Размаўлялі па-нямецку і гралі на скрыпцы. Якія даносы пісалі беларусы год таму


Беларускія кіберпартызаны паведамілі, што ў межах аперацыі «Жара» ўзламалі базу выклікаў 102. Разам з Кааліцыяй пратэставых двароў яны склалі мапу тых жыхароў краіны, якія здавалі сілавікам пратэстоўцаў. Што ёсць на мапе?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ДД / Белсат

Першая частка даносчыкаў

Першую партыю з 2842 даносчыкаў, якія скардзіліся на пратэстоўцаў у жніўні-верасні 2020 года, ужо апублікавалі на blackmap.org. Кіберпартызаны публікуюць іхныя тэлефонныя скаргі, адрасы, імёны і нумары заяўнікаў.

Асноўны масіў даносаў – гэта перасоўванне пратэстоўцаў па вуліцах беларускіх гарадоў, сігналы машынаў, якія «перашкаджаюць адпачываць», вывешаныя сцягі і гэтак далей. Аднак ёсць і больш экзатычныя, але ад таго не менш страшныя даносы беларусаў на сваіх жа суграмадзянаў, а часам – нават на знаёмых і суседзяў.

«Па пад’ездах хаваюцца пратэстоўцы»

Сярод прычынаў, з якіх людзі вырашылі выклікаць міліцыю, – «пляскаюць у далоні», «завязаныя белыя стужкі», «перазвоньваюцца па тэлефоне». А ў Берасці 11 жніўня на кампаніі людзей выклікалі міліцыю, бо яны «выкрыкваюць штосьці пра Беларусь».

Сілавікам скардзіліся на жанчын «з белымі шарыкамі», людзей, якія збіралі подпісы.

У Менску 10 жніўня скардзіліся на выбухі [ад святлошумавых гранатаў сілавікоў. – Рэд. Belsat.eu] і на тое, што пасля іх «па пад’ездах хаваюцца пратэстоўцы». 15 лістапада, калі адбываўся разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі, адна жанчына патэлефанавала ў міліцыю, каб сказаць, што «ў пад’ездзе адчыненыя дзверы для хавання пратэстоўцаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЛП / Белсат

У Бабруйску 30 жніўня «заяўнік сам зняважыў трох «фашыстаў», якія размаўлялі па-нямецку. Свае звесткі называць адмовіўся».

Данос. Скрын з сайту blackmap.org

Даносы на суседзяў і знаёмых

Адзін з менчукоў 12 жніўня звярнуўся ў міліцыю праз тое, што «у «Інстаграме» знаёмая распаўсюджвае інфармацыю з заклікамі да мітынгу».

А іншая 6 верасня паведаміла, што ейныя суседзі па пад’ездзе «размалёўваюць мэблю ў БЧБ-сцяг».

Данос. Скрын з сайту blackmap.org

Тады ж іншая жыхарка Менску паведаміла, што ў падвале ў фотаатэлье «вывешваюць сцягі БЧБ, робяць фотаздымкі містычных лялек і транспарантаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЛП / Белсат

Звесткі кіберпартызанаў выявілі і раней невядомыя старонкі ў беларускім пратэставым руху. Напрыклад, 10 лістапада па вёсцы Рудаўка Слонімскага раёну ездзіў камбайн з бел-чырвона-белым сцягам.

Скаргі на мір, Біблію ды Цоя

Данос. Скрын з сайту blackmap.org

У Гомлі 16 жніўня паведамілі, што невядомы раскідаў улёткі са словамі «Раздавім фашысцкую гадзіну» – менавіта так называлася савецкая антыфашысцкая газета падчас Другой сусветнай вайны.

А ў Менску 15 лістапада міліцыю выклікалі за надпіс, зроблены на доме КДБ на вуліцы Нёманскай: «Няма цемры, ні ценю смяротнага, дзе маглі б схавацца беззаконнікі». А гэта нішто іншае, як біблійная кніга Ёва (34:22).

Данос. Скрын з сайту blackmap.org

У Горадні ж 13 жніўня не спадабаліся ўлёткі «Мы хочам міру».

Асаблівую занепакоенасць у прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі выклікаюць песні. Гэтак, 23 жніўня жыхарка Менску паскардзілася на суседа, які «гучна слухае музыку (Цой «Перемен»)».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

А ўвагу іншага менчука 21 жніўня прыцягнула тое, што ў пераходзе станцыі метро «Каменная Горка» «дзяўчына на скрыпцы грае песні Цоя, заклікае людзей да зменаў».

Данос. Скрын з сайту blackmap.org

Непакоіла іх і ўшанаванне памяці забітых. Напрыклад, кветкі на дарозе каля станцыі метро «Пушкінская» 11 жніўня, СМС з заклікам прыйсці ў рытуальны цэнтр развітацца з Аляксандрам Тарайкоўскім 14 жніўня, або мемарыял «загінуламу гр-ну ў г. Менску» Раману Бандарэнку на рагу вуліц Орды і Агінскага ў Горадні 15 лістапада.

Скаргі на Лукашэнку

Але бывала і так, што прыхільнікі Лукашэнкі скардзіліся на ягоныя ж акцыі. Вось якое паведамленне прыйшло 16 жніўня менскай міліцыі:

«Паведаміла, што распаўсюджваюць інфармацыю пра тое, што а 12.00 заклікаюць сабрацца на пл. Незалежнасці ў падтрыманне дзейнай улады. А 14.00 плануецца мітынг апазіцыі. Заяўнік мяркуе, што апазіцыя чыніць правакацыю, каб сутыкнуць грамадзянаў».

Данос. Скрын з сайту blackmap.org
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Але менавіта 16 жніўня на плошчы Незалежнасці ў Менску была акцыя прыхільнікаў Лукашэнкі. Праўда, акцыя ягоных праціўнікаў сабрала ў разы болей людзей.

«І ты, Брут»

Даведаўшыся пра з’яўленне мапы ад кіберпартызанаў, беларусы пайшлі глядзець, хто і на каго пісаў скаргі ў міліцыю. Часам яны бачылі сярод даносчыкаў знаёмыя прозвішчы. Напрыклад, Андрэй з Віцебшчыны наткнуўся ў спісе на мужа сваёй школьнай настаўніцы і знаёмага сям’і.

«Ну, я трохі здзіўлены быў, але ж гэты чалавек мне гадзіцца ў «бацькі» па ўзросце. Ніякіх ужо звышнегатыўных эмоцыяў у мяне не было. Тут хутчэй «і ты, Брут», – паведаміў ён у каментары «Белсату».

Паводле Андрэя, ён і раней ніякіх «кантактаў» з даносчыкам не меў, «вітаўся і ўсё, у прынцыпе».

«Жахае, што працуе ў дзіцячым садку»

А некаторыя нават знайшлі тых, хто скардзіўся на іх самых. Так, Яўген з Менску даведаўся, што 13 верасня на яго напісала заяву выхавальніца дзіцячага садка, з якой ён нават не быў знаёмы. Прычына – нацыянальны сцяг на балконе.

«Жахае хутчэй, што яна працуе ў дзіцячым садку выхавальніцай, і яны там арганізуюць фоткі дзяцей з гранатамі да 9 траўня, аб’яднанне з РФ і народнае адзінства», – кажа ён у размове з карэспандэнтам «Белсату».

Данос. Скрын з сайту blackmap.org

Разам з тым, кажа Яўген, машына МНС прыехала да яго здымаць сцяг толькі ў снежні. Гэта быў ужо трэці пратакол для Яўгена, які скончыўся штрафам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Адчуванне дзіўнае. Магу зразумець людзей, якія пісалі даносы на суседзяў, каб іх пакой у камуналцы атрымаць. А тут – задарма», – адзначае ён.

Кіберпартызаны адзначаюць, што гэта першая частка даносчыкаў, з імёнамі якіх яны плануюць азнаёміць беларусаў. Праўда, калі з’явяцца наступныя кавалкі базы, пакуль не паведамляюць.

Агулам, як адзначылі кіберпартызаны ў каментары «Белсату», яны маюць базу з 26 млн тэлефанаванняў – з 2011 года да лета 2021-га. І «нават цяжка ўявіць», колькі даносаў у выніку будзе.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў