Адсоткавая стаўка знізілася, колькасць крэдытаў таксама. Чаму беларусы не спяшаюцца пазычаць у банкаў?


Беларусы сталі меней браць крэдытаў, хаця адсоткі для пазык паменшалі, а банкі прапаноўваюць мноства партнёрскіх праграмаў ад гандлю. Паводле Нацбанку, па выніках жніўня крэдытная запазычанасць насельніцтва Беларусі складала амаль Br 16,5 млрд. Разам з экспертам цэнтру BEROC Анастасіяй Лузгіной паспрабавалі разабрацца, што стаіць за гэтай лічбай і чаму яна насамрэч не ўражвае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  
Фота: Белсат

Крэдытаў выдадзена менш, чым у 2021 годзе

Агульныя абʼёмы крэдытавання ў параўнанні з мінулым годам у Беларусі памяншаюцца, хаця беларусы працягваюць крэдытавацца даволі актыўна. Прычым пазычаюць яны ў банкаў збольшага на спажывецкія патрэбы.

Паводле «Статыстычнага бюлетэню» № 8 Нацыянальнага банку Беларусі, за восем месяцаў 2022 года беларусы ўзялі ў банках крэдытаў на Br 5464,5 млн. Гэта амаль на 300 млн, ці на 5 % меней, чым за такі ж тэрмін летась, калі сума крэдытаў склала Br 5739,8 млн.

Пры гэтым абʼём выдадзеных крэдытаў на фінансаванне нерухомасці ў сёлетнім жніўні ў параўнанні з мінулым знізіўся на 10,05 %, да Br 984,1 млн. У грашах розніца склала Br 110,8 млн. У тым ліку абʼём крэдытаў на рэканструкцыю і набыццё жытла ў параўнанні з адпаведным перыядам 2021 года зменшыўся на 10,24 %, да Br 973,7 млн. У грашах гэта на Br 110,5 млн меней. То бок паменшала менавіта мэтавых крэдытаў на жытло.

Лік крэдытаў на спажывецкія мэты, выдадзеных за восем месяцаў гэтага года, зменшыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 3,5 %, да Br 4644,9 млн. У грашах розніца склала Br 164,5 млн.

Сярэдні прырост выданых спажывецкіх крэдытаў за месяц сёлета склаў Br 560,05 млн, гэта на 3,57 % меней, чым летась (Br 580,6 млн).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Белсат

Цікава глянуць на тое, колькі ўвогуле на сёння людзі вінаватыя банкам. Агульная запазычанасць фізічных асобаў па выніках васьмі месяцаў склала Br 16430,8 млн. Гэта на 2,4 % больш, чым было год таму. Але калі мы ўважліва глянем на дынаміку змянення запазычанасці, то ўбачым, што расла яна ў мінулым годзе, а ў гэтым – толькі зніжаецца, хоць і павольна, на 0,8 % ад пачатку года.

З гэтай сумы запазычанасць у нерухомасці складае Br 11 578,0 млн, ці 70 %, а запазычанасць на спажывецкія мэты за восем месяцаў  – Br 4784,2 млн (30 %). Гэтая лічба складаецца з толькі што выдадзеных крэдытаў і з выдадзеных раней, але яшчэ не выплачаных.

Зразумела і чаму запазычанасць за крэдыты на нерухомасць такая вялікая – іх выплачваюць дзесяцігоддзямі, а спажывецкія крэдыты бяруць на год-два максімум.

Hавiны
Сталі вядомыя падрабязнасці ўрадавай пастановы аб рэгуляванні цэнаў
2022.10.20 09:51

Чаму спажывецкія крэдыты па-ранейшаму папулярныя

Нягледзячы на пэўнае зніжэнне абʼёму выдадзеных крэдытаў, асабліва заўважнае на прыкладзе крэдытаў на нерухомасць, спажывецкае крэдытаванне застаецца прыблізна на ўзроўні мінулага года. Гэта тлумачыцца нізкімі адсоткавымі стаўкамі на крэдыты, развіццём партнёрскіх праграмаў растэрміноўвання паміж банкамі і рытэйлам, выкарыстаннем картаў растэрміноўвання і оўвэрдрафту, спажывецкімі страхамі.

Старэйшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна звярнула ўвагу на тое, што сярэдняя адсоткавая стаўка на кароткатэрміновых крэдытах знізіліся з 17,5 % летась да 12,75 % гадавых у сёлетнім жніўні.

«Мяркуючы паводле статыстыкі таго ж Нацбанку, памер адсоткавай стаўкі панізіўся амаль на траціну. І дзіўна, што пры такім значным зніжэнні даступнасці крэдытаў буму крэдытавання не адбылося. Абʼём выдадзеных крэдытаў нават знізіўся ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года», – адзначыла Анастасія Лузгіна.

На захаванне абʼёму і тэмпаў спажывецкага крэдытавання, на думку Лузгіной, уплываюць развіццё праграмаў растэрміноўвання і партнёрскіх праграмаў паміж банкамі і рытэйлам. У межах партнёрскіх праграмаў з рытэйлам банкі выдаткоўваюць грошы на набыццё тавараў у растэрміноўванне і крэдыт увогуле пад вельмі нізкія адсоткі – у межах 1–2 % гадавых. Растэрміноўванне афармляецца як па асобных дамовах з пакупнікамі, так і з дапамогай картаў растэрміноўвання. Апошні варыянт яшчэ больш просты і хуткі.

«Карыстанне растэрміноўванем – гэта нешта кшталту спажывецкай звычкі, што добра бачна паводле звестак статыстыкі. Месяц за месяцам банкі выдаюць насельніцтву амаль што аднолькавую ці вельмі падобную ў памерах суму кароткатэрміновых крэдытаў. Ёсць пэўная колькасць насельніцтва, якая мае такую звычку ці схільная да яе», – заўважыла эксперт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Белсат

Прычынаў, чаму людзі любяць растэрміноўванне, таксама некалькі. Экспертка назвала выгаду і магчымасць падняць узровень жыцця без росту альбо нават пры падзенні ўзроўню даходаў. «Такія прапановы могуць быць сапраўды выгаднымі для людзей. Апроч таго, гэта спосаб захаваць або трохі падняць узровень жыцця пры дапамозе рэчаў, якімі можна карыстацца ўжо зараз, а аплату за іх расцягваць на працяглы тэрмін, да года-двух. Я б не выключала таго, што для некаторых карты растэрміноўвання і карты з оўвэрдрафтам – добра замена «пазыкам у суседзяў», калі перахопліваюць ад «палучкі да палучкі»», – падсумавала Анастасія Лузгіна.

У адсоткавай палітыцы банкаў, калі яны даюць крэдыты пад адсоткі, ніжэйшыя за ўзровень інфляцыі, таксама ёсць свая логіка. «Па-першае, мы кажам пра сярэднюю адсоткавую стаўку. Адны людзі бяруць растэрміноўванне пад 1 % гадавых, іншыя бяруць крэдыт пад 22 % гадавых. Ясна, што сярэдні адсотак будзе выглядаць не высокім. Па-другое, параўнальна нізкімі адсоткавымі стаўкамі банкі спрабуюць захаваць абʼём крэдытавання, банкам таксама трэба жыць».

Агляд
Ці адчулі беларусы палёгку ад увядзення мараторыю на рост цэнаў?
2022.10.18 17:42

Яшчэ адна магчымая прычына таго, што людзі не спыняюцца браць спажывецкія крэдыты, – гэта магчымасць сёння купіць тавар танней, чым заўтра. І ўвогуле, магчымасць набыць імпартныя тавары, якіх заўтра можа і не быць з прычыны санкцыяў. «Гэткія страхі маюць, вядома ж, месца, але іх уплыву не ўбачыш у банкаўскай статыстыцы, толькі праз сацыялагічныя апытанні, – падкрэсліла Анастасія Лузгіна. – Але не трэба быць вялікім прарокам, каб зразумець, што гэтыя чыннікі таксама ўплываюць, хоць панічнага попыту мы не назіраем».

На меркаванне Анастасіі Лузгіной, шопінг і набыццё тавараў у растэрміноўванне – адзін з інструментаў «антышокавай тэрапіі», развагі кшталту «калі я магу нешта набыць, значыць, усё ў парадку» вяртаюць людзям раўнавагу. «Але даходы людзей зніжаюцца, магчымасці набыць заўтра тыя тавары, якія набывалі сёння, змяншаюцца, і ніхто не гарантуе беларусам, што і ўзровень спажывання застанецца на цяперашнім узроўні, – заўважыла Лузгіна. – Адзін з магчымых чыннікаў негатыўнага ўплыву на эканоміку, гандаль і насычанасць рынку таварамі – гэта адміністрацыйнае абмежаванне цэнаў, прынятае ў Беларусі нядаўна.

Паводле статыстыкі, за першыя восем месяцаў 2022 года інфляцыя ў Беларусі перавысіла 13 %, паводле прагнозу ўраду інфляцыя да канца года павінна была скласці 19 %.

«Цікава, што падобныя лічбы інфляцыі прагназаваў і Сусветны банк. Той рэдкі выпадак, калі супадаў і ўрадавы, і сусветны прагноз памеру інфляцыі ў Беларусі, якая чакалася напрыканцы года, – падкрэсліла Лузгіна. – Далей цэны паступова пачалі б выроўнівацца рынкавым шляхам. Ну, а цяпер складана прагназаваць, што будзе».

На што людзі ўмудраюцца ўзяць крэдыт

Напрыканцы артыкулу прывядзем некалькі прыкладаў таго, на якія мэты людзі бяруць крэдыты. Апроч зусім звычайных мэтаў крэдытавання кшталту на аўтамабіль, на бытавую тэхніку, на мэблю, на вучобу, існуюць і экзатычныя з’явы. Перад пачаткам навучальнага года беларусам актыўна прапаноўвалі крэдыты, каб падрыхтаваць дзіця да школы ці садка. Партал «Онлайнэр» сабраў сваю калекцыю незвычайных мэтаў крэдытавання:

  • крэдыт на вяселле,
  • крэдыт на адпачынак,
  • крэдыт на памяншэнне страўніка і іншыя медычныя і касметычныя працэдуры,
  • крэдыт на парашут і іншае абсталяванне для хобі,
  • крэдыт на дапамогу іншаму чалавеку.
Hавiны
КДК затрымаў працаўнікоў дзвюх інтэрнэт-крамаў за рост коштаў на бытавую тэхніку
2022.10.15 20:09

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў