскаў і паступаюць у арсеналы і базы ўзбраення з мэтай іх наступнай мадэрнізацыі, рамонту і закладкі ў рэзерв. На сённяшні дзень завершана пераўзбраенне на новыя ўзоры бранятанкавага ўзбраення і аўтамабільнай тэхнікі танкавых, механізаваных і дэсантных падраздзяленняў. У выніку праведзенай працы вызваліліся баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры і аўтамабілі яшчэ савецкай вытворчасці», – заявіў Сяргей Сахарук.

«Вызваленая» тэхніка па завяршэнні мадэрнізацыі будзе пастаўлена ў дзеючыя злучэнні і воінскія часці, а таксама будзе прызначана для забеспячэння рэзервовых фармаванняў. У першую чаргу на мадэрнізацыю адпраўляюцца танкі Т-72 і бронетранспарцёры і аўтамабільная тэхніка, у асноўным на расейскія прадпрыемствы, дадаў прадстаўнік Мінабароны.

Раней у тэлеграм-каналах з’явілася відэа, на якім эшалоны з танкамі едуць міма вакзалу ў Воршы ў бок Расеі. Паведамлялася, што гэтая тэхніка далей можа перадавацца ў Расею для папаўнення страт расейскага войска ў Данецкай і Луганскай вобласцях. Аднак тады беларускія дзяржаўныя медыя расказвалі аб тым, што тэхніка адпраўлена ў Расею для мадэрнізацыі, а затым вернецца ў Беларусь.

Аналітыка
Перад 24 лютага і цяпер. Як рэжым Лукашэнкі паўтарае адзін і той жа сцэнар эскалацыі
2022.10.18 19:12

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў